Тым самым днём, за вячэрай, я паведаміў сваёй сямьі, што здарылася. Мая цётка Люба проста скамянела. Яна сказала, што я не змагу пазьбегнуць уступленьня ў камсамол, а той факт, што Базыль Рагуля — мой дзядзька, скончыцца для мяне непрыемнасьцямі. Я на гэна заўважыў, што яны ўжо ведаюць пра нашае сваяцтва, і выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што Базыль яшчэ тутака. Я дадаў, што ведаю пра кампартыю шмат дрэнных рэчаў і што ніколі не ўступлю ў яе. Позна вечарам прыйшоў мой дзядзька Базыль, і я распавёў яму пра свае клопаты. Дзядзька падкрэсьліў, што я не павінны ўступаць ў партыю, бо, калі я зраблю гэта, то аддамся ў рукі сыстэмы, ад якой ужо ня здолею адкараскацца. Рашэньне было прынятае, і цяпер стаяла пытаньне, як адзьцягнуць размову зь Мішам і як адмовіць яму.

Жыцьцё тым часам працягвалася, і я нейкім чынам зрабіўся абыякавым да падзеяў, што адбываліся наўкола. Я рыбачыў, а калі ў лістападзе выпаў сьнег, катаўся на лыжах у лесе непадалёк. Мне падабалася назіраць за жывёламі, і я ніколі не забіў нічога большага за зайца. Нягледзячы на армейскую падрыхтоўку, я ня быў добрым стралком. Аднойчы я забіў зайца і ня мог нават знайсьці ранку. Я прынес яго дадому, і мае пачалі кпіць зь мяне, што заяц памер ад страху, калі пачуў стрэл. Але я ня надта захапляўся паляваньнем. Мне больш падабалася хадзіць на лыжах, бавіць час на самоце, калі я мог упарадкаваць свае думкі.

Памятаю, як мой дзядзька сказаў, што мы не заўсёды атрымліваем тое, на што спадзяемся, і што Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка не была беларускай, а толькі новым набыткам Савецкага Саюза. Калі мы былі пад польскай акупацыяй, то змагаліся за тое, каб захаваць свае школы, сваю мову й сваю культуру. Але мы адкрыта размаўлялі па-беларуску, чыталі беларускія кнігі й, да 1932 году, нават мелі штотыднёвае перыядычнае выданьне. Мы друкавалі й перавыдавалі кнігі сваіх знакамітых паэтаў і пісьменьнікаў, у тым ліку Янкі Купалы й Якуба Коласа. Але жыцьцё пад саветамі аказалася ня тым, чаго чакалі людзі. Замест вызваленьня саветы прынесьлі новую хвалю тэрора, русіфікацыю, матэрыяльны заняпад і нечуваны зьдзек з боку партыі й КГБ.

Нарэсьце надышоў час даць адказ на прапанову стаць камсамольцам. Аднойчы да мяне прыйшоў намесьнік дырэктара, каб абмеркаваць са мною курс нямецкай мовы. Я паскардзіўся, што мне цяжка вучыць дзяцей бяз кніг і іншых дыдактычных матэрыялаў. Намесьнік паабяцаў дапамагчы. Потым ён дадаў, што ніколі ня меў магчымасьці пагаварыць са мной пра маё мінулае й што ён, увогуле, хацеў бы даведацца пра мяне крыху больш. Ён сказаў, што чуў, што я быў ваеннапалонным у Германіі, і пацікавіўся, як я здолеў вярнуцца ў Беларусь. Я адказаў, што гэна ўсё старыя й непрыемныя ўспаміны, і я не лічу, што яны такія ўжо цікавыя. Я распавёў, што чуў, быццам у Беларусі йзноў адчыніліся школы, да таго ж я хацеў вывучаць медыцыну й таму сплянаваў уцёкі. Намесьнік спытаўся, ці былі ў мяне цяжкасьці зь пераходам мяжы. Я адказаў, што не, бо нямецкія патрулі знаходзіліся далёка, а потым я накіраваўся ў Беласток і там сеў у цягнік на Наваградак. Намесьнік зьдзівіўся, што саветы не спынілі мяне для кантролю й не арыштавалі мяне. Я зманіў, што ня думаў, што ваеннапалоннаму трэба нечага баяцца. Я скончыў словамі пра тое, што Нямеччына ўжо ў мінулым, што я нарэсьце дамогся свабоды й цяпер хацеў бы спакойна працаваць у школе. Намесьнік хацеў дазнацца, ці паведаміў я пра свае ўцёкі ўладам. Я адказаў, што хадзіў у гарадзкую адміністрацыю ў Наваградку. Натуральна, я не ўзгадаў Абрамовіч. Некаторы час панавала цішыня, бо намесьнік, відаць, чакаў яшчэ нейкіх прызнаньняў ад мяне. Маё сэрца пачало моцна біцца. Я стараўся не выдаваць сваёй трывогі, але мне здавалася, што рэчы сьціскаюцца вакол мяне. Я ўжо чуў, што парушальнікаў мяжы адпраўляюць у лягеры на тры гады, згодна са 120 артыкулам. Потым намесьнік дырэктара павярнуўся да мяне й спытаўся, ці прыняў я рашэньне наконт камсамолу. Я адказаў, што мне яшчэ патрэбна крыху часу, каб вывучыць гісторыю Камуністычнай партыі й ведаць тыя рэчы, якія ён ужо ведаў. Я дадаў, што не хачу быць навабранцам, які нічога ня ведае пра гісторыю Кампартыі й ейную дзейнасьць у Савецкім Саюзе. Намесьнік адказаў не адразу. Ён заявіў, што разумее мяне, але ягоны голас гучаў ня надта пераканаўча. Я быў упэўнены, што намесьнік гэбіст і што ён яшчэ будзе абмяркоўвацю маю будучыню ў пэўнай установе.

Дома я ўсім расказаў, што адбылося, і павісла маўчаньне. Цётка Люба, якая ўсхвалявалася больш за ўсіх, параіла мне пакінуць Любчу й пайсьці туды, дзе мяне ніхто ня ведае. Але я падумаў, што калі я гэта зраблю, будзе выдаваць на тое, што я вінаваты ў нечым і спрабую пазьбегчы расплаты за грахі, хаця на самой справе ніколі іх не ўчыняў. Я вырашыў застацца, што аказалася няўдалым рашэньнем, і працягваў працаваць настаўнікам, займацца з вучнямі спортам, у першую чаргу лыжамі.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги