Яшчэ Вацлаў падумаў, што нямецкія салдаты загінуць, і ход часу няўмольна парушыцца. Мажліва зменіцца гісторыя.
Як усё абсурдна атрымалася. Лутцэ чакаў.
– Вось там тэхніка, – сказаў сяржант і паказаў за плечы. Групенфюрэр прынік да бінокля.
– Што з намі будзе? – ціха спытала Святлана.
– Хана, – уздыхнуў Кравец. Потым шчыльней накрыў маскхалатам плечы. Існавала тэарэтычная верагоднасць выжыць пасля бамбардзіроўкі. Тканіна маскхалата была разлічана некалькі секунд вытрымліваць даволі высокую тэмпературу. Але як уратавацца ад аскепкаў? Хіба толькі Бог умяшаецца ў падзеі і ўратуе ад немінучай смерці.
Відарыс у біноклі вельмі ўразіў Дэніса Лутцэ. Ён убачыў могілкі ваеннай тэхнікі, прымененай у час ліквідацыі аварыі на энергаблоку. Дзесяцігоддзі пад адкрытым небам, пад дажджом, снегам, летняй спёкай пераўтварылі бэтээры, бээмпэшкі, трактары, верталёты і мноства звычайных аўтамабіляў у несусветнае іржавае ламачча. Рэшткі мёртвай цывілізацыі займалі вялікую тэрыторыю.
Лутцэ доўга не мог адарвацца ад жахлівага відовішча.
– Вайна? – спытаў ён. – Вайна не скончылася? Гэта германская тэхніка? Зільге, здаецца я пачынаю вам верыць наконт анамалій і калідораў ў іншы час.
– Вайна ніколі не канчаецца, – прамовіў Вацлаў, разабраўшы некалькі нямецкіх слоў групенфюрэра. З цыліндра пачуўся ўзбуджаны лямант доктара.
– Вы толькі паглядзіцена гэта, Дэніс! – ён выкараскаўся з нетраў апарата. – Я ўпэўнены, ваш партызан прыбыў у наш час з дапамогай вось гэтай машыны.
Групенфюрэр падыйшоў да Зільге.
– Праўда? – спытала Святлана.
Вацлаў адмоўна пахістаў галавой. У небе пачулася далёкае хутканарастаючае гудзенне. Яно набліжалася.
– “База”, это “Шторм”. Мы над целью, – паведаміў камандзір звяна.
У пілоцкай кабіне міргацелі агні прыбораў. На індыкатары лабавога шкла высвечвалася вышыня і хуткасць, змяняліся лічбы адлегласці да мэты.
– “Шторм”, это “База”. Атакуйте!
– Вас понял. Начинаю работать.
Рыскі варыометра на прыборнай панэлі павольна гайдануліся, штурмавік зніжаўся і заходзіў на атаку.
– Наблюдаю метку захвата… Пуск произвёл! Ракета аддзялілася ад корпуса самалёта і рынулася пачварай да зямлі.
Дэніс Лутцэ, назіраўшы за ўсім у бінокль, зароў панямецку каманды і кінуўся бегчы. Салдаты пападалі на глебу, паабхаплівалі галовы рукамі. Доктар Зільге так і застаўся стаяць з раскрытым ад здзіўлення ротам.
– Бяжым, – закрычаў Кравец, хапаючы Святлану за руку. Далейшыя падзеі падаліся зачараваным сном. Кравец кінуўся ў бок лесу. Імгненне, другое, стопкадры на чорна-белай стужцы. Вацлаў спатыкнуўся і паляцеў тварам у нябачную раней рытвіну. Святлана ўпала следам. Рэфлекторнымі рухамі сяржант развярнуўся, накрыў сваім целам жанчыну і шчыльна захіснуўся маскхалатам.
Барвовы пухір узняўся над аб’ектам і, застагнаўшы, лопнуў металёвымі брызгамі. Уздыхнула глеба, і імгненная гарачыня спякла і выпарыла ўвесь пластык у аб’екце, скурожыла і парвала паверхню, пабіла шротам пераборкі, панэлі, электроннае начынне, пакінула пасля сябе аплаўлены каркас апарата.
– Это «Шторм-2». Подтверждаю уничтожение цели.
– Отличная работа, «Шторм». Возвращайтесь на точку. Самалёты зніклі гэтак жа хутка, як і з’явіліся. Пілоты заўважылі ў чыстым небе над энергаблокам маланкі. Аднаму лётчыку падалося, быццам унізе ідзе танкавая калона. Другі лётчык быў гатовы паклясціся, што бачыў шмат людзей на конях з шаблямі ў руках. Пагадзіцца паміж сабой яны не маглі, бо па паверхні зямлі сцяліўся кісельны туман, які перашкаджаў штосьці добра разгледзець, які, дарэчы, імгненна растаяў і адкрыў голую глебу без конікаў і танкаў. Пілоты сышліся ў думцы, што здань ім прымроілася з-за маланкавага бліку ў вачах і перагрузак.
А потым увушшу зазвінела цішыня.
Калі мінавала вечнасць, Кравец спрабаваў варухнуцца. Упэўніўшыся, што рукі-ногі цэлыя і нічога не баліць, Вацлаў расплюшчыў вочы і прыўзняўся над напалоханай Святланай.
“Жывы! – праляцела думка. – Божа, я жывы!”
Вацлаў удыхнуў на поўныя грудзі паветра і сеў на край рытвіны. Менавіта падзенне сюды іх уратавала. Сяржант пракашляўся ад дыму, скінуў з плеч маскхалат, які пасля атакі больш нагадваў ірваную старую анучу.
Сэрца цяжка тахкала.
– Усё, – сам сабе сказаў разведчык. – Пара мяняць прафесію.
Дым павольна рассмактваўся ў паветры. Апарат, невядома якім ліхам стаўшы прычынай разлому прасторычасу, пасля выбуху ракеты нагадваў шкілет іншапланетнай жывёліны. Ад нацыстаў не засталося следу.
Вацлаў адхіснуўся, калі Святлана дакранулася да яго. Уважліва глянуў на жанчыну, прыгадаў пацалунак у лесе, і нечаканая думка абдала яго жарам. Яна не зможа вярнуцца ў свой час! Прычына анамаліі знішчана выбухам.
Сяржант дапамог ёй устаць, сесці побач. Святлана не зводзіла з Краўца вачэй. Другі раз за апошнія гадзіны разведчык уратаваў яе жыццё.
– Дзякуй, – прашаптала яна і паўтарыла. – Дзякуй… Дык я пайду.
– Куды?
Ягоны тон быў лепшым доказам, што дарогі назад няма. І Святлана зразумела. Яе позірк шукаў вакол хоць нейкае падабенства таямнічага туману і не знаходзіў. Жанчына ўражана маўчала. Свядомасць адказвалася верыць, адмаўлялася прымаць рэчаіснасць.