– Але ж трэба здарыцца супадзенню. Каб на сваёй тэрыторыі, карабель ціха-мірна эвакуіравалі і забыліся б. Дык не. Апарат упаў у Зоне перад самым пачаткам міжнародных вучэнняў. Не маглі мы адмяніць іх дзеля пошуку аб’екта. Разумееш? Не маглі. Гэта выклікала б неймаверную буру і цікавасць амерыканскай разведкі, што зусім недапушчальна, бо апарат нашпігаваны звышсакрэтнымі распрацоўкамі, і, па-словах навукоўцаў, мог выпраменьваць антыгравітацыйнае поле. Ён таму і не разбіўся. Аўтаматыка выканала пасадку з прымяненнем узгаданага антыгравітацыйнага поля. Нідзе ў свеце няма падобнага карабля. Таму нельга нават уявіць, што наш апарат перахопяць у час вучэнняў натаўцы, знойдуць яго першымі. Вось у чым закавыка. Спадарожнікавая разведка паказала падзенне аб’екта на забруджанай тэрыторыі. Высылка самалётаў-разведчыкаў мала што дала на першых парах. Побач з апаратам аварыйны энергаблок і металалом могілак тэхнікі. Безвыходная сітуацыя і поўны цэйтнот. Да пачатку вучэнняў карабель каб і знайшлі, не змаглі б эвакуіраваць ні ў якім разе. Таму наверсе прынялі рашэнне знішчыць аб’ект ракетным ударам. Неабходна было абсалютна дакладнае навядзенне, каб у штабе былі непахісна ўпэўнены, што пілот разгрузіцца менавіта над сакрэтным аб’ектам. Не маглі ж мы заваліць ракетамі ўсю Зону, зразумела. Небяспека існавала страшэнная, побач рэактар. Раптам што, і зноў бы наш мірны атам уся Еўропа крыла б матам, – пажартаваў Стральцоў. – Ты знайшоў аб’ект, бартавая электроніка выявіла наяўнасць чалавека і ўключыла спыненыя раней сістэмы жыццезабеспячэння, на выпраменьванне якіх і навёўся знішчальнік. Адзін стрэл – адна мэта. Зразумеў, герой?

Вацлаў узяў свой кілішак, прыгубіў. Хоць каньяк аказаўся добрым, але Краўцу зрабілася агідна. Паўплывала пачутае.

– А навошта маскарад з тэрарыстамі?

– Гэта не маскарад. Тэрарысты насамрэч запланаваныя ў вучэннях, як запланавана і высадка варожага дэсанту, толькі ў іншым месцы, – генерал павагаўся. – У штабе вырашылі табе нічога не казаць пра карабель. Гэта не я вырашаў, павер. Такая ўстаноўка паступіла зверху – адправіць вопытнага разведчыка на заданне без залішніх тлумачэнняў. Так што, расказаўшы табе ўсё, я парушыў правілы.

– Глупства, – не змаўчаў сяржант.

– Не табе вырашаць! А падзенне шматтоннай аграмадзіны з космасу ў такое небяспечнае месца як Зона не глупства? Таму і засакрэчана, каб не вылезла чыясьці тупасць на паверхню.

Генерал сплюнуў і хлопнуў мясістай далонню па паліраванай паверхні стала.

– Карецей, сяржант. З табою пасля паразмаўляюць органы. Ведаеш сам якія. Хутчэй за ўсё дасі падпіску аб неразгалошанні. І дарэмна пакідаеш армію. Мо перадумаеш?

Кравец меў цвёрдыя намярэнні ў гэтым сэнсе.

– Ну, глядзі сам. Але ж з мяне падарунак, – паабяцаў генерал напрыканцы.

* * *

Калі Кравец выйшаў на вуліцу, у душы панавала пустэча.

Святлана выглядала з вакна машыны Вацлава. Усё вакол было дзіўным дзяўчыне. Заўважыўшы сяржанта, яна паматляла рукой. Кравец усміхнуўся ў адказ.

Маладыя байцы Карусь Яблонскі і Андрэй Шмялёў падмяталі плац перад штабам. Карусь раптам перастаў працаваць і ўтапоршчыўся ў Святлану.

– Прыгожая? – раўнуў над вухам сяржант. – Спадабалася?

Грузны Яблонскі спадхапіўся.

– Вінаваты, прабачце, таварыш сяржант!

– Працаваць далей. Двор павінен блішчэць як… – Кравец пашукаў адпаведнае параўнанне. – …Як попка немаўляці! Вярнуся, праверу.

Кравец пакрочыў да машыны, вымаючы на хаду ключы.

– Таварыш сяржант! – паклікаў Яблонскі.

– Што яшчэ? – Вацлаў павярнуўся да радавога.

– У мяне дэжавю.

– Схадзі ў санчасць.

– Не, я маю на ўвазе іншае. Я… – Карусь запнуўся. – Разумееце…

– Валяй смялей, – падбадзёрыў сяржант. – Я сёння добры. Ён чакаў, што яшчэ выдасць малады салдат, які не ўмеў падцягвацца на турніку падчас першага знаёмства. Яблонскі насупіўся.

– У нашай сям’і існуе легенда, як даўным-даўно майго дзядулю ўратаваў невядомы рускі салдат…

– І што? – у Вацлава прачнулася цікавасць.

– Ну… – марудзіў Карусь. – Ведаеце… Дзядуля быў зусім маладым, дакладней, малым хлапчуком. У сямейным бабуліным альбоме захавалася фатаграфія майго дзядулі, дзе ён побач з сястрой сваёй маці, з цёткай. І… Гэта сястра была перакладчыцай у немцаў, потым яна прапала бяз вестак… І…

– І?

– Асоба ў вашым аўтамабілі нібыта сышла з таго архіўнага сямейнага фотаздымка. Нават сукенкі ў іх аднолькавыя. Вось! – нарэшце выгаварыўся радавы.

З хвіліну Вацлаў стаяў моўчкі, узважваў пачутае, падзівіўся ў думках. Невытрымаў і разгагытаўся. Кравец розныя супадзенні бачыў ў жыцці, але такое…

Радавыя спачатку з полахам, а потым зацікаўлена глядзелі і не маглі сцяміць, чым выкліканы смех камандзіра. Вацлаў нарэшце супакоіўся, выцер слёзы.

– З вамі ніколі не здаралася, таварыш сяржант, што бачыш чалавека ўпершыню, і свідруе назойлівая думка, што ты з ім ужо даўно знаёмы? – не адступаўся Карусь.

– Не скажу, Яблонскі. Гэта найвялікшая таямніца.

– Чаму?

– Элементарна. У арміі ўсё сакрэтна, зразумеў? Працуй давай.

Перейти на страницу:

Похожие книги