Радавы паціснуў плячамі ўслед. Сяржант спыніўся каля машыны, падставіў твар да сонца. Эх, зараз бы ў Крым, на мора. Хопіць з яго арміі, тэрарыстаў, вайны і гітлераўскіх салдат. Жыццё насамрэч такое шчаслівае, калі выкінуць з яго ўсіх генералаў і ваенныя вучэнні.
Ужо за рулём, калі пакідалі тэрыторыю вайсковай часткі, у Вацлава ўзнікла неперадавальная ўпэўненасць – яго прыгоды толькі пачынаюцца. Зону нельга пакінуць, у яе можна толькі аднойчы ўвайсці. І галоўнае, раз дапамога звыш уратавала яго ў Зоне, мо тая самая дапамога выратуе ўвесь свет?
Студзень 2006
Скарпіёны Даўра
1
Садал-Суд. Закрытая для палётаў зона. Борт кантрабандысцкага карабля “Неркубус”
“Карабель “Зорка Родаса” – знік без вестак у 2249…”
“Разведшхуна “Адамант” – не вярнулася з гіперпрасторы…”
“Пасажырскі лайнер “Карона Арктура” – не выйшаў на сувязь у 2351. Не выяўлены”.
“Крэйсер “Крабатар” – пакінуў паўднёвыя прычалы Унук-эль-Хайя ў 2559. Больш нікім не сустракаўся”.
“Танкер “Прынцэса Кітана” – знік без вестак з двумя тысячамі тон бетаніна”.
Энцыклапедыя згубленых караблёў змяшчала больш сотні падобных запісаў. Практычна ўсе заканчваліся словамі “знік без вестак”, “не выйшаў на сувязь”, “не выяўлены”.
Зялёныя стужкі камп’ютарных сімвалаў паўзлі ўверх і вымушалі Машана нецярпліва барабаніць пальцамі, выбіваць марш на падлакотніках крэсла. У паўзмроку пілоцкай кабіны найбольшае святло выпраменьвалася пярэднім экранам. І тое, што красавалася на ім у дадзены момант, узрушвала і раздражняла адначасова.
Калі непрачытаных запісаў у даведніку засталося менш дзесяці, Машан прааналізаваў уласныя пачуцці.
Узрушанасць тлумачылася лёгка. Сярод кантрабандыстаў лічылася вялікім шацункам напаткаць карабель, які знік без вестак стагоддзі таму. Машану былі вядомы толькі два падобных выпадкі. Але… На экраны “Неркубуса” выпаўзла штосьці зусім невядомае. Раздражнёнасць Машана дасягнула апагея пад канец энцыклапедыі, калі стала зразумелым, што неапазнаны зоркалёт так і застанецца неапазнаным. Машан сціснуў зубы і глыбока ўздыхнуў.
Калі ў кабіну ўваліўся тоўсты Тата Менелай, пілот прамаўчаў. Ад Таты несла півам, і гэта яшчэ больш злавала Машана. Але ён стрымліваў эмоцыі, бо Тата быў капітанам, а “Неркубус” лічыўся адзіным жытлом не толькі Машану, а і ўсім астатнім членам каманды. Тата гучна рыгнуў і плюхнуўся ў другое крэсла.
– Пуста, – патлумачыў Машан, сутыкнуўшыся з нямым пытаннем на капітанскім твары. – Паводле абрысаў, пасудзіна трапілася даваенная. Прыкметы жыцця адсутнічаюць. Ахоўна-баявыя сістэмы невядомыя. Чужой электроннай актыўнасці “Неркубус” не фіксуе.
– Усё? – ускінуў бровы Тата Менелай і скасавурыўся на панэль. Перад прыняццем важнага рашэння ён заўжды хмурыўся. А важнае рашэнне магло быць адным – дэсантавацца на борт таямнічага карабля і вырашаць на месцы, ці вартая аўчына вырабкі. “Неркубус” ужо паўгода лётае ў халастую, без заказаў, рэсурсы амаль на нулі.
Тата нейкі час варушыў бровамі ў роздумах, пасля схіліўся да камлінка.
Маркіз трэніравалася ў стральбе, правярала зброю, прыдзірліва аглядала кожную дробязь. Выхапіўшы з кабуры на скураных штанах пульсмасавы станер “Беркут”, яна не цэлячыся ўсадзіла абойму у пластыкавую мішэнь. Грукатам заклала вушы. Калі Маркіз арудавала “Беркутам”, вакол уздыблівалася прастора. У экіпажы “Неркубуса” Маркіз лічылася лепшым байцом. Наймітка ўжывіла ў цела мноства імплантаў, адказваючых за рэакцыю, стан арганізма. Асобныя людзі задаваліся пытаннем, колькі чалавечага засталося ў менавіта гэтай жанчыне.
– Трапна страляеш, – заўважыў Машан.
– Ты назіраў роўна тры хвіліны і трыццаць восем секунд.
Машанаў твар набыў кіславатае адценне. Маркіз пачварна выскалілася і перазарадзіла “Беркут”.
– Думаеш, калі схаваўся за спіной, я не бачу?
Пілот абвёў яе позіркам.
– Хацелася б глянуць, дзе хаваецца трэцяе вока.
– Падабаешся ты мне за смеласць. Глядзі не нарвіся. А то…
Яна вытрымала шматзначную паўзу. Жартаваць з Маркіз было небяспечна, усе ведалі.
– А то што? – не вытрымаў Машан.
– Пакажу. Не дасі рады…
Пілот наблізіўся да шафы з арсеналам, адчыніў і доўга выбіраў зброю. Потым выцягнуў магутны станкавы паскаральнік “Арыя”, узважыў у руках.
– Ты пазбаўлены эстэтыкі, – зазначыла Маркіз. – “Арыяй” звычайна скрышаюць планеты.
Машан хацеў агрызнуцца наконт эстэтыкі, але змаўчаў. Да халеры эстэтыку, лупі чым хочацца – “Беркутам”, “Арыяй”. Вынікі пасля аднолькавыя – застаюцца пустата і атамнае смецце.