Рука Святланы марудна прыўзнялася і сама сабой лягла на далонь Вацлава. У вачах палонніцы з мінулага было столькі трывожнай мальбы, полаху перад невядомым і непадробнай надзеі, што сяржант не вытрымаў і адвярнуўся.
– Там жа мае суайчыннікі, сястра з дзіцем…
– Дзе – там?
– За туманамі…
– Няма там болей нічога. Усё ў мінулым. Плюнь і забудзь. Вайна скончылася.
У глыбіні душы Вацлаву было пагана.
“Колькі яшчэ сюрпрызаў чакаць ад Зоны?” – думаў ён і не сумняваўся, што, дзякуючы існаванню чацвёртага энергаблока, ён патрапіў адной нагой у мінулае, дзе запроста мог застацца.
Побач у лесе панавала цішыня. Узышло сонца, ранішнія прамяні лагодна песцілі мёртвую абпаленую глебу. Святлана плакала. Вацлаў абняў жанчыну за плечы і прытуліў да сябе.
– Ну-ну, не плач, – суцяшаў сяржант. – Колькі можна? Ты ж хочаш пабачыць будучыню, так? Хо, у нас тут весела, хадзем са мной, пакажу. У рэшце рэшт, гітлераўцаў і паліцаяў тут няма, абяцаю…
Яны ўсталі і пакрочылі да леса. Кравец абмяркоўваў, што схлусіць у штабе наконт Святланы. Пра экскурсію ў мінулае павераць хіба што ў дурдоме. А нічога хлусіць не трэба. Надакучыла армія. Ён успомніў пра вясковы домік пад сталіцай, дзе жылі бацькі, там запроста можна пасяліць Святлану. Вось толькі легенду ёй прыдумаць ладную.
У далёкім 1943 годзе штандартэнфюрэр Отта Кройц, чарговы раз нажлукціўшыся шнапсу, сядзеў з перавязанай галавой і пісаў даклад, у якім адзначаў небывалую актыўнасць партызан і прапажу без вестак высокапастаўленых асоб СС і групы салдат.
Гітлераўскага палкоўніка ўсё больш ахаплялі сумненні ў перамозе Германіі. Сербанём мы ліха, штодзень упэўніваўся Кройц, ужо сербанулі.
Кабінет генерала Стральцова быў наскрозь прасычаны ўдушлівым дымам. Генерал меў слабінку – любіў тоўстыя, з коньскую галёнку, сігары. Зараз ён сядзеў, ахутаны шызым воблакам і пыхцеў, абдумваў адказ сяржанту Вацлаву Краўцу.
На шыкоўным дубовым стале перад генералам ляжаў рапарт Краўца аб звальненні і шыльда з надпісам “Касмічныя войскі Расійскай Федэрацыі”, выдраная разведчыкам з аб’екту.
Генерал курыў, Вацлаў чакаў.
– Ты сур’ёзна? – пахмурна спытаў Стральцоў, дакрануўшыся да рапарта.
– Сур’ёзна, таварыш генерал.
– Шкада. Талковых разведчыкаў мала.
Генерал ізноў прыняўся смактаць сігару. Скрозь закратаванае вакно прабіваліся сонечныя прамяні, яны прасвечвалі дымавую завесу вакол генерала і збоку здавалася, што не афіцэр сядзіць у крэсле, а нейкае страшыдла са злавеснай мутнай аўрай.
Генерал гмыкнуў, потым устаў, адчыніў сейф і дастаў бутлю каньяку з двума кілішкамі. Разліў напой, падсунуў адну чарку Вацлаву і з шумным выдыхам сеў на месца.
– Хочаш тлумачэнняў, сынок?
Сяржант хістануў галавой.
– Давай спачатку вып’ем за удалае заканчэнне аперацыі.
Генерал са спрытам бывалага вайскоўца ўліў у горла напой, хукнуў у кулак і вярнуў чарку на стол.
– Нашы славянскія беды вось тут, – генерал пастукаў указальным пальцам сябе па ілбу. – Карацей, некалькі дзён таму Расія згубіла касмічны карабель. Эксперыментальная распрацоўка нейкага там сакрэтнага інстытута. Штуковінай кіравала аўтаматыка, з ёю і адбылася недарэчнасць – збой, перазагрузка сістэмы. Мы прывыклі ўсё спісваць на чалавечы фактар, а тут – дулю, аказалася, што памыляюцца нават робаты.
Вацлаў аж рот разявіў ад нечаканага пачатку размовы. Каб, падумайце хто, – генерал, і так запраста размаўляў са звычайным сяржантам!
Стральцоў нібыта прачытаў думкі Вацлава і ўсміхнуўся:
– Не перажывай, усё ўжо скончылася, шум улёгся. Ведаў бы ты, колькі галоў уратаваў сярод сакрэтнага кіраўніцтва, выявіўшы аб’ект! Табе палкоўніка самы час даваць, а ты, сяржант, страчыш рапарты аб звальненні. Ну, ладна, справа твая, працягваю далей. На бяду аб’ект зваліўся ў Зоне. Каб у Атлантыку або Ціхі акіян, – генерал махнуў магутнай рукой, – гора не ведалі б, канцы ў ваду і, як кажуць немцы, шпрэхен зі дойч…
Кравец уздрыгнуў.