Вялізныя складскія адсекі былі шчыльна наладаваныя рознага кшталту прадуктамі. З разліку, каб каманда з трыццаці чалавек з добрым апетытам не галадала, прынамсі, сем зямных гадоў. Аднак для прыгатавання баршчу поўнага набору прадуктаў на складах чамусьці не было. Добра, што хоць у «эліках» – элеватарных адсеках – адшукалася насенне буракоў. Калі вырашылі разбіць агарод, Марына прытаіла, што колькі градак пакінула акурат пад буракі. Ён жа зразумеў гэта пазней, калі ўбачыў бацвінне. Ад радасці нават падхапіў каханую на рукі, кружыўся з ёю і ў батлейкавым буянстве паўтараў: «Так, бацвіннікі мы! Так, баршчажэры!»

Зайшоўшы ў кухонны адсек, Ягор не прамінуў пацалаваць чараўніцу і прыгразіць кулаком хціваму кату. Апошні па-гаспадарску віўся побач і бесцырымонна зіркаў на людзей, не ўхваляючы іх пяшчот.

– Падлізнік, – адрываючыся ад вуснаў Ягора, незласліва буркнула Марына і наказала яму абдзімаць рукі ды сядаць за стол.

– І не аднойчы табе гэта даказаў. Але не стамлюся паўтараць. І сёначы таксама, – як той кот, завуркатаў мужчына.

Жанчына цыкнула, наўмысля няўхвальна пакруціла галавой і, заружавеўшы, узялася за талеркі.

Абедалі яны звычайна тут жа, на кухні, седзячы з краю доўгага стала, разлічанага на вялікую каманду. Не разумелі, праўда, як меркаваныя трыццаць чалавек маглі б тут змясціцца. Толькі ў святочныя дні стол накрываўся ў кают-кампаніі. І хоць Ягор абвясціў з’яўленне баршчу ў іх меню святам, пераносіць абед у іншае памяшканне ўстрымаліся. Еў ён з вялізным апетытам. Марына крадком назірала, як ззяе ад задавальнення яго твар. У нейкі момант ёй здалося, што з усіх эмацыйных адценняў, якімі адгукалася аблічча каханага, можна скласці цэлую сімфонію.

Яго задавальненне было шчырым. Так, гэты боршч шмат чым адрозніваўся ад тых баршчоў, якія пашчасціла пакаштаваць яшчэ на Зямлі. Зямлянін цудоўна ведаў, што вада згенераваная, што мяса часткова з кансерваў, часткова соевае, што смятана з парашку, а гародніна, хоць і свая, але вырасла за сотні мільёнаў кіламетраў ад натуральнага для сябе асяроддзя. Але прыўзнятасці настрою нічога з гэтага не падбівала. «Damn fine borscht!»

Ягор міжволі ўспамінаў адзіны няпоўны зямны год, калі яны з Марынай часта жылі разам. Баршчоў, якімі частавала яго каханая, забыць было папросту немагчыма. Падзякаваўшы, ён нагадаў ёй пра той час і пра тыя баршчы. Яна памятала. Яна ўсё памятала. Можа, і хацела ў бясчассі, якое пачалося на ірландскіх сунічных палях, шмат чаго забыць, выкрасліць з памяці. Але ж яно нікуды не знікла. Абтаптанае і адштурхнутае, захоўвалася ў аддаленых кутках лабірынта яе душы. Захоўвалася, каб у спрыяльных умовах вярнуцца і расквітнець.

Пасля таго, як Ягор і Марына засталіся на Марсе толькі ўдваіх, пасля таго, як Марына змагла пераацаніць становішча, старое пачуццё ўспыхнула наноў і, насуперак нядаўнім забабонам, здолела зайграць неймаверна яркімі фарбамі. Колькі яны потым ні думалі, колькі ні абмяркоўвалі ўвесь цуг падзей, выснова атрымлівалася адна: гэтае вяртанне магло адбыцца толькі тут і толькі ў выніку таго пагібельнага збегу абставін, які вырашыў, каму жыць, а каму паміраць. Руткоўскі, праўда, па-ранейшаму лічыў гэта наканаванасцю, але не хацеў навязваць каханай путы свайго меркавання. Зрэшты, тут для іх не існавала забароненых тэм. І калі з вуснаў мілай Гваздулькі вырываліся фразы накшталт «як казаў Марку» або «мы з мужам у Марсэлі палюбілі адну кавярню», пан Руткенберг не крывіў твар, не ўсчынаў сваркі, не прасіў пазбавіць яго падобных згадак. Разам з тым, Марына так і не змагла закрыць адно пытанне, якое даймала Ягора столькі гадоў…

– Я вось аднаго не магу ўцяміць: чаму сярод прыпасаў няма кансерваваных ці сушаных буракоў, – пасля абеду абураўся Руткоўскі, пацягваючы вітамінную сумесь.

– А чым табе свежыя не падабаюцца?

– Ды ўсім падабаюцца. І дзякуй табе яшчэ раз, маё сонейка, – прэтэнзій да каханай ён не меў. – Але мне цяжка спасцігнуць логіку арганізатараў палёту. Калі мне сказалі, што я прайшоў адбор, то далі цэлы стос паперак. Добра помню, што ў адной былі пытанні пра гастранамічныя ўпадабанні. Я напісаў, што люблю боршч. Яны там увогуле чыталі гэтыя анкеты? Ці пхалі ўсё ў харчовыя адсекі наўздагад?

– Слухай, з гэтым адборам столькі ўсяго дзіўнага, што я не разумею, чаму ты дагэтуль загуды даеш, – Марына не прасяклася яго клопатам. – Абураешся, што не паклалі на склад буракоў, але спакойна ставішся да таго, што адбор ты прайшоў пад чужым прозвішчам, з прыдуманай біяграфіяй і фальшывай прафесіяй.

Ягор хацеў нешта сказаць, але замоўк на паўслове. Знадворку пачуўся прыглушаны грукат. Нешта з амаль дасканалым рытмам стукалася аб корпус аднаго з аддаленых адсекаў базы.

<p>3</p>
Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже