Руткоўскага ж амаль не хвалявала, адкуль ракета прыляцела. Яго ў здарэнні займалі дзве рэчы. Па-першае, ён заставаўся жывы, хаця пагібель была на адлегласці выпрастанай рукі. Гэта яшчэ больш умацоўвала веру ў наканаванасць – быццам ён не можа памерці, пакуль не верне Марыну ў свае абдымкі. Па-другое, не забываліся гісторыйкі Ядранкі. І Ягор, саслізгваючы ў містыку, міжволі звязваў здарэнне ў небе з працягам спраўджвання ліхога прароцтва. Зноўку ўспаміналася
У Гомелі ён
Калегам Ягор жартаўліва жаліўся, што праз няўчасны ўдар па галаве яму не пашчасціла падняць келіх за выдатна арганізаваную канферэнцыю і яе выкшталцоную тэму. Калегі з разуменнем справы («Ну, хто ж на канферэнцыях не куляў чарку!») пасмейваліся.
Радыё ўхілістым тонам тарабаніла пра імклівы рост колькасці зафіксаваных у свеце выпадкаў сіндрому татальнай адзіноты. Сярод буйных агмянёў новае немачы называліся як ужо добра вядомы ў звязку з ёй Сінгапур, так і некаторыя іншыя гарады планеты – Токіа, Дубай, Нью-Ёрк, Рыа-дэ-Жанейра. У паведамленні падкрэслівалася, што звесткі няпоўныя, што ўрады некаторых дзяржаў спрабуюць засакрэціць успышкі сіндрому на сваіх тэрыторыях.
Студэнткам Ягор гулліва раіў не запускаць вучобу, аддаючы належнае богу кахання ў меру. Студэнткі працягвалі хіхікаць і строіць вочкі. Тая, што байчэйшая, заявіла, маўляў, навуку кахання яна гартуе, чытаючы лаўрэацкую кнігу шаноўнага пана Руткоўскага.
– Гэта варыянт, – усміхаючыся, казаў ён. – Але не варта забывацца на класічныя творы старажытнаіндыйскіх аўтараў.
– Вы пра «Махабхарату» ці «Рамаяну»? – удакладніла байчэйшая.
– І пра іх таксама, – кіўнуў выкладчык, не трымаючы ўсмешку на шворцы.
Па радыё сказалі, што чарговы марсаход перадаў на Зямлю звесткі, якія маюць стаць сенсацыйнымі. Сцвярджалася, што гаворка можа ісці пра адкрыццё радыкальна новай хімічнай структуры, аналагаў якой на нашай планеце няма. Дыктар скептычна дадаў: «Галоўнае, каб гэтая хімічная структура добра ўпісалася ў патрэбы народнай гаспадаркі».
На закіды сябра з універсітэта транспарту Ягору ўжо і не было чым крыць. «Давай, калі я збольшага ачуняю, сходзім у які-небудзь бар. Пасядзім, пагамонім. Я табе пра адну харвацкую даследчыцу раскажу», – заспяшаўся ён утрымаць першынство, пакуль сябар не распачаў чарговы цыкл лекцый з серыі «Канфуцый для чайнікаў».
Радыё, стаміўшыся ад навін, пачало музычны марафон. Між песень «В Одессе мы пересеклись» і «Не шманай мне душу, краля» раптоўна загучалі знаёмыя акорды «Трох метраў над каханнем». Апошняе хоць і было для Ягора нечаканасцю (усё ж хваля папулярнасці спала), але не такой вялікай, якім стала тэлефанаванне ад бацькі.
З Ягоравых юнацкіх гадоў іх дачыненні былі вельмі нацягнутымі. А ўшчэнт сапсаваліся пазней, калі сын не здолеў прыехаць на пахаванне мамы. Ніякія тлумачэнні бацька тады і слухаць не стаў, дарма што віны на сыне не было. Сын спазніўся не праз абыякавасць ці расхлябанасць. Спазніўся праз павольныя цягнікі і нялётнае надвор’е для самалётаў. Але стары Руткоўскі зацята цвердзіў адно: «Каб сапраўды хацеў, дык не спазніўся б».
Пасля таго не размаўлялі і не бачыліся гадамі. Адзін у Гомелі, другі – у Асіповічах. І вось цяпер стары выйшаў на сувязь. Намагаўся быць стрыманым і не выдаваць хвалявання. Выходзіла так сабе. Тое, што ён пераймаўся за сына, разумелася адразу. «Ну, ты шчэ жывы, браток?» – спытаў бацька, укруціўшы свой даўні заўсёдны зваротак. І Ягора – упартага каменнага Ягора – прабіла на слязу. Сын супакоіў устрывожанасць старога, якому пра здарэнні
Назваць тэлефанаванне Іванкавіч неспадзяванкаю было б чыстым глупствам. Як толькі яна згадала ракету, Руткоўскі агаломшыў яе пытаннем:
– Ты што, пакахала мяне яшчэ больш?
– Ну, як… – сумелася жанчына. – Я проста думала, як ты там ляціш з хворай галавой. Шкадавала, што не паляцела разам. А чаму ты гэтым цікавішся?