Смутак апанаваў Надзею. Пэўна, ёсць доля праўды ў матчыных словах. Мусіць, трэба як мага хутчэй у некага закахацца, выйсці, як усе людзі, замуж. Але за каго выйсці? Во справы: паклоннікаў — хоць пазычай гэтым з муздрамы, а замуж выйсці няма за каго… Мо за міліцыянера Гарноську? I прозвішча ўзяць Надзея Паўлаўна Гарноська! Пацеха…
Жарт жартам, а трэба самой стаць іншай. Ну, больш сур’ёзнай, разважлівай, сталай. А таго Гарноську бачыць больш не жадае. Хай робіць перадачу хто-небудзь іншы — яна, па сутнасці, яшчэ і сцэнарыя не пісала. Гэта не яе тэма. А што Гарноська падумаць можа? Хай думае, што хоча! Ніякіх больш "гульняў"! Кропка! Зрэшты… ён — сумленны чалавек. Ну-у, і калі быць аб’ектыўнай, хлопец неблагі, з характарам. Не палез з заляцаннямі, як іншыя. I потым — кінуць з-за прынцыпу інстытут, пайсці на завод… На такое не кожны здольны. Яна то сама змагла б? Пэўна, не змагла б… А ён на юрфак завочна збіраецца… Такі ўмее дамагацца свайго…
Не, яна перабольшвае яго вартасці. Нічога ў ім незвычайнага няма. Ідыётка! Думала, кінецца, а ён мусіць, узяў ды раскусіў яе. I правільна зрабіў!
Але цікава, чаму ён тады збянтэжыўся? Чаму згадзіўся пайсці ў кіно? Не-е, мусіць, не толькі дзеля прыстойнасці згадзіўся, так прыбраўся… Не-е, тут ёсць нейкая закавыка!
У Надзеіну душу ўсяліўся неспакой. 3 ёй рабілася штось незразумелае: то навальвалася беспрычынная туга, якая невядома чаму даводзіла да роспачы, то падкочвала нешта неасэнсавана смутнае, трывожнае, штосьці рупіла — і здавалася, што так доўга і марудна ніколі не цягнуўся ні адзін яе вясковы адпачынак. I хваляванні, каб не правароніць Кібрысаў суд, адпалі (атрымала пісьмо са студыі: не хвалюйся, запасайся грыбамі, суд пачнецца праз месяцы два), і надвор’е амаль летняе — можна нават загараць, а штось не хочацца, нават па грыбы стала хадзіць без былога імпэту. Захацелася ў горад. Хаця… Хаця дзе можа быць лепей, чым у роднай хаце, з кім можа быць лепш, чым з роднай маці?! Нідзе не можа адчуваць сябе так чалавек, як у родных мясцінах, дзе так усё знаёма і так незнаёма, бо кожны раз, з кожным прыездам нібы адкрываеш нанова розныя драбніцы, бо кожны раз гэтыя няхітрыя дробязі навяваюць успаміны аб далёкім і такім блізкім дзяцінстве… Якое гэта шчасце мець сваю мясціну, адзіную, самую лепшую, самую блізкую, якая заўсёды чакае цябе, куды ты ў любы момант можаш прыехаць, каб адпачыць стомленай душой у родным доме, на сцяжынках, дзе цябе ведае кожны каменьчык, кожная пясчынка! О, як, пэўна, адчуваюць сябе абкрадзенымі тыя, у каго няма свайго роднага куточка! Узнятыя бурным дынамічным векам і асуджаныя на бясконцыя пераезды і вандраванні, людзі нараджаюць дзяцей, і калі дзеці падрастаюць, ім нічога не кажа назва населенага пункта, якая запісана ў іх пасведчанні аб нараджэнні, потым у пашпарце. Іншы раз яны і не ведаюць, дзе той населены пункт. Іх там ніхто не чакае, яны ніколі не могуць вярнуцца ў сваё дзяцінства, у дом, з якім звязаны першыя ўспаміны. Парваны ніткі, месца нараджэння носіць чыста фармальны характар…
Чым менш дзён заставалася да Надзеінага ад’езду, тым большы смутак быў прыкметны ў вачах маці. Напярэдадні расстання Алену Іванаўну заўсёды адольвае трывога за дачку. Ёй усё здаецца — з Надзеяй абавязкова здарыцца нешта нядобрае. Ды яшчэ гэтыя дрэнныя сны, якія чамусьці прыходзяць напярэдадні ад’езду дачкі. Гэта ў яе з таго часу, калі, апроч Надзеі не засталося нікога. А яшчэ былі старэйшы сын Лёнік, бацька. Дзесяць гадоў назад. Тады па латарэі выйгралі матацыкл. То шчасце і дзіва было! Лёнік два дні вучыўся ездзіць, потым ганяў, як шалёны, па вёсцы, вазіў дзяўчат і хлопцаў. У суботу старому спатрэбілася нечага ў суседнюю вёску, і Лёнік, як на тую бяду, узяўся звазіць. Разагнаўся, зляцеў з дарогі, якраз была крушня… Бацька загінуў адразу, Лёнік праз тры дні ў бальніцы памёр…
Надзея да дробязей уяўляе сваё расстанне з маці. Алена Іванаўна абавязкова пойдзе аж да бальшака, які пралёг за кіламетры тры ад вёскі. Яна будзе старацца ўзяць самы цяжкі клунак, затым заклапочана і маўкліва чакаць аўтобус, які звычайна альбо спазняецца, альбо прыходзіць раней, будзе цяжка ўздыхаць, думаючы сваю невясёлую думу, раз-пораз адварочвацца і краем хусцінкі ўціраць набеглую слязу, спрабаваць усміхацца: маўляў, усё добра… Калі падыдзе аўтобус, таропка пацалуе дачку, яшчэ раз напомніць, каб не забыла напісаць, як даедзе. Надзея борздзенька ўскочыць у адчыненыя дзверы, а маці, не зважаючы ні на што, будзе махаць і махаць рукою, пакуль аўтобус не схаваецца за паваротам, і нават пасля гэтага доўга будзе стаяць на ўзбочыне дарогі яе самотная прыгорбленая постаць. Аж да самага райцэнтра, дзе трэба рабіць перасадку, на душы ў Надзеі будзе тужліва-тужліва…
8