Ніхто не мог сказаць ні слова ад здзіўлення. Як! На гэтым астраўку, пасярэдзіне Ціхага акіяна, жывуць тры чалавекі, якія засталіся жывымі пасля крушэння, тры англічаніны! І кожны, успамінаючы падзеі мінулай ночы, думаў аб голасе, які пачулі Роберт і Мэры!
Кожны са страхам думаў аб тым, як перажывуць няшчасныя дзеці яшчэ адно страшнае расчараванне? Ці хопіць у іх сілы, каб змірыцца з гэтым апошнім ударам. Але як спыніць іх? Гленарван не адважваўся на гэта.
— Хутчэй лодку! — сказаў ён.
У адзін момант шлюпку спусцілі на ваду. Дзеці капітана Гранта, Гленарван, Джон Мангльс і Паганель селі ў яе, і яна адчаліла. Моцныя ўзмахі шасці вёсел хутка адносілі лодку ад яхты.
За дзесяць сажняў ад берагу Мэры прарэзліва крыкнула:
— Мой бацька!..
На беразе між двух іншых людзей стаяў высокі і дужы чалавек, добры і адначасова мужны твар якога быў надзвычай падобны на твар Мэры і Роберта Грант.
Сапраўды, гэта быў той самы чалавек, якога так часта апісвалі дзеці сваім сябрам. Прадчуванне не ашукала іх. Гэта быў іх бацька, гэта быў капітан Грант!
Капітан, пачуўшы крык Мэры, упаў, як падстрэлены, на пясок.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Востраў Табор
Ад радасці не паміраюць, таму бацька і двое дзяцей прышлі ў прытомнасць, раней чым іх перавезлі на яхту. Увесь экіпаж плакаў, пазіраючы, як гэтыя трое застылі ў абдымках.
Гары Грант дрыжачым ад хвалявання голасам шчыра дзякаваў Гленарвану і ўсяму экіпажу за сваё выратаванне.
За час пераезду на яхту дзеці паспелі расказаць яму пра ўсе прыгоды «Дункана».
У якім неаплатным даўгу ён знаходзіўся ў гэтай мужнай жанчыны, у яе мужа і іх сяброў. Пачынаючы з самога Гленарвана і канчаючы апошнім з матросаў, усе, як адзін, змагаліся і пакутвалі, каб выратаваць яго. Гары Грант выказаў пачуцці, якімі поўна было яго сэрца, так проста і ласкава, яго змораны твар свяціўся такім праўдзівым, такім чыстым хваляваннем, што ўсе адчувалі сябе поўнасцю ўзнагароджанымі за перажытыя пакуты.
Стрыманы маёр і той употай выціраў слёзы, якіх ён не меў сілы стрымаць. Што да Паганеля, дык ён і не імкнуўся хаваць сваіх слёз: ён плакаў, як дзіця.
Гары Грант не мог наглядзецца на дачку. Ён знаходзіў яе прыгожай, чароўнай.
Ён паўтараў ёй гэта бясконца, просячы Элен быць за сведку, каб пераканацца, што бацькаўскія пачуцці не ашукваюць яго.
Ён з захапленнем пазіраў на свайго сына.
— Як ён вырас! Ды ён сапраўдны мужчына! — узрушана ўсклікаў ён.
І ён бясконца цалаваў сваіх дзяцей.
Роберт па чарзе пазнаёміў яго са сваімі сябрамі, для кожнага знаходзячы новыя пахвалы. Усе яны былі аднолькава добрыя з няшчаснымі дзяцьмі. Калі чарга дайшла да Джона Мангльса, малады капітан пачырванеў, таксама як і маладая дзяўчына, і яго голас дрыжэў, калі ён адказваў бацьку Мэры Грант.
Элен ва ўсіх дэталях расказвала капітану Гранту гісторыю іх падарожжа, і сэрца бацькі напоўнілася гордасцю за сваіх дзяцей.
Гары Грант даведаўся пра геройскія ўчынкі свайго сына, пра тое, што ён ужо заплаціў частку доўга бацькі.
Потым Джон Мангльс гаварыў аб Мэры такімі словамі, што Гары, які ўжо аб усім здагадаўся з некалькіх слоў Элен, узяў мужную руку маладога капітана, злучыў яе з рукой сваёй дачкі і звярнуўся да Гленарвана і яго жонкі са словамі:
— Сябры мае, павіншуйце гэтых дзяцей!
Калі аб усім перагаварылі ўжо тысячу разоў, Гленарван расказаў капітану Гранту аб Айртоне.
Грант пацвердзіў усё, што сказаў Айртон.
— Гэта разумны і адважны чалавек, якога шал штурхануў на злачынства. Можа адзінота і пакаянне вернуць яго на правільны шлях.
Але перш, чым перавезлі Айртона на востраў Марыя-Терэзія, Гары Грант захацеў прыняць там сваіх новых сяброў. Ён запрасіў іх наведаць яго драўляную хаціну і пасядзець за сталом акіянскага Рабінзона.
Гленарван і яго таварышы ахвотна прынялі запрашэнне. Роберт і Мэры аж гарэлі ад жадання ўбачыць месца, дзе так доўга пакутваў іх бацька.
Зноў падрыхтавалі шлюпку, і бацька са сваімі двума дзяцьмі, Гленарван з жонкай, маёр, Джон Мангльс і Паганель высадзіліся на бераг вострава.
Досыць было некалькі гадзін, каб агледзець усе ўладанні Гары Гранта. Уласна кажучы, востраў быў не чым іншым, як вяршыняй падводнай гары. У эпоху ўтварэння зямной кары гэтая гара, паднялася з вады Ціхага акіяна. Але з цягам стагоддзяў вулкан стаў звычайнай гарой. Потым тут утварыўся чарназём, з’явілася расліннасць, кіталовы пакінулі тут некалькі хатніх жывёл, коз і кабаноў, якія распладзіліся і зрабіліся дзікімі.
Такім чынам усе тры царствы прыроды: мінеральнае, расліннае і жывёльнае працвіталі на гэтым закінутым сярод Ціхага акіяна астраўку.
Як толькі там апынуліся людзі з «Брытаніі», чалавечая рука прышла на дапамогу прыродзе. За два з паловай гады Гары Грант і два яго матросы зусім змянілі выгляд вострава. Добра апрацаваная зямля пачала даваць высокія ўраджаі.