— Дарагі мой Джон,— адказаў Гленарван,— мы пакідаем на барту «Дункава» пасажырак, гэта значыць самае дарагое, што ў нас ёсць на свеце! Каму-ж мы можам даручыць іх, як не адданаму капітану «Дункана»!
— Значыць, мы не зможам ісці з вамі? — запытала Элен, вочы якой раптам сталі сумнымі.
— Мілая Элен,— адказаў Гленарван.— Наша разлука будзе зусім кароткай...
— Разумею,— сказала Элен.— Едзьце і дабіцеся поспеху?
— Заўважце, што нашу паездку нават нельга назваць падарожжам,— сказаў Паганель.
— А як-жа вы яе назавіцё?
— Гэта невялікая экскурсія. Мы праедзем цераз мацярык, як людзі ездзяць, скажам, з Эдынбурга ў Глазго.
Гэтымі словамі Паганеля скончыліся спрэчкі, калі можна так назваць гутарку, усе ўдзельнікі якой трымаюцца адной думкі.
Падрыхтаванні да экспедыцыі пачаліся ў той-жа дзень. Іх, між іншым, трымалі ў строгім сакрэце, каб не выклікаць падазрэння ў індзейцаў.
Ад’езд быў прызначаны на 14 кастрычніка. Калі падышоў час выбраць трох матросаў для ўдзелу ў экспедыцыі, увесь экіпаж прапанаваў свае паслугі, і Гленарвану цяжка было выбіраць. Каб не пакрыўдзіць нікога, ён рашыў даць выбраць выпадку. Выбар выпаў на долю памочніка капітана Тома Аусціна, Вільсона, здаравеннага хлапца, і Мюльрэдзі, які не спалохаўся-б прыняць выклік ад любога чэмпіёна бокса.
Гленарван з найвялікшай энергіяй рыхтаваўся да ад’езду. Ён вельмі хацеў выехаць у вызначаны тэрмін. Пакуль рыхтаваліся да ад’езду сухапутнай экспедыцыі, Джон Мангльс папаўняў запасы вугалю. Ён хацеў зняцца з якара ў адзін дзень з атрадам, каб раней Гленарвана прыплысці к аргентынскаму берагу. Адсюль пачалося сапраўднае спаборніцтва між начальнікам атрада і капітанам яхты, спаборніцтва, ад якога выйгралі і яхта і экспедыцыя.
14 кастрычніка ў вызначаную гадзіну ўсе былі гатовы. За некалькі хвілін да развітання ўсе пасажыры «Дункана» сабраліся ў кают-кампаніі. Джон Мангльс загадаў ужо развесці пару, і корпус яхты дрыжэў ад работы магутнай машыны. Гленарван, Паганель, Мак-Набс, Роберт Грант, Том Аусцін, Вільсон і Мюльрэдзі, узброеныя дальнебойнымі карабінамі і рэвальверамі Кольта, рыхтаваліся пакінуць яхту. Правацнікі і мулы ўжо чакалі іх на ўзбярэжжы.
— Пара! — сказаў урэшце Гленарван.
— Шчаслівай дарогі! — адказала Элен, ледзь стрымліваючы хваляванне.
Гленарван прыціснуў яе да грудзей, у той час як Роберт кінуўся на шыю Мэры.
— А цяпер, дарагія мае,—сказаў Паганель,— паціснем адзін аднаму руку так моцка, каб хапіла да самай сустрэчы каля берагоў Атлантыкі!
Паганель дамагаўся немагчымага. Аднак некаторыя з развітальных абдымкаў, бадай, адпавядалі патрабаванню паважанага вучонага. Усе вышлі на палубу, і сем удзельнікаў экспедыцыі пакінулі яхту. Хутка шлюпка даставіла іх на бераг, які знаходзіўся ў поўкабельтове[21] адлегласці.
Элен у апошні раз крыкнула:
— Шчаслівай дарогі і поспеху, сябры!
— Поспеху мы даб'емся, абяцаю вам! — адказаў з берагу Паганель.
— Поўны ход наперад! — загадаў Джон Мангльс механіку.
— Наперад! — адказаў яму з берагу Гленарван.
І ў тую секунду, калі коннікі прышпорылі сваіх мулаў, «Дункан» крануўся ў дарогу, успеньваючы хвалі ўдарамі вінта.
РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ
Цераз Чылі
Гленарван наняў групу праваднікоў — трох мужчын і аднаго хлопчыка. Старшым сярод іх быў англічанін, які пражыў у гэтай мясцовасні больш дваццаці гадоў. Ён аддаваў мулаў на часовае карыстанне падарожнікам і сам служыў у гэтых падарожнікаў за правадніка ў пераходах цераз кардыльерскія перавалы. Спусціўшыся з гор, ён перадаваў падарожнікаў аргентынскім праваднікам — бакеано, якія добра ведалі ўсе дарогі ў пампасах.
Англічанін, не гледзячы на тое, што ён увесь апошні час быў у асяроддзі індзейцаў, не забыў яшчэ сваёй роднай мовы. Гэта значна дапамагло начальніку атрада, Гленарвану, аддаваць усякія распараджэнні, бо іспанскай мовы Паганеля пакуль што яшчэ не разумелі тубыльцы. Правадніку-англічаніну, па мясцовай тэрміналогіі «катапацу» дапамагалі два пеоны-тубыльцы і хлопчык гадоў дванаццаці. Пеоны сачылі за муламі, якія неслі паклажу экспедыцыі, а. хлопчык вёў за повад важака каравана мулаў — мадрылу — нізкарослага коніка з званочкамі на шыі. На сямі мулах ехалі падарожнікі, на восьмым — катапац, а два апошніх неслі запасы правізіі і кускі матэрыі, прызначаныя ў падарунак раўнінным кацыкам[22], каб лягчэй было весці перагаворы. Пеоны, па свайму звычаю, ішлі пешкам. Такім чынам падарожжа цераз паўднёва-амерыканскі кантынент павінна было адбывацца ў найбольш спрыяльных умовах як з пункту гледжання яго бяспекі, так і хуткасці.
Пераход цераз ланцуг Кардыльераў — не звычайнае падарожжа. Яго не рэкамендуюць рабіць, не маючы моцных мулаў. Асабліва каштоўнымі ў такіх выпадках з’яўляюцца выгадаваныя ў Аргентыне пароды, якія маюць шмат уласцівасцей, якіх няма ў дзікіх мулаў. Гэтая жывёліна непатрабавальная да харчу, п’е толькі адзін раз на дзень, лёгка праходзіць дзесяць лье за восем гадзін і лёгка нясе паклажу ў чатырнаццаць аробаў[23].