Увесь гэты прадгорны раён быў надзвычай прыгожы і ўраджайны. Скрозь былі багатыя лугі, яны маглі свабодна пракарміць сотні тысяч жвачнай жывёлы. Срабрыстыя сажалкі, злучаныя між сабой ручайкамі, жывілі сакавітую зеляніну раўнін. Лебедзі з чорнымі галовамі весела гулялі на спакойнай паверхні вады. Птушынае царства было цудоўнае і рознастайнае па складу. Ізакі — горліцы з шэравата-белымі пер’ямі, жоўтыя кардыналы пырхалі з галінкі на галінку, як жывыя кветкі. Галубы-падарожнікі праляталі над самай галавой, вераб'і-чынгалосы, хільгеросы, іманхітасы звонка чырыкалі ў паветры.
Паганель не стамляўся ад захаплення ўсім гэтым. Шматлікія пытанні так і сыпаліся з яго вуснаў, на вялікае здзіўленне патагонца, які лічыў усё гэта самым звычайным: і птушак у паветры, і лебедзяў у сажалках, і пышную зеляніну на лугах. Вучоны зусім не шкадаваў, што прыняў удзел у прагулцы, і не скардзіўся, што яна так доўга цягнецца. Яму здавалася, што яны толькі што вышлі, у той час калі паблізу ужо было індзейскае стойбішча.
Тальдэрыя была ў глыбіні даліны, каля Кардыльераў. Там у хацінах, сплеценых з галля, жылі чалавек трыццаць тубыльцаў-вандроўнікаў. Яны пасвілі тут сваіх кароў, бараноў, быкоў і коней.
Яны пераходзілі з пашы на пашу і заўсёды знаходзілі гатовы харч для сваіх чатырохногіх сяброў.
Андо-перувіянцы — гэта мяшаны тып арауканскай, пэхуэнскай і аукаскай рас. Гэта людзі сярэдняга росту, з бронзавым целам, нізкім ілбом, амаль круглым тварам, тонкімі губамі і вытырклымі сківіцамі; у іх рысах ёсць нешта ад жанчын. Антраполагі адразу-б сказалі, што гэтыя тубыльцы не з’яўляюцца прадстаўнікамі чыстай расы. Але Гленарвана цікавілі не столькі яны самі, колькі іх жывёла. У іх былі коні і быкі. Больш яму нічога не трэба было ад іх.
Талькаў абавязаўся весці гандлёвыя перагаворы. Яны былі кароткія. У абмен на сем маленькіх аргентынскіх конікаў з усёй зброяй, сотні фунтаў сушанага мяса, некалькі мерак рысу і скураных мяшкоў для вады індзейцы згаджаліся ўзяць, замест віна і рому, якія яны спачатку патрабавалі, дваццаць унцый золата. Вартасць яго ім была добра вядома.
Гленарван хацеў купіць восьмага каня для патагонца, але Талькаў жэстам паказаў, што ён яму непатрэбны.
Торг быў закончаны. Гленарван развітаўся са сваімі «пастаўшчыкамі», як іх празваў Паганель, і, менш чым за поўгадзіны, сябры вярнуліся ў лагер. Іх сустрэлі з вясёлымі выгукамі, якія, па праўдзе кажучы, больш датычыліся ежы і коней, чым іх саміх. Усе пачалі есці з воўчым апетытам. Роберт таксама крыху з’еў. Сілы амаль цалкам вярнуліся к яму.
Увесь астатні час адпачывалі. Гаварылі пакрысе пра ўсё: ўспаміналі дарагіх адсутных, «Дункан», капітана Джона Мангльса, яго храбры экіпаж і Гары Гранта, які можа быў недалёка адсюль.
Паганель ні на хвіліну не адступаў ад індзейца. Ён, як цень, усюды хадзіў за ім. Вучоны-географ ад радасці не памятаў сябе, што бачыць жывога патагонца, побач з якім ён сам здаваўся карлікам. Ён надакучваў спакойнаму індзейцу іспанскімі фразамі, але той цярпліва слухаў іх. Гэтым разам географ вучыўся без кніг. Чуваць было, як ён выгаварвае гучныя словы, на ўсю сілу напружваючы галасавыя звязкі, язык і сківіцы.
— Калі я не авалодаю іспанскім акцэнтам,— гаварыў ён маёру,— вы павінны мець да мяне літасць. Хто-б мог падумаць, што ў адзін прыгожы дзень я буду вывучаць іспанскую мову ў патагонца!
РАЗДЗЕЛ ШАСНАЦЦАТЫ
Рыо-Каларадо
Назаўтра, 22 кастрычніка, а восьмай гадзіне раніцы, Талькаў падаў сігнал да выхаду. Аргентынская раўніна між дваццаць другім і сорак другім градусам шыраты мае нахіл з захаду на ўсход; падарожнікам такім чынам трэба было праехаць па адхоннаму спаду да самага мора.
Калі патагонец адмовіўся ад каня, Гленарван рашыў, што ён лічыць за лепшае хадзіць пешкам, як некаторыя іншыя праваднікі. Але Гленарван памыліўся.
У момант ад’езду Талькаў раптам засвістаў асаблівым спосабам. Зараз-жа з бліжняй дубровы выбег па выкліку гаспадара добры, незвычайнай прыгожасці, конь. Бліскучая каракавая поўсць, тонкая рухавая морда, шырокія ноздры, агністыя вочы, густая грыва, шырокія грудзі і доўгія бабкі — усё гэта гаварыла, што конь быў гарачы, смелы, шпаркі і трывалы.
Маёр, які добра ведаў коней, шчыра захапляўся гэтым узорам чыстакроўнай пампаскай пароды. Ён бачыў у ёй некаторае падабенства да англійскага «гунтэра». Цудоўная жывёла называлася «Таука», што азначае «птушка», на патагонскай мове, і трэба сказаць, што конь як нельга лепш заслужыў сваё імя.
Як толькі Талькаў ускочыў у сядло, Таука стала дыбка. Вельмі прыгожае відовішча ўяўлялі сабою седак і конь. Да сядла патагонца былі прывязаны дзве рэчы для палявання, патрэбныя звычайна ў аргентынскіх раўнінах: болас і ласо.
Болас складаецца з трох невялікіх шароў, злучаных між сабой скуранымі раменнямі. Індзеец кідае іх з адлегласці ў сто крокаў так трапна, што шары заблытваюцца вакол ног і кідаюць на зямлю праследуемага ворага ці жывёлу. У руках патагонца — гэта страшная зброя, і ён карыстаецца ёю з надзвычайнай спрытнасцю.