— Гэта мяне не здзіўляе,— адазваўся Гленарван,— я адчуваю сябе так, нібы па мне прабягае электрычны ток. Будзем спадзявацца, што гэга спёка хутка мінецца.
— На жаль,— сказаў Паганель,— нам няма чаго разлічваць на змену надвор’я. На гарызонце — ні воблачка.
— Тым горш,— сказаў Гленарван.— Нашы коні вельмі стаміліся ад спёкі. Табе не вельмі горача, мой хлопчык? — звярнуўся ён да Роберта.
— Не, сэр,— адказаў хлопчык.— Я люблю спёку.
— Асабліва зімой,— сур’ёзна праказаў маёр, пускаючы ў неба клубы дыму з сігары.
Увечары атрад спыніўся каля кінутага ранчо, сплеценага з галля, абмазанага глінай і зверху накрытага саломай. Хаціна была абгароджана напалавіну гнілым коллем, яшчэ годным для адной мэты: абараняць ноччу коней ад нападу лісіц. Лісіцы, вядома, не пашкодзяць самім коням, але хітрая жывёла перагрызае павады і коні скарыстоўваюць гэта, каб вырвацца на волю.
За некалькі крокаў ад ранчо была выкапана яма, якая мабыць служыла за ачаг. На дне яе ляжала куча халоднага попелу. У сярэдзіне хаціны стаяла лаўка, ложак з бычынай скуры, чыгунок, ражон і маленькі кацялок для гатавання матэ.
Матэ — вельмі распаўсюджаны напітак у Паўднёвай Амерыцы. Ён замяняе індзейцам чай. Яго вырабляюць з настою сушанай травы і п’юць праз саломінку, як прахаладжальныя напіткі. Па просьбе Паганеля, Талькаў згатовіў некалькі кубкаў гэтага напітку, і падарожнікі запілі ім сваю звычайную вячэру. Матэ ўсім вельмі спадабаўся.
Назаўтра, 30 кастрычніка, сонца ўзышло нібы ў агністым тумане; яно пасылала на зямлю патокі гарачых праменняў. Спёка ў гэты дзень была нязноснай, і, на няшчасце, на раўніне недзе было схавацца ад яе. Тым не менш атрад адважна рушыў уперад на ўсход. Па дарозе спадарожнікі бесперапынна сустракалі стады жывёлы, што ад знямогі валяліся на траве, не маючы больш сілы пасвіцца з-за страшэннай спёкі. Пры жывёле не было ні вартаўнікоў, ні пастухоў. Рагатая жывёла пампасаў вельмі спакойная, і не такая як еўрапейская, якая кідаецца на чалавека, убачыўшы ў яго кавалак чырвонай анучкі.
— Гэта тлумачыцца тым, што яна пасвіцца на рэспубліканскай пашы,— сказаў Паганель і рассмяяўся, задаволены сваім жартам.
У сярэдзіне дня выгляд пампасаў пачаў крыху змяняцца. Гэтага не маглі не заўважыць падарожнікі, стомленыя аднастайнасцю пустыннага стэпа. Злакі пачалі сустракацца радзей. Замест іх рос худы лопух і гіганцкі чартапалох вышынёй у дзевяць футаў, здольны ашчаслівіць усіх аслоў зямнога шара. Тут і там на высушанай глебе раслі мізэрныя ханары і іншае пустазелле. Да гэтых мясцін гліністая глеба яшчэ захоўвала крыху вільгаці, якая жывіла расліннасць прэрый, а тут на кожным кроку пачалі сустракацца пляшыны высушанай, благой, беднай на сокі зямлі, на якой нішто не расце, апрача пустазелля. Гэта былі прыметы засухі. Талькаў звярнуў на іх увагу падарожнікаў.
— Мне нясмутна ад гэтай перамены,— прызнаўся Том Аусцін. Трава, увесь час трава,— гэта ўрэшце пачало ўжо раздражняць мяне.
— Але ўвесь час трава — значыцца ўвесь час вада! — адказаў маёр.
— О, вады ў нас хопіць — поўныя мяшкі! — адказаў яму Вільсон.— Апрача таго мы, напэўна, сустрэнем шмат рэк на сваім шляху.
Каб Паганель чуў яго словы, ён абавязкова сказаў-бы, што паміж Рыо-Каларадо і с’ерамі Аргентынскай правінцыі ёсць вельмі мала рэк. Але ў гэтую хвіліну ён растлумачваў Гленарвану прычыны адной з’явы, на якую той звярнуў увагу.
Ужо некалькі часу ў паветры чуцен быў пах гары. Аднак на гарызонце не было відаць агню, і ніхто не бачыў дыму далёкага пажару. Цяжка таму было прыдумаць натуральнае тлумачэнне гэтаму фенамену. Але неўзабаве пах гары стаў настолькі моцным, што ён устрывожыў і астатніх падарожнікаў, за выключэннем Талькава і Паганеля.
Географ, які ведаў усё на свеце, так растлумачыў сваім спадарожнікам гэтую з'яву.
— Мы адчуваем пах гары, але не бачым агню,— сказаў ён.— Але дыму без агню не бывае, і гэтая прыказка ў Амерыцы не менш праўдзівая, чым у Еўропе. Значыцца, недзе нешта гарыць. Пампасы настолькі гладкая раўніна, што нішто ў іх не затрымлівае паветраных патокаў. Таму ў іх часта можна пачуць пах гарэлай травы, будучы на адлегласці сямідзесяці, сямідзесяці пяці міль ад пажару.
— Сямідзесяці пяці міль?..— недаверлівым тонам перапытаў маёр.
— Зусім правільна,— адказаў Паганель.— Трэба толькі дадаць, што стэпавыя пажары тут часта займаюць вялікія плошчы.
— А адкуль бяруцца гэтыя пажары? — запытаў Роберт.
— Часам бывае прычынай маланка, калі трава высушана спёкай. Часам вінаватыя ў пажары — індзейцы.
— Нашто гэта яны робяць?
— Яны сцвярджаюць,— не ведаю, наколькі праўдзівае гэта сцвярджэнне,— што пасля пажару збожжа лепш расце. Відавочна, гэта тлумачыцца тым, што попел угнойвае зямлю. Асабіста я мяркую, што яны падпальваюць траву, каб знішчыць мільярды паразітаў, якія страшна высільваюць стады жывёлы.
— Але-ж гэты гераічны спосаб можа каштаваць жыцця той жывёле, якую захопіць пажар у прэрыях?
— Так, бывае, што знішчаецца цэлае стада. Але што значыць адно стада пры такім багацці?