Калі я вучыўся яшчэ ў старэйшых класах, мая ўласная хатняя бібліятэка налічвала сотні кніг у абсалютна розных галінах: гісторыя, філасофія, псіхалогія, сацыялогія, паліталогія, мастацтва, фізіка, біялогія, мастацкая літаратура ды яшчэ шмат чаго.
Мне было цікава ўсё, я шмат чытаў. Не было ніводнага дня, калі б я не чытаў. Дзесяць, пяцьдзясят ці дзвесце дзесяць старонак, але я чытаў штодня. Акрамя гэтага, у мяне былі спецыяльныя сшыткі, у якія я занатоўваў вельмі важныя, як я меркаваў, аспекты, практычна неабходныя мне ў будучым.
Калі прыйшоў час паступаць ва ўніверсітэт, я выбраў паліталогію на юрыдычным факультэце. Юнаму хлопцу здавалася, што там ён стане хаця б паліттэхнолагам. Але там было больш ідэалогіі, чым тэхналогіі. Хутка прыйшло расчараванне. Сур’ёзнай, карыснай інфармацыі там быў мізер, які можна было атрымаць і самому, без універсітэта.
Правучыўшыся адзін курс, я вырашыў перавесціся на іншы факультэт. На які факультэт, пытанняў не выклікала. Узнікла пытанне, на сацыялогію ці на псіхалогію. З аднаго боку, сацыялогія была мне вельмі патрэбная. З другога боку, і псіхалогія была не менш важная, але вывучаць яе як навуку самастойна мне падалося больш складаным, чым сацыялогію. Здаўшы ўсе патрэбныя іспыты, я паспяхова перавёўся на псіхалогію. Тым больш што пэўная база ў мяне ўжо была.
Акрамя гэтага, калі выпадаў вольны час, ці замест не вельмі важных прадметаў (такіх як ідэалогія, інфарматыка, фізічная культура), я паспяваў наведваць і некаторыя лекцыі па сацыялогіі. Працягваў шмат чытаць.
На новым факультэце я без праблем завёў новыя знаёмствы. У гэты ж самы час я пачаў практыкаваць на новых прыяцелях уласныя навыкі ў псіхалогіі. Працягваў праводзіць эксперыменты і занатоўваць іх у свой сшытак.
«Эксперымент № 16: Канфармізм»
Мне стала цікава, ці атрымаецца ў мяне правесці эксперымент, падобны да таго, які калісьці праводзіў Стэнлі Мілграм на амерыканскіх вуліцах. Я быў у больш складаных умовах, бо ў мяне не было асістэнтаў. Але вырашыў, што і ўласных сілаў будзе дастаткова.
Я стаў на Нямізе каля шапіка Белсаюздруку, дзе на прыпынку было шмат людзей (для мяне прыпынак – самае зручнае месца, каб праводзіць эксперымент). Уверсе я нібыта штосьці заўважыў і пачаў настойліва туды глядзець. Усе навокал былі занятыя сваімі справамі, і ніхто так і не заўважыў маіх намаганняў (так, без асістэнтаў ні туды і ні сюды).
Гэта мяне крыху засмуціла, але справа, напэўна, была ў тым, што большасць чытала газеты ды часопісы, і проста не бачыла мяне. Тады я крыху прайшоў уздоўж вуліцы да наступнага прыпынку, дзе ўжо не было шапіка, і пачаў свой эксперымент зноў. Я рабіў выгляд, нібыта імкнуся штосьці разгледзець як мага лепш.
Праз пятнаццаць секунд чалавекі чатыры таксама пачалі глядзець уверх, спрабуючы штосьці знайсці. Праз пяць секунд да іх далучыліся яшчэ два чалавекі. Але нічога не ўбачыўшы, усе яны зноў сталі займацца сваімі справамі, а дакладней кажучы, чакаць аўтобус. Так, вынікі былі ўжо значна лепшымі, але чагосьці ўсё-такі не ставала, акрамя асістэнтаў, канечне.
Тады я вырашыў знайсці якую-небудзь дробязь, якая магла б прыцягнуць увагу. На працягу прыкладна сарака хвілін я ішоў па вуліцы, спрабуючы знайсці хоць што-небудзь недалёка ад прыпынку. Нарэшце я заўважыў месца, дзе на сёмым паверсе было крыху разбітае акно.
Пачакаўшы хвіліну, я нібыта заўважыў разбітае шкло і пачаў яго разглядаць. Праз некалькі секунд яшчэ чалавекі два пачалі разглядаць гэтае акно, потым яшчэ чатыры, потым яшчэ і яшчэ. У выніку ўвесь прыпынак разглядаў месца, дзе было выбітае шкло.
Каб крыху разварушыць гэтае разгляданне, я зрабіў хітры крок, выказаўшы версію аб тым, што здарылася са шклом. Пасля гэтага ўсе пачалі шукаць тлумачэнне гэтаму разбітаму акну. Дайшлі да таго, што там, напэўна, штосьці адбываецца:
– Бойка, можа, якая?
– Тады на вуліцы павінна валяцца шкло.
Усе пачалі, як адзін, шукаць вачыма, ці не валяецца дзе пабітае шкло. Нічога не знайшоўшы, хтосьці выказаў версію, што гэта рабаўнікі, і тады акно было разбітае звонку.
Яны працягвалі разглядаць розныя версіі, і не ведаю, да чаго б усё дайшло, калі б мужчына, які толькі што прыйшоў на прыпынак і больш-менш зразумеў, што адбываецца, не ахаладзіў іх сваім каментаром. У выніку ўсе засаромлена пагадзіліся, што гэта было глупства, і шыбы, напэўна, разбітыя ўжо даволі даўно ды выпадкова…
Ужо другі год я вучыўся на псіхалогіі, то бок, быў ужо на трэцім курсе. Пастаяннае знаходжанне ў акадэмічнай атмасферы паўплывала і на форму маіх эксперыментаў. Яны сталі больш структураванымі, і ўжо крыху сталі набліжацца да навуковых.
Акурат у гэты час да нас перавёўся новы студэнт. Яго звалі Вадзім. Ён быў досыць сціплы, непрыкметны, невысокага росту, але даволі каржакаваты. Менавіта тады ў мяне ўзнікла ідэя правесці больш працяглы па часе і больш сур’ёзны па выніках эксперымент.