– Яе дваюрадны брат – Касій Калхаўн. Вельмі непрыемны суб’ект.
– Я, здаецца, чуў гэта імя.
– I я таксама, – сказаў стралок.
– Пра яго чуў кожны, хто так ці інакш меў дачыненне да мексіканскай вайны, гэта значыць, хто ўдзельнічаў у паходзе Скота. Касій Калхаўн пакінуў аб сабе дрэнную памяць. Ён ураджэнец штата Місісіпі і ў час вайны быў капітанам у палку місісіпскіх валанцёраў. Толькі яго часцей сустракалі за картачным сталом у ігральным доме, чым у казармах. Было ў яго адно-два дзельцы, якія склалі яму рэпутацыю дуэлянта і задзіры. Але гэту славу ён набыў яшчэ да мексіканскай вайны. У Новым Арлеане ён лічыўся апасным чалавекам.
– Ну і што? – сказаў малады драгун некалькі задзірыста. – Каму якая справа, апасны чалавек містэр Касій Калхаўн ці бясшкодны! Мне гэта, праўда, усё роўна. Вы ж кажаце, што ён для яе ўсяго толькі дваюрадны брат.
– He зусім так… Мне здаецца, што ён да яе не абыякавы.
– I карыстаецца ўзаемнасцю?
– Гэтага я не ведаю. Але, відаць, ён любімец яе бацькі. I мне нават растлумачылі – праўда, пад вялікім сакрэтам – прычыну гэтай сімпатыі. Звычайная гісторыя – грашовая залежнасць. Пойндэкстэр цяпер ужо не такі багаты, як раней, інакш мы ніколі не ўбачылі б яго тут.
– Калі яго дачка такая абаяльная, як вы кажаце, то трэба думаць, што Касій Калхаўн таксама скора з’явіцца тут.
– «Скора»! Гэта ўсё, што вам вядома? Ён ужо тут. Ён прыехаў разам з усёй сям'ёй і цяпер пасяліўся з імі. Некаторыя мяркуюць, што яны разам купілі плантацыю. Сёння раніцай я бачыў яго ў бары гасцініцы – ён п’янстваваў, чапляўся да ўсіх і выхваляўся, як заўсёды.
– У яго смуглы колер твару, на выгляд яму гадоў трыццаць, цёмныя валасы і вусы, носіць сіні суконны сурдут напаўваеннага крою, на поясе рэвальвер Кольта – так?
– Во-во! I яшчэ крывы нож, калі зазірнуць за адварот сурдута. Гэта ён самы.
– Суб’ект даволі непрыемнага выгляду, – заўважыў стралок, – і калі ён такі хвалько і задзіра, то знешнасць не абманвае.
– К чорту знешнасць! – з раздражненнем усклікнуў драгун. – Афіцэрам арміі дзядзькі Сэма наўрад ці варта пужацца знешнасці. Ды і самога задзіры таксама. Калі ён уздумае задзіраць мяне, то спазнае, што я ўмею спускаць курок хутчэй, чым ён…
У гэты час ражок пратрубіў збор на ранішні агляд— цырымонію, якая захоўвалася ў маленькім форце гэтак жа строга, як калі б там стаяў армейскі корпус. I тры афіцэры разышліся, кожны да сваёй роты, каб падрыхтаваць яе да агляду, які праводзіў маёр, камандзір форта.
Маёнтак, ці асьенда, Каса-дэль-Корва працягнуўся па лясістай даліне Ляоны больш чым на тры мілі і ішоў на поўдзень у прэрыю на шэсць міль.
Дом плантатара, які звычайна, хаця і няправільна, таксама называлі асьендай, стаяў на адлегласці гарматнага стрэлу ад форта Індж, адкуль была бачна частка яго белых сцен; астатнюю ж частку асьенды засланялі высокія дрэвы, якія акружалі берагі ракі.
Месцазнаходжанне асьенды было незвычайным і, безумоўна, выбрана па меркаваннях абароны, бо ў тыя часы, калі закладваўся падмурак дома, каланісты апасаліся набегаў індзейцаў; зрэшты, гэта небяспека пагражала ім і цяпер.
Рака робіць тут крутую лукавіну ў форме падковы ці дугі ў тры чвэрці круга; на яе хордзе, ці, дакладней, на паралелаграме, што прымыкаў да яе, і была пабудавана асьенда. Адсюль і назва «Каса-дэль-Корва» – «Дом на лукавіне».
Фасад дома павернуты ў бок прэрыі, якая рассцілаецца верад ім да самага гарызонта; у параўнанні з гэтым цудоўным лугам каралеўскі парк здасца зусім маленькім.
Архітэктурны стыль Каса-дэль-Корва, як і іншых вялікіх памешчыцкіх дамоў Мексікі, можна назваць маўрытанска-мексіканскім.
Дом – аднапавярховы, з плоскім дахам – асатэяй, абнесенай парапетам. Унутры знаходзіцца пакрыты плітамі двор – «паціо» – з фантанам і лесвіцай, што вядзе на асатэю. Масіўная драўляная брама галоўнага ўвахода; па абодва бакі ад яе – два ці тры акны з жалезнымі кратамі. Такія характэрныя асаблівасці мексіканскай асьенды. Каса-дэль-Корва мала чым адрознівалася ад гэтага тыпу старадаўніх будынкаў, раскіданых па ўсёй агромністай тэрыторыі Іспанскай Амерыкі.
Такім быў маёнтак, які нядаўна набыў луізіянскі плантатар.
Да гэтага часу не адбылося ніякіх перамен ні ў знешнім выглядзе дома, ні ўнутры яго, калі не гаварыць пра яго жыхароў. Асобы напаўангла-саксонскага, напаўфранка-амерыканскага тыпу мільгаюць у калідоры і ў двары, дзе раней можна было сустрэць толькі чыстакроўных іспанцаў; а замест багатай, гучнай мовы Андалузіі цяпер чуецца рэзкая, гартанная гаворка і толькі зрэдку музыкальная крэола-французская.