На захапленне Фларынды дзяўчына адказвала вясёлым смехам, у якім, аднак, не адчувалася сумнення. Маладой крэолцы не трэба было напамінаць аб яе прыгажосці. Луіза ведала, што яна прыгожая, і не раз кідала ўважлівы позірк у люстра, перад якім яе прычэсвала і адзявала служанка. Ліслівасць негрыцянкі мала кранула яе, не больш, чым ласка балаўніка спаніэля, і дачка плантатара зноў задумалася; з гэтага стану яе вывела балбатня служанкі.

Фларынду гэта не збянтэжыла, яна не змоўкла. Пакаёўку, мабыць, мучыла нейкая тайна, якую ёй хацелася разгадаць у што б там ні стала.

– Ах, – працягвала яна, як быццам размаўляючы сама з сабой, – калі б Фларында была хоць напалавіну такая прывабная, як маладая міса, яна б ні на каго не глядзела і ні па кім бы не ўздыхала!

– Уздыхала? – паўтарыла Луіза, здзіўленая яе словамі.– Што ты хочаш гэтым сказаць?

– Божа мой, міс Луі, Фларында не такая ўжо сляпая і не такая глухая, як вы думаеце! Яна даўно заўважае, што вы сядзіце на адным месцы і не прамовіце ні слоўца, толькі ўздыхаеце! Гэтага не было, калі мы жылі на старой плантацыі ў Луізіяне.

– Фларында, я баюся, што ты губляеш розум ці ты яго ўжо ў Луізіяне згубіла!. Можа, тутэйшы клімат дрэнна ўплывае на цябе?

– Чэснае слова, міс Луі, вы павінны аб гэтым спытаць у сябе. He злуйцеся на мяне, што я з вамі так папросту размаўляю. Фларында – ваша рабыня і любіць вас, як чорная сястра. Яна смуткуе, калі вы ўздыхаеце. Таму яна так і гаворыць з вамі. Вы не злуецеся на мяне?

– Канешне, не. За што мне на цябе злавацца, дзяўчынка? Я не злуюся, я ж не казала, што злуюся.

Толькі ты памыляешся. Тое, што ты бачыла і чула, – усяго толькі твая фантазія. Ну а ўздыхаць мне некалі. Зараз мне хапае і іншых спраў – трэба ж будзе прыняць амаль ці не сотню гасцей, і амаль усе яны незнаёмыя. Сярод іх будуць маладыя плантатары і афіцэры, якіх ты злавіла б, калі б у цябе былі мае валасы. Ха-ха! А ў мяне няма ніякага жадання зачароўваць іх, ні аднаго з іх! Так што хутчэй прычэсвай мае валасы, толькі не пляці з іх сетак.

– О міс Луі, вы праўду кажаце? – спытала негрыцянка з непрытоенай цікаўнасцю. – I вы кажаце, што ні адзін з гэтых джэнтльменаў вам не падабаецца? Але ж будуць два-тры вельмі-вельмі прыгожыя! Гэты малады плантатар і тыя два прыгожыя афіцэры. Вы ж ведаеце, пра каго я кажу. Усе яны так заляцаліся да вас. Вы ўпэўнены, міса, што ні аб адным з іх вы не ўздыхаеце?

– Зноў аб уздыхах! – рассмяялася Луіза. – Хопіць, Фларында, мы губляем час. He забывай, што ў нас сёння будзе больш за сто гасцей, і мне трэба хаця б паўгадзіны, каб падрыхтавацца да такога вялікага прыёму.

– He турбуйцеся, міс Луі, не турбуйцеся! Мы паспеем своечасова. Вас адзець няцяжка – міса прыгожая ў любым уборы. Вы ўсё роўна будзеце першай прыгажуняй, нават калі надзенеце простую сукенку зборшчыцы бавоўны!

– Як ты навучылася ліслівіць, Фларында! Я падазраю, што табе штосьці ад мяне трэба. Можа, ты хочаш, каб я памірыла цябе з Плутонам?

– He, міса, Плутон ніколі больш не будзе маім другам. Ён аказаўся такім баязліўцам, калі на нас наляцела бура ў чорнай прэрыі! О міс Луі, што б мы толькі рабілі, каб б не падаспеў той малады джэнтльмен на гнядым кані!

– Калі б не ён, мілая Фларында, мабыць, нікога з нас тут не было б.

– О міса, а які ж ён прыгажун! Вы памятаеце яго твар? Яго густыя валасы зусім такога ж колеру, як вашы, толькі ўюцца яны крыху, накшталт маіх. I што той малады плантатар ці афіцэр форта ў параўнанні з ім! Хай нашы негры кажуць, што ён белы бадзяга, – дык і што з гэтага? Ён такі прыгажун, ён прымусіць любую дзяўчыну ўздыхаць. Вельмі, вельмі прыгожы хлопец!

Да апошняй хвіліны маладая крэолка захоўвала спакой. Цяпер ён быў парушаны. Выпадкова ці наўмысна, але Фларында закранула самыя патаемныя думкі сваёй гаспадыні.

Луізе не хацелася адкрываць сваю тайну нават рабыні, і яна ўзрадавалася, калі са двара пачуліся гучныя галасы, – гэта была зручная падстава хутчэй закончыць туалет, а разам з ім і размову, якую ёй не хацелася працягваць.

<p>11. Нечаканы госць</p>

– Гэй ты, чарнамазы, дзе твой гаспадар?

– Маса Пойндэкстэр, сэр? Стары ці малады?

– Нашто мне малады? Я пытаю пра містэра Пойндэкстэра. Дзе ён?

– Так-так, сэр, яны абодва дома, не, іх абодвух няма дома – ні старога гаспадара, ні маладога маса Генры. Яны там, унізе, ля ракі, дзе робяць новую агароджу. Так-так, яны абодва там.

– Унізе, ля рэчкі? Далёка гэта адсюль, як ты думаеш?

– О сэр! Негр думае, што гэта мілі за тры ці чатыры, калі не далей.

– За тры ці чатыры мілі? Ды ты зусім дурань! Хіба плантацыя містэра Пойндэкстэра цягаецца так далёка? А, наколькі мне вядома, ён не з тых, хто ставіць агароджы на чужой зямлі. Вось што: скажы лепш, калі ён вернецца? Гэта ты ўжо павінен ведаць.

– Яны абодва хутка павінны вярнуцца – і малады гаспадар, і стары, і маса Калхаўн таксама. Будзе вялікае свята ў гэтым доме – панюхайце, як пахне з кухні! I чаго толькі там не гатуюць сёння – і смажанае, і варанае, і цэлыя тушы, запяканкі і кураціна! Баль у нас будзе не горшы, чым бывала на Місісіпі.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже