Гонар і слава маса Пойндэкстэру! Ён стары што трэба, так-так, незнаёмец! Чаму ж вас не запрасілі на свята – ці вы не друг старога гаспадара?

– Чорт бы цябе ўзяў, негр, хіба ты мяне не помніш? А я вось углядваюся ў тваю чорную фізіяномію і пазнаю цябе.

– Божа! Няўжо гэта маса Стумп, які прывозіў аленіну і індыкоў на старыя плантацыі? Вось дык так – і праўда! Сапраўды, маса Стумп, негр помніць вас так добра, як быццам было гэта заўчора. Вы, здаецца, заходзілі днямі, але мяне тут не было. Я цяпер фурман – сяджу на козлах карэты, у якой ездзіць маладая гаспадыня плантацыі, красуня міса Лу. Яй богу, маса, лепшай за яе не знайсці! Людзі кажуць, што Фларында і падноска яе не вартая… Ну нічога, маса Стумп, вы лепш пачакайце крышачку – стары гаспадар вось-вось будзе дома.

– Добра, калі так, я пачакаю, – адказаў паляўнічы, няспешна злазячы з сядла. – Слухай, – працягваў ён, перадаючы негру павады, – дай ёй штук шэсць пачаткаў кукурузы. Я праскакаў на скаціне больш за дваццаць міль з хуткасцю маланкі – стараўся для твайго гаспадара.

– О, містэр Зебулон Стумп, гэта вы? – пачуўся серабрысты галасок, і на верандзе з’явілася Луіза Пойндэкстэр. – Я так і думала, што гэта вы, – працягвала яна, падыходзячы да поручняў,– хаця і не чакала ўбачыць вас так хутка. Вы як быццам сказалі, што збіраецеся ў далёкае падарожжа. Але я вельмі рада, што бачу вас тут; тата і Генры таксама будуць вам рады… Плутон, ідзі зараз жа да кухаркі Хлоі і спытай, чым яна можа накарміць містэра Стумпа… Вы ж не абедалі, праўда? Вы ўвесь у пылу – мабыць, прыехалі здалёк?.. Паслухай, Фларында, збегай у буфетную і прынясі чаго-небудзь выпіць. У містэра Стумпа, мабыць, моцная смага – сёння ж такі гарачы дзень… Што вам лепш: партвейн, шэры, кларэт? Ах да, цяпер я ўспамінаю – вы любіце манангахільскае віскі. У нас, здаецца, знойдзецца… Паглядзі, Фларында, што там ёсць… Падніміцеся на веранду, містэр Стумп, і прысядзьце, калі ласка. Вы хацелі бачыць бацьку? Ён павінен вярнуцца з хвіліны на хвіліну. А я пастараюся пакуль забавіць вас.

Калі б маладая крэолка скончыла гаварыць і раней, яна ўсё роўна не атрымала б адказу адразу.

Нават і цяпер Стумп загаварыў толькі праз некалькі секунд. Ён стаяў, не зводзячы з яе вачэй, і як быццам анямеў ад захаплення.

– Божа міласэрны, міс Луіза! – нарэшце вымавіў ён. – Калі я бачыў вас на Місісіпі, я думаў, што вы самае прыгожае стварэнне на зямлі. А цяпер я ўпэўнены, што вы самае цудоўнае стварэнне не толькі на зямлі, але і ў нябёсах Іасафат!

Стары паляўнічы не перабольшваў. Толькі што прычасаныя валасы маладой крэолкі блішчалі, яе шчокі пасля халоднай вады гарэлі чырванню. Стройная, у лёгкай сукенцы з індыйскай кісяі, Луіза Пойндэкстэр сапраўды здавалася першай прыгажуняй на зямлі, а можа, і на небе.

– Іасафат! – зноў усклікнуў паляўнічы. – Мне здаралася на сваім вяку бачыць жанчын, якія здаваліся мне прыгожымі, і мая жонка была нябрыдкай, калі я яе ўпершыню сустрэў у Кентукі,– усё гэта так. Але я скажу вось што, міс Луіза: калі ўзяць усю іх прыгажосць і злучыць у адно, то ўсё роўна не атрымаецца і тысячай часткі такога анёла, як вы.

– Ай-яй-яй, містэр Стумп, містэр Стумп, ад вас я гэтага не чакала! Як відаць, Тэхас навучыў вас гаварыць кампліменты. Калі вы будзеце працягваць у тым жа духу, баюся, вы пазбавіцеся сваёй рэпутацыі праўдзівага чалавека. Цяпер я ўжо зусім упэўнена, што вам неабходна як след выпіць… Хутчэй, Фларында!.. Вы, здаецца, сказалі, што аддаяце перавагу віскі?

– Калі я і не сказаў, то, ва ўсякім выпадку, падумаў, а гэта амаль адно і тое ж. Так, міс, я аддаю перавагу вашаму айчыннаму напітку перад усімі замежнымі і ніколі не прайду міма яго, калі толькі ўбачу. У гэтым Тэхас мяне не перарабіў.

– Маса Стумп, падаць вам вады, каб разбавіць? – спытала Фларында, з’явіўшыся са шклянкай, напалову запоўненай віскі.

– Што ты, галубка! Нашто мне вада? Яна мне надакучыла за сённяшні дзень. З самага ранку ў мяне ў роце не было ні кроплі віна, нават паху не чуў.

– Дарагі містэр Стумп, але ж віскі нельга так піць – яно апячэ вам горла. Вазьміце крыху мёду і цукру.

– Нашто ж пераводзіць дабро, міс! Віскі – цудоўны напітак і без гэтых зёлкаў, асабліва пасля таго, як вы на яго глянулі. Зараз убачыце, ці магу я піць яго неразведзеным. Давайце паспрабуем!

Стары паляўнічы паднёс шклянку да губ і, зрабіўшы тры-чатыры глыткі, вярнуў яе Фларындзе пустой. Гучнае цмоканне амаль заглушыла міжвольныя воклічы здзіўлення, якія вырваліся ў маладой крэолкі і яе служанкі.

– Апячэ мне горла, вы сказалі? Ніколькі. Яно толькі прамыла мне глотку, і цяпер я магу размаўляць з вашым таткам адносна крапчастага мустанга.

– Ах да! А я зусім забыла… He, я не тое хацела сказаць… Я проста думала, што вы не паспелі яшчэ ні аб чым даведацца. Хіба ёсць якія-небудзь навіны аб гэтым прыгажуне?

– Прыгажуне – гэта правільна сказана.

– Вы чулі што-небудзь новае пра гэтага мустанга, пасля таго як былі ў нас?

– He толькі чуў, але бачыў яго і нават рукамі кранаў.

– Няўжо?

– Мустанг злоўлены.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже