За сценамі дома, у накрытых юкавым лісцем хацінах, дзе раней жылі пеоны, адбыліся больш заўважныя перамены. Там, дзе высокі худы вакера ў чорным глянцавым капелюшы з шырокімі палямі і ў клятчастым серапе на плячах, пазвоньваючы шпорамі, важна хадзіў па прэрыі, цяпер расхаджвае фанабэрысты наглядчык у сіняй куртцы ці плашчы, шчоўкаючы сваім бізуном на кожным кроку; там, дзе чырванаскурыя нашчадкі ацтэкаў, ледзь прыкрытыя аўчынай, сумна хадзілі каля сваіх хакале, цяпер чорныя сыны і дочкі Эфіопіі з ранку да вечара балбочуць, спяваюць і танцуюць, як бы абвяргаючы сцверджанне, што рабства – гэта няшчасце.

Ці да лепшага гэта перамена на плантацыях Каса-дэль-Корва?

Быў час, калі англічане адказалі б на гэта пытанне «не» з поўнай аднадушнасцю і гарачнасцю, якая не дапускае сумнення ў шчырасці гэтых слоў.

О чалавечая слабасць і крывадушнасць! Наша так доўга пешчаная сімпатыя да рабоў аказалася толькі прытворствам.

Аказаўшыся на павадку ў алігархіі – не ў старой арыстакратыі нашай краіны, таму што яна не магла б праявіць такога каварства, а ў алігархіі буржуазных дзялкоў, якія прабраліся да ўлады ў краіне, – на павадку ў гэтых заўзятых змоўшчыкаў супраць народных правоў, Англія здрадзіла свайму прынцыпу, які яна так гучна абвясціла, падарвала давер да сябе, які аказалі ёй усе нацыі.

Зусім пра іншае думала Луіза Пойндэкстэр, калі яна задуменна апусцілася ў крэсла перад люстрам і загадала сваёй пакаёўцы Фларындзе адзець і прычасаць яе для прыёму гасцей.

Гэта было прыкладна за гадзіну да званага абеду, які даваў Пойндэкстэр, каб адсвяткаваць наваселле. Ці не гэтым трэба было вытлумачыць некаторую занепакоенасць у паводзінах маладой крэолкі? Аднак у Фларынды былі на гэты конт свае здагадкі, аб чым сведчыла размова, што адбывалася паміж імі.

Хаця наўрад ці гэта можна было назваць размовай: Луіза проста думала ўслых, а яе служанка падтаквала ёй, як рэха. На працягу ўсяго свайго жыцця маладая крэолка звыкла глядзець на рабыню, як на рэч, ад якой можна было не хаваць сваіх думак, таксама як ад крэслаў, сталоў і іншай мэблі ў пакоі. Розніца была толькі ў тым, што Фларында ўсё ж была жывой істотай і магла адказваць на пытанні. Хвілін дзесяць пасля таго, як Фларында з’явілася ў пакоі, яна бесперапынна балбатала пра ўсялякія дробязі, а ўдзел у размове самой Луізы абмяжоўваўся толькі асобнымі заўвагамі.

– О міс Луі,– гаварыла негрыцянка, залюбавана расчэсваючы бліскучыя пасмы валасоў маладой гаспадыні,– ну і цудоўныя ў вас валасы! Нібы іспанскі мох, што звешваецца з кіпарыса. Толькі яны ў вас іншага колеру і блішчаць, нібы цукровая патака.

Луіза Пойндэкстэр, як ужо ўпаміналася, была крэолка, а таму наўрад ці трэба гаварыць, што яе валасы былі цёмнага колеру і пышныя, «нібы іспанскі мох», як наіўна выразілася негрыцянка. Але яны не былі чорнымі: гэта быў той густы каштанавы колер, які сустракаецца часам у афарбоўцы чарапах ці злоўленага зімой собаля.

– Ах, – працягвала Фларында, узяўшы цяжкую пасму валасоў, якая адлівала каштанавым колерам на яе чорнай далоні,– калі б у мяне былі вашы прыгожыя валасы, а не гэта авечая шэрсць, яны ўсе былі б ля маіх ног, усе да аднаго!

– Пра што ты гаворыш? – спытала маладая крэолка, быццам прачнуўшыся ад летуценняў.– Што ты сказала? Ля тваіх ног? Хто?

– Ну вось, хіба міс не разумее, што я кажу?

– Праўда, не.

– Я заставіла б іх закахацца ў мяне. Вось што!

– Але каго ж?

– Усіх белых джэнтльменаў! Маладых плантатараў! Афіцэраў форта – усіх, усіх агулам! З вашымі валасамі, міс Луі, я б іх усіх запаланіла!

– Ха-ха-ха! – засмяялася Луіза, глянуўшы на Фларынду і ўявіўшы яе са сваёй шавялюрай. – Ты думаеш, што ні адзін мужчына не ўстаяў бы перад табой, калі б у цябе былі мае валасы?

– He, міс, не толькі вашы валасы, але і ваш твар, ваша скура, белая, як алебастр, ваша стройная фігура, вашы вочы… О міс Луі, вы такая цудоўная красуня! Я чула, як гэта казалі белыя джэнтльмены. Але мне і не трэба чуць, што яны кажуць, – я сама бачу.

– Ты навучылася ліслівіць, Фларында.

– He, міса, што вы! Ніводнага слоўца ліслівасці, ніводнага слоўца! Клянуся вам! Клянуся апосталам!

Таму, хто хоць раз глянуў на Луізу, не патрэбны былі клятвы негрыцянкі, каб паверыць у шчырасць яе слоў, якімі б узвышанымі яны ні былі. Сказаць, што Луіза Пойндэкстэр прыгожая, значыла толькі пацвердзіць агульную думку людзей, што яе акружалі. Прыгажосць Луізы Пойндэкстэр уражвала ўсіх з першага погляду, але цяжка падабраць словы, каб даць аб ёй уяўленне. Пяро не можа апісаць хараства яе твару. Нават пэндзаль даў бы толькі слабае ўяўленне аб яе абліччы, і ні адзін мастак не мог бы перадаць на безжыццёвым палатне чароўнае святло, якое ішло з яе вачэй, асвятляючы, здавалася, увесь твар. Рысы яго былі класічныя і нагадвалі ўлюбёны Фідыем і Праксітэлем тып жаночай прыгажосці. І ў той жа час ва ўсім грэчаскім пантэоне няма нікога падобнага на яе, таму што ў Луізы Пойндэкстэр быў не твар багіні, а куды больш прывабны для простых смяротных – твар жанчыны.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже