– Праўда? Якая цудоўная навіна! Як я рада, што ўбачу гэтага прыгажуна, і як добра будзе праехацца на ім! З той пары як я ў Тэхасе, у мяне не было ні аднаго добрага каня. Бацька абяцаў мне купіць гэтага мустанга за любую цану. Але хто той шчаслівец, якому ўдалося дагнаць яго?

– Вы пытаеце, хто злавіў канька?

– Так-так! Хто ж?

– Ну канешне, мустангер.

– Мустангер?

– I такі, які і вярхом ездзіць, і ласо кідае лепш за ўсіх у тутэйшай прэрыі. А яшчэ хваляць мексіканцаў. Ніколі я не бачыў ні аднаго мексіканца, які так спрытна ўпраўляўся б з коньмі, як гэты хлопец, а ў ім жа няма ні кроплі мексіканскай крыві – ручаюся галавой!

– А як яго завуць?

– Як яго завуць? Прызнаюся, што прозвішча яго я ніколі не чуў, а імя яго – Морыс. Яго тут усе завуць Морыс-мустангер.

Стары паляўнічы быў не настолькі назіральным, каб улавіць, з якой напружанай цікавасцю было зададзена гэта пытанне. Ён таксама не заўважыў, што твар дзяўчыны ўспыхнуў чырванню, калі яна пачула яго адказ.

Аднак ні першае, ні другое не выпала з-пад увагі Фларынды.

– О міс Луі,– усклікнула яна, – гэта ж так завуць таго храбрага маладога джэнтльмена, які выратаваў нас у чорнай прэрыі!

– I то праўда! – усклікнуў паляўнічы, пазбавіўшы маладую крэолку ад неабходнасці адказваць. – Толькі сёння раніцай ён мне расказаў гэту гісторыю, якраз перад нашым ад’ездам. Гэта ён самы. Ён і злавіў крапчастага мустанга. Зараз хлопец на дарозе да вас – гоніць канька і яшчэ каля тузіна мустангаў – і павінен быць тут да змяркання. А я паспяшаўся на сваёй старой кабыле ўперад, каб расказаць аб гэтым вашаму бацьку. Я ведаю, што, як толькі пра гэтага канька даведаюцца ў форце і на плантацыях, яго хутка перахопяць. Я гэта зрабіў для вас, міс Луіза, – помню, як вы зацікавіліся маім расказам пра яго. Ну нічога, цяпер не трывожцеся, усё будзе ў парадку – стары Зеб Стумп ручаецца за гэта.

– О, які вы велікадушны, містэр Стумп! Я вам вельмі, вельмі ўдзячна! Але цяпер я павінна вас на хвілінку пакінуць. Прабачце мне. Бацька хутка вернецца. У нас сёння званы абед. Мне трэба распарадзіцца па гаспадарцы… Фларында, скажы, каб містэру Стумпу падалі снеданне. Ідзі і распарадзіся хутчэй. Так, вось яшчэ што, містэр Стумп, – працягвала дзяўчына, падыходзячы да паляўнічага і панізіўшы голас, – малады… малады джэнтльмен можа прыехаць, калі тут будуць госці – ён, мабыць, незнаёмы з імі,– дык прасачыце, калі ласка, каб аб ім паклапаціліся. Тут, на верандзе, у нас віно, тут жа будзе і закуска. Вы разумееце, пра што я гавару, дарагі містэр Стумп?

– Чорт мяне вазьмі, калі я што-небудзь разумею, міс Луіза! Я разумею вас, калі гаворка ідзе пра выпіўку і іншае, але пра якога маладога джэнтльмена вы гаворыце, я ніяк не магу дайсці да толку.

– Ну як жа вы не разумееце! Малады джэнтльмен – малады чалавек, які павінен прывесці мустангаў.

– А-а! Морыс-мустангер! Вы, значыць, пра яго гаворыце? Павінен сказаць, што вы не памыліліся, называючы яго джэнтльменам, хаця рэдка пра якога мустангера можна так сказаць, але гэты хлопец – джэнтльмен ва ўсім: па роду, выхаванню і паводзінах, нягледзячы на тое, што ён паляўнічы на коней, да таго ж ірландзец.

Вочы Луізы заблішчалі ад радасці, калі яна пачула думку старога паляўнічага пра Морыса-мустангера.

– Але ведаеце, – працягваў Зеб, у якога, здавалася, узнікла нейкае сумненне, – я вам скажу па-сяброўску: гэтага хлопца пакрыўдзіць гасціннасць з другіх рук. Ён жа, як у нас, бывала, казалі ў Місісіпі, «горды, як Пойндэкстэр». Даруйце, міс Луіза, што ў мяне так вырвалася. Я забыў, што размаўляю з міс Пойндэкстэр – не з самым гордым, але з самым прыгожым членам гэтай сям’і.

– О містэр Стумп, мне вы можаце гаварыць усё, што хочаце. Вы ведаеце, што на вас, на нашага мілага велікана, я не пакрыўджуся.

– У каго павернецца язык сказаць што-небудзь крыўднае вам, міс Луіза?

– Дзякую, дзякую! Я ведаю ваша высакароднае сэрца, вашу адданасць. Можа, калі-небудзь, містэр Стумп… – яна гаварыла нерашуча, – мне спатрэбіцца ваша дружба.

– Яна не заставіць сябе чакаць – гэта Зеб Стумп вам можа абяцаць, міс Пойндэкстэр.

– Дзякую! Тысячу разоў дзякую!.. Але што вы хацелі сказаць? Вы гаварылі пра гасціннасць з другіх рук?

– Так, гаварыў.

– Што вы мелі на ўвазе?

– Я хацеў сказаць: не будзе толку, калі я прапаную Морысу-мустангеру што-небудзь выпіць ці закусіць у вашым доме. Хіба толькі ваш бацька сам прапануе яму, інакш ён пойдзе, не даткнуўшыся ні да чаго. Вы разумееце, міс Луіза, ён не такі чалавек, якога можна адаслаць на кухню.

Маладая крэолка не адразу адказала – яна як бы аб чымсьці задумалася.

– Ну добра, не турбуйцеся, – сказала яна нарэшце, і па яе тону можна было здагадацца, што ваганні яе закончыліся. – Добра, містэр Стумп, не частуйце яго. Толькі дайце мне знаць, калі ён прыедзе. Але, калі гэта будзе ў час абеду, ён, безумоўна, зразумее, што ніхто не зможа выйсці да яго, – тады, калі ласка, затрымайце яго крыху. Вы абяцаеце мне гэта?

– Ну канешне, раз вы мяне просіце.

– Дзякую. Толькі абавязкова дайце мне знаць, калі ён прыйдзе. Я сама прапаную яму закусіць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже