– Наадварот, ён заўсёды вельмі рады гасцям, як сябрам, так і незнаёмым. Мой малочны брат вельмі дружалюбны чалавек, але яму, небараку, цяпер мала з кім даводзіцца сустракацца.

– Ваш малочны брат?

– Так. Яго завуць Фялім О’Ніл. Як і я, ён ураджэнец Ізумруднага вострава, графства Голуэй. Толькі ў яго гаворцы ірландскі акцэнт яшчэ больш чутны, чым у маёй.

– О, як бы мне хацелася яго паслухаць! Бо дыялект графства Голуэй вельмі своеасаблівы. Ці не так?

– Мне цяжка аб гэтым меркаваць, я ж сам адтуль. Але калі вы згодзіцеся на паўгадзінкі пакарыстацца гасціннасцю Фяліма, то зможаце скласці ўласнае меркаванне.

– З вялікім задавальненнем! Гэта будзе цікава, такое новае для мяне! Няхай бацька і астатнія пачакаюць. Там шмат дам і без мяне, няхай яны зоймуцца пошукамі нашых слядоў. Гэта будзе не менш цікава, чым абяцанае паляванне на мустангаў. А я з радасцю прыму ваша запрашэнне.

– Баюся толькі, што я нічога не змагу вам прапанаваць. Фялім некалькі дзён заставаўся адзін. Сам жа ён не паляўнічы, і, мабыць, наша кладоўка пустая. Добра, што вы паспелі закусіць перад гэтай жахлівай скачкай.

Канешне, не кладоўка Фяліма заставіла Луізу Пойндэкстэр збочыць з дарогі. He надта моцна цікавіла яе і вымаўленне ірландца. I не жаданне ўбачыць хаціну мустангера кіравала ёю. Яе штурхала пачуццё, якому яна не ў стане была супраціўляцца, нібы яна верыла, што гэта яе лёс.

Луіза наведала адзінокую хаціну на Аламо, пабывала пад яе дахам. Яна з цікавасцю разглядвала яе незвычайнае абсталяванне і была прыемна здзіўлена, убачыўшы ў хаціне кнігі, паперу, пісьмовыя прылады і іншыя дробязі, якія сведчылі аб адукаванасці гаспадара хакале. З відавочным задавальненнем слухала яна забаўную гаворку Фяліма; не адмовілася і ад усялякіх пачастункаў, за выключэннем таго, што яе больш за ўсё ўгаворвалі паспрабаваць: кропелькі асвяжальнага напітку з «гэтай вось бутлі». I нарэшце, вясёлая і ажыўленая, яна паехала.

Але яе ажыўленне было мімалётным. Прыўзняты настрой, выкліканы навізной уражанняў, знік. Зноў праязджаючы па прэрыі, усеянай кветкамі, яна глыбока задумалася. I раптам у яе мільганула думка, якая абдала яе сэрца пакутлівым холадам.

Можа, яна мучылася ад таго, што заставіла так доўга трывожыцца свайго бацьку, брата і сяброў? А можа, яна стала непакоіцца, што яе паводзіны палічаць легкадумнымі?

He, не гэта мучыла Луізу. Смутак, які азмрочыў яе твар, быў выкліканы зусім іншай думкай. Увесь дзень – па дарозе ад форта да месца пікніка, пры сустрэчы на паляне, у час адчайных уцёкаў ад дзікіх жарабцоў, калі Морыс Джэральд быў яе абаронцам, у хвіліны адпачынку ля возера, на зваротным шляху ў прэрыі, пад яго сціплым дахам – увесь гэты час спадарожнік быў з ёю толькі ветлівым і карэктным.

<p>18. Рэўнасць ідзе па слядах</p>

З сарака коннікаў, якія кінуліся ратаваць Луізу, толькі нямногія заехалі далёка. Згубіўшы з вачэй дзікі табун, крапчастага мустанга і мустангера, яны сталі губляць і адзін аднаго. Хутка яны ўжо рассыпаліся ў прэрыі па адным, па двое ці групамі ў тры-чатыры чалавекі. Большасць з іх, не маючы вопыту следапыта, згубілі сляды манады і накіраваліся па іншых – магчыма, пакінутых той жа манадай, толькі раней, – слядах.

Драгуны на чале з маладым афіцэрам, які толькі што скончыў ваеннае вучылішча ў Уэст-Пойнце, таксама згубілі сляды табуна і збочылі па адгалінаванаму старому следу; за драгунамі накіравалася і большасць гасцей.

Яны ехалі па ўзгорыстай прэрыі, дзе-нідзе перарэзанай палосамі хмызняку; зараснікі і ўзгоркі засланялі коннікаў, і хутка яны згубілі адзін аднаго з вачэй. Хвілін праз дваццаць пасля пачатку пагоні птушка, што лунала ў небе, магла б убачыць з паўсотні коннікаў, якія, мабыць, выехалі з аднаго месца, але цяпер скакалі ў розныя бакі.

Толькі адзін коннік імчаўся ў правільным напрамку. Ён ехаў на моцным рыжым кані, які, праўда, не адрозніваўся прыгажосцю, але затое быў быстрым і вынослівым. Сіні, напаўваеннага крою сурдут і сіняя фуражка сведчылі аб тым, што коннік гэты не хто іншы, як адстаўны капітан Касій Калхаўн. Гэта ён гнаў свайго каня па правільных слядах; дубцом і шпорамі Калхаўн прымушаў яго бегчы стрымгалоў. Яго ж самога падганяла думка, вострая, як шпоры, – яна застаўляла яго напружваць усе сілы, каб дасягнуць мэты.

Як галодны гончы, імчаўся ён па следу, выцягнуўшы ўперад галаву, з надзеяй, што будзе ўзнагароджаны за свае намаганні.

Ён нават сам як след не ўяўляў, да чаго ўсё гэта прывядзе; і толькі па злавеснаму позірку, які час ад часу ён кідаў на рукаяткі пісталетаў, што тарчалі з кабуры, можна было здагадацца, што ён задумаў штосьці нядобрае.

Калі б не адна акалічнасць, Калхаўн збіўся б з дарогі, як і іншыя. Яго вялі добра знаёмыя сляды двух канёў. Адзін, большы, ён помніў з пакутлівай яснасцю. Ён бачыў гэты адбітак на попеле выпаленай прэрыі. Штосьці заставіла яго тады запомніць гэтыя сляды, і цяпер ён лёгка пазнаваў іх.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже