Сціплае становішча паляўнічага на коней, здавалася, не давала сур’ёзных падстаў не толькі для такой упэўненасці, але нават і для падазрэнняў.
Напэўна, гэта і было б так, калі б Калхаўн не ведаў так добра характар Луізы Пойндэкстэр; з дзіцячых гадоў яна праяўляла поўную незалежнасць, ёй уласціва была смеласць, якая межавала з безразважнасцю, – наўрад ці можна было спадзявацца, што яна палічыцца са звычаямі свайго асяроддзя. Для большасці жанчын яе кола беднасць і нязнатнасць паляўнічага на коней магла б стаць перашкодай калі не для няроўнага шлюбу, то па крайняй меры для неабдуманых учынкаў; але Калхаўн, спрабуючы намаляваць у сваім раўнівым уяўленні паводзіны Луізы, не мог спадзявацца і на гэта.
Усхваляваны падзеямі дня, які так няўдала склаўся для яго, Калхаўн скакаў да месца пікніка. He спускаючы вачэй з дрэва, падобнага на званіцу, ён адшукаў сляды манады і цяпер ужо не мог заблудзіцца. Яму заставалася толькі вярнуцца па ўласных слядах.
Ён ехаў хуткай рыссю – значна хутчэй, чым хацеў бы яго стомлены конь. Конніка падганялі змрочныя думкі. Ужо больш за гадзіну яны цалкам валодалі ім – іх горыч ён яшчэ мадней адчуваў у сваёй адзіноце сярод навакольнай цішыні. Калхаўна не ўзрадавала нават сустрэча з двума коннікамі, якія паказаліся ўдалечыні і ехалі ў тым жа напрамку. Ён адразу пазнаў іх, хаця бачыў толькі спіны, і то здалёк. Гэта былі віноўнікі яго горкіх роздумаў. Таксама як і ён, яны вярталіся па слядах дзікіх кабыл, на якія яны толькі што выехалі, калі ён іх заўважыў. Яны ехалі поруч, бок у бок. Мабыць захопленыя нейкай цікавай размовай, яны не заўважылі адзінокага конніка, які даганяў іх.
У адрозненне ад яго, яны, здавалася, не надта спяшаліся вярнуцца да кампаніі і ехалі павольна; крапчасты мустанг раз-пораз замаруджваў крок.
Іх позы, іх яўная няўвага да навакольнага і, нарэшце, іх марудлівасць – усё гэта настолькі ўзмацняла падазрэнні капітана, што ён амаль страціў самавалоданне.
Пад’ехаць галопам і груба перарваць іх пяшчотную гутарку было першае, што прыйшло яму ў галаву. Яшчэ раз ён заставіў свайго змардаванага каня скакаць хутчэй.
Аднак праз некалькі секунд Калхаўн нацягнуў павады, як быццам перамяніўшы рашэнне. Да коннікаў яшчэ не даляцеў тупат капытоў яго каня, хаця капітан цяпер быў усяго толькі ярдаў за дзвесце ад іх. Да яго ўжо даносіўся серабрысты галасок яго кузіны, якая, відаць, гаварыла больш, чым яе субяседнік. Якой цікавай для іх была гэта размова, калі яны нават не заўважылі яго набліжэння!
Калі б яму ўдалося падслухаць, пра што яны гавораць! На першы погляд здавалася, што з гэтага нічога не атрымаецца. Але чаму б не паспрабаваць?
Мабыць, яны настолькі захапіліся гутаркай, што такая магчымасць не выключана. Трава саванны мяккая, як аксаміт, і лёгкія ўдары капытоў зусім бязгучныя.
Калхаўн быў ахоплены такой нецярплівасцю, што не мог ехаць шагам; але яго рыжы конь ахвотна пайшоў інахаддзю, звычайным алюрам коней паўднёва-заходніх штатаў.
Ледзь падымаючы капыты над зямлёй, амаль слізгаючы па траве, ён прасоўваўся бясшумна, але хутка – настолькі хутка, што праз некалькі секунд ужо дагнаў крапчастую кабылу і гнядога каня мустангера.
Тады капітан заставіў свайго каня замарудзіць крок і ісці ў нагу з імі; сам жа ён нахіліўся наперад і з напружаннем прыслухаўся. Мяркуючы па яго позе, ён гатовы быў адпусціць самую грубую лаянку або, можа, ухапіцца за нож ці рэвальвер.
Яго далейшыя паводзіны залежалі ад таго, што ён пачуе.
Але нічога не здарылася. Хаця два коннікі, захопленыя сваёй гутаркай, былі глухія да навакольнага, слых іх коней аказаўся больш чуткім, і, калі стомлены рыжы конь, перайшоўшы ва шаг, стукнуў капытом, крапчасты мустанг і гняды конь ускінулі галовы і гучна заржалі. План Калхаўна пацярпеў няўдачу.
– А! Кузен Каш! – усклікнула Луіза, павярнуўшыся да капітана, і ў тоне яе прагучала не столькі здзіўленне, колькі прыкрасць. – Ты тут? А дзе бацька, Генры і астатнія?
– Чаму ты мяне пра гэта пытаеш, Лу? Я ведаю пра іх столькі ж, колькі і ты.
– Няўжо? Я думала, што ты выехаў нам насустрач. I яны таксама… Ах, твой конь увесь у пене! Ён выглядае так, нібы ты скакаў на ім доўга, як і мы.
– Твая праўда. Я з самага пачатку кінуўся за табой з надзеяй дапамагчы табе.
– Праўда? А я і не ведала, што ты ехаў за намі. Дзякую, кузен. Я толькі што дзякавала містэру Джэральду, які таксама паехаў за мной і быў так ласкавы выратаваць мяне і Луну ад вельмі вялікай непрыемнасці – дакладней, ад жахлівай небяспекі. Уяві сабе, за намі пагналіся дзікія жарабцы, і мы імчаліся ад іх, літаральна ратуючы сваё жыццё.
– Я гэта ведаю.
– Дык, значыць, ты бачыў, як яны гналіся за намі?
– He, я даведаўся пра гэта па слядах.
– Па слядах? I табе ўдалося разабрацца ў іх?
– Так, дзякуючы тлумачэнням Зеба Стумпа.
– О! Ён быў з табой? I вы ехалі па слядах да… да якога месца?
– Да яра. Зеб мне сказаў, што ты пераскочыла цераз яго. Гэта праўда?
– Луна пераскочыла.
– I ты была ў сядле?