– Пераскочылі, як піць даць. Хіба вы не бачыце слядоў іх коней не толькі тут, але і па той бок? I міс Пойндэкстэр першая. Іасафат! Што за дзяўчына! Яны абодва павінны былі пераскочыць, перш чым застрэлілі жарабца, інакш ім гэта не ўдалося б. Толькі тут і можна было пераскочыць. Малайчына мустангер! Улажыў жарабца якраз ля самага вузкага месца.

– Вы думаеце, што ён і мая кузіна разам пераскочылі яр?

– He зусім разам, – адказаў Зеб, не падазраючы, чаму Калхаўн яго так дапытвае. – Я ўжо сказаў, што крапчастая пераскочыла першай. Паглядзіце, вунь там яе сляды – па той бок яра.

– Бачу.

– А хіба вы не бачыце, што яны перакрыты слядамі каня мустангера?

– Так-так!

– Жарабцы не скакалі на той бок, ні адзін з усяго табуна. Відаць, было так: хлопец пераскочыў і паслаў кулю ў гэту скаціну. Гэта было ўсё роўна, што зачыніць за сабой вароты. Убачыўшы, што важак упаў, жарабцы спыніліся і пабеглі назад. Вось тут і сляды ўздоўж яра.

– Можа, яны перабраліся ў іншым месцы і працягвалі праследаванне?

– Калі б так, ім давялося б прабегчы дзесяць міль, перш чым вярнуцца сюды: пяць уверх па яру і пяць назад. Але нічога гэтага не было, містэр Калхаўн. He хвалюйцеся, яны больш не праследавалі міс Луізу. Пераскочыўшы цераз яр, яны з мустангерам паскакалі побач; зусім спакойна, як два баранчыкі. Небяспека для іх мінула; а цяпер яны ўжо, мабыць, паехалі туды, дзе стаіць фургон з прыпасамі.

– Едзем! – сказаў Калхаўн з нецярпеннем, як быццам яго кузіне ўсё яшчэ пагражала небяспека. – Едзем, містэр Стумп! Як мага хутчэй.

– He спяшайцеся, зрабіце ласку, – адказаў Зеб, спакойна злазячы з каня і дастаючы нож. – Пачакайце хвілін дзесяць.

– Пачакаць? Дзеля чаго? – раздражнёна спытаў Калхаўн.

– Трэба зняць шкуру з гэтага жарабца. Добрая шкура! Я атрымаю за яе ў нашым пасёлку не менш як пяць долараў. А пяць долараў не кожны дзень знойдзеш у прэрыі.

– Ліха на яе, гэту шкуру! – са злосцю адазваўся Калхаўн. – Едзем, кіньце гэта!

– I не падумаю, – стрымана сказаў Зеб, успорваючы вострым лязом шкуру на чэраве забітай жывёлы. – Вы можаце ехаць, калі вам трэба, містэр Калхаўн, а Зеб Стумп не рушыць з месца да той пары, пакуль не ўзваліць шкуру на спіну сваёй клячы.

– Ну скажыце, Зеб, што мне рабіць? Вы ж ведаеце, што я не знайду дарогу.

– Бадай, гэта падобна на праўду. Ды я і не гаварыў, што вы знойдзеце.

– Ну, паслухайце ж, упарты вы стары! Час мне вельмі дарагі іменна зараз. А вы правалтузіцеся са шкурай цэлых паўгадзіны.

– Менш чым дваццаць хвілін.

– Каля дваццаць хвілін. Але для мяне дваццаць хвілін куды даражэй за пяць долараў. Вы ж сказалі, што такі кошт гэтай шкуры? Кіньце яе тут, а я абяцаю заплаціць вам за яе.

– Так-с. Гэта чартоўскі велікадушна! Толькі мне нешта не хочацца карыстацца вашай прапановай. Гэта 'была б подласць з майго боку – прыняць грошы за такую рэч, тым больш што мы знаёмыя і нам па дарозе. З другога боку, я не магу дапусціць, каб шкура коштам у пяць долараў згніла тут, не кажучы ўжо пра тое, што яе могуць разарваць грыфы, перш чым мне давядзецца зноў пабываць у гэтых месцах.

– Чорт ведае што такое! Але што ж мне рабіць?

– Вы спяшаецеся? Так-с… Шкада, што я не магу суправаджаць вас… Стойце! Няма чаго вам чакаць мяне. Вы самі знойдзеце дарогу да месца пікніка вельмі проста. Глядзіце, вунь там дрэва на гарызонце – бачыце, высокая таполя?

– Так, бачу.

– Так-с… Пазнаяце? Гэта дзіўная расліна больш падобная на званіцу, чым на дрэва.

– Так-так, цяпер пазнаю. Мы ж прамчаліся зусім блізка ад яе, калі гналіся за дзікімі кабыламі.

– Зусім правільна. Што ж вам перашкаджае цяпер вярнуцца гэтай жа дарогай, міма таполі, і ехаць па слядах кабыл, толькі ў адваротным напрамку? Так вы і прыедзеце да месца пікніка і ўбачыце там міс Пойндэкстэр і ўсю вясёлую кампанію, якая выпівае гэту французскую дрэнь – шампэнь. I хай сабе п’юць на здароўе, толькі б не ўспомнілі пра віскі, a то мне нечым будзе прамачыць горла, калі я вярнуся.

Калхаўн ужо даўно не слухаў квяцістую прамову старога паляўнічага. Варта было яму пазнаць дрэва, якое віднелася на гарызонце, як ён прышпорыў свайго рыжага каня і паскакаў галопам, пакінуўшы старога Зеба за яго работай.

– Іасафат! – усклікнуў паляўнічы, падняўшы галаву і заўважыўшы, што капітана і след прастыў.– He трэба асаблівага розуму, каб уцяміць, з-за чаго гэта гарачка; хоць я і не вельмі здагадлівы, але здаецца мне, што гэта самая сапраўдная рэўнасць, якая гойсае па слядах.

Зеб Стумп не памыліўся. Іменна рэўнасць заставіла Касія Калхаўна паспяшацца ў зваротную дарогу. Упершыню яна пачала мучыць яго ў выпаленай прэрыі; з кожным днём яна станавілася ўсё мацнейшай, бо распальвалася не толькі тым, што ён сапраўды бачыў, але і тым, што яму мроілася; і цяпер нарэшце яна прыгняла ў ім усе іншыя пачуцці.

Мустангер падарыў Луізе крапчастага мустанга і прывучыў яго да сядла, а яна прыняла гэты падарунак, нават не спрабуючы ўтаіць сваю радасць. Гэтыя і некаторыя іншыя назіранні падзейнічалі на ўзбуджанае ўяўленне капітана, і ён болей не сумняваўся, што Морыс-мустангер стаў яго галоўным сапернікам.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже