МАКСІМ ТАНК
ЛІСТКІ КАЛЕНДАРА
УСТУП
"Лісткі календара" – гэта фрагменты маіх дзённікаў, якія пісаў я да 1939 года, да часу ўз’яднання Беларусі.
Першыя запісы адносяцца да 1932-1934 гадоў, калі я працаваў у падполлі і за ўдзел у рэвалюцыйна-вызваленчым руху быў арыштаваны і сядзеў у вядомай віленскай турме Лукішкі. Гэтыя сшыткі, запоўненыя маімі першымі вершамі, апавяданнямі, нарысамі, народнымі песнямі, пагаворкамі, сабранымі ў часы бясконцых вандровак ад сяла да сяла, – пераважна матэрыяламі літаратурнага характару, – загубіліся ў розных судовых актах.
Цудам, як кажуць, уцалелі старонкі дзённікаў, якія адносяцца да 1935-1939 гадоў, калі я быў на легальным становішчы і па заданню кампартыі Заходняй Беларусі працаваў у беларускіх і польскіх часопісах і газетах Народнага фронту: "Наша воля", "Папросту", "Беларускі летапіс", "Калоссе" і іншых. Уцалелі яны дзякуючы таму, што захоўваліся ў бібліятэцы беларускага музея імя Івана Луцкевіча і ў бацькоў у маёй роднай вёсцы Пількаўшчыне, дзе паліцаям, нягледзячы на частыя налёты і вобыскі, не ўдалося адшукаць нашы лясныя тайнікі, у якіх захоўваліся і падпольная камуністычная літаратура, і дапатопная стрэльба майго дзеда – заядлага паляўнічага.
На жаль, у дзённіках, якія ўцалелі ў рукапісным фондзе Акадэміі навук Літоўскай ССР, нехта пагаспадарыў, выбраўшы з іх акты маіх судовых спраў, прыгаворы, а самае галоўнае – турэмныя грыпсы з вершамі В. Таўлая, П. Пестрака і іншых таварышаў. Грыпсы былі мне перададзены ў 1935-1937 гадах. Засталіся толькі пустыя канверты з пералікам матэрыялаў, якія былі ў іх.
Найбольш запісаў захавалася ў мяне дома, у маёй роднай Пількаўшчыне, якая ў гады вайны была партызанскім раёнам і куды толькі два разы нямецка-фашысцкім захопнікам удалося прарвацца ў часе блакады.
Ратуючы мае рукапісы і кнігі ад вайны і ад курыльшчыкаў (бо паперы не было дзе дастаць), бацька закапаў іх на ўзлессі ў бульбяной яме, дзе яны і праляжалі да канца вайны.