Мне і сённяшні дзень трэба было б вырваць і знішчыць, хоць і шкада, бо ён быў запоўнены незвычайнымі сустрэчамі, думкамі, марамі. Але каб усё гэта не паслужыла пачаткам для новага опуса пана пракурора Д. Пятроўскага, я толькі занатую, што ў мяне быў дзень сёмага студзеня, калі ў Закрэце ішоў мокры снег, калі ў маёй кішэні было толькі трыццаць грошаў на хлеб, а ў галаве – пачатак новага "выўратовага" верша. Да ўсяго гэтага, я замёрз, як цюцька. Толькі на старой сваёй кватэры (вул. Буковая, д. 14) крыху адагрэўся. Любіна маці пачаставала мяне дранікамі і кубкам гарачага чаю.
Уважна прачытаў адозву Лігі абароны правоў чалавека і грамадзяніна, у якой сказана пра Картузскую Бярозу, што гэта – лагер, яшчэ горшы за царскую катаргу. У пераднавагоднім нумары "Работніка" (23/ХІІ 1934 г.) надрукавана патрабаванне ліквідацыі Бярозы і прыцягнення да адказнасці віноўных у злачынствах супроць арыштаваных. Гэта – першая прабоіна ў сцяне маўчання, што была ўзнята вакол засценкаў канцлагера. Да поўначы засталося 15 мінут. Цікава, колькі гадзін, начэй і дзён, колькі яшчэ гадоў – да сапраўднага світання?
8/I
Па суседству з домам, у якім жыве П., – чатыры касцёлы. У нядзелю можна аглухнуць, калі яны ўсе разам пачынаюць званіць. На пару дзён пазычыў у П. "Левар" і "Часопіс для ўсіх" (1932), які, помню, так хутка быў канфіскаваны паліцыяй, што я нават не паспеў панюхаць, як пахне друкарская фарба маіх першых надрукаваных твораў. Паказваў ён мне і часопіс "Крыгалом", выдадзены групай прагрэсіўных беларускіх студэнтаў, і львоўскую аднадзёнку "Беларускае жыццё" (7/ІV 1932 г.) з маім вершам "Заштрайкавалі гіганты коміны", які ўпершыню я падпісаў сваім новым псеўданімам – Максім Танк.
9/I
Аднекуль з’явілася мелодыя. Яна кужэльнай ніткай пацягнула за сабой вобразы, вобразы-рыфмы, апошнія ляглі ў верш. А ўвесь гэты абвал выклікала мелодыя забытай матчынай песні, словы якой не магу аднавіць у памяці. Забег да Т. Ён расказаў мне пра гераічную смерць Андрэя Малько. Калі асуджанага паднялі да шыбеніцы, ён крыкнуў у твар сваім катам: "Вешайце вышэй, каб відаць было мне, як гараць вашы маёнткі…". Я ўспомніў і веснюю раніцу на Лукішках, і стук тапароў, які мы чулі ў сваіх казематах, калі яму збівалі шыбеніцу, а потым – маленькія чырвоныя карткі, развешаныя ў Мядзеле, у якіх паведамлялася аб яго смерці. Чырвоныя карткі! Як часта яны з’яўляюцца на нашых шляхах! Трэба будзр пра іх напісаць. Вось так і не магу ніяк развітацца з цяжкай астрожнай тэмай.
14/I
Чацвер. Сёння нашы, напэўна, недзе кірмашуюць. Праз два-тры дні прыедуць фурманкі мядзельскіх купцоў і, можа, прывязуць мне якую пасылку. Вечарам быў вольны час, і я глядзеў у кінатэатры "Пан" цікавы польскі фільм "Малады лес", а потым яшчэ два сеансы адседзеў у "Геліосе", дзе паказвалі цудоўны фільм А. Граноўскага "Маскоўскія ночы".
Каля мяне седзячы, бедавалі два ягамосці:
– А гарэлка, пане, "Выбарова" – чатыры злотых сорак грошаў, "Люксусова" – шэсць злотых… Не дзіва, што хлопы гоняць самагон…
Прызнацца, я і не ведаў, што такая дарагая гарэлка, бо ніколі ніхто ў нас ёю не цікавіўся. Амаль тры пуды жыта каштуе літр гэтай "Люксусовай"! I хто яе такую п’е?
Мароз амаль зусім адваліўся. На тратуарах – мокрая калатуша. Паўдзённы вецер гоніць над горадам цяжкія хмары, з якіх, як з мяхоў муку, вытрасае снег. Снег! Ніколі я так не радаваўся яму, як у юнацтве, калі ганяў статак на пашу. Вясной і летам трэба было рана ўставаць, а восенню дакучала мокнуць і мерзнуць на нашых балотных пашах. I вось настае такі дзень, калі ніхто цябе не будзіць, хоць даўно пара ўжо ўставаць. У прадчуванні нечага радаснага расплюшчваеш вочы і дзівішся: якім надзвычайным святлом свецяцца шыбы! Падбягаеш да акна і бачыш – снег!
На Ігнатаўскім завулку сустрэў вялікую групу арыштаваных. Усе ішлі са скутымі рукамі. Ішлі сярэдзінай вуліцы, акружаньш паліцыяй. Відаць, пераганялі іх на Лукішкі.
15/I
УК., з якой да свайго арышту ў 1932 годзе дружыў інжынер Сцяпан – Хведар Аніськевіч, засталася цікавая бібліятэка і шмат рукапісаў, прывезеных ім з Прагі. Яна паказала мне перапісаныя рукой Сцяпана вершы I. Дварчаніна. Праўда, вершы з мастацкага боку вельмі слабыя. У адным з іх, "Вечнасць", аўтар гаворыць:
…Як і мухі, людзі
Родзяцца і мруць.
Так было, так будзе…
Эх, жыццёвы пуць!
Вечнасць застаецца
У сабе сама,
З усяго смяецца,
Што было й няма.
Бачыў некалькі вершаў і лістоў Л. Радзевіча і У. Жылкі. Я і не ўяўляў, што ў гэтага пражаніна было такое замілаванне да паэзіі. Я цяпер разумею, чаму ён цікавіўся і маімі вершамі, даючы ім дарогу на старонках "Пралома", "Часопіса для ўсіх" і іншых аднадзёнак.
На пару дзён пазычыў у К. "Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва" М. Шчакаціхіна і "Расцвет культурна-нацыянальнага жыцця Усходняй Беларусі" I. Свянціцкага.
21/I