Пасля доўгага чакання, ноччу Кірыл Карабейнік з хлопцамі прынеслі некалькі мяхоў літаратуры. Адразу мы яе размеркавалі: частку паслалі на Заворнач, а частку – на Нарач. Я пакінуў сабе пачытаць толькі некалькі зборнікаў савецкай паэзіі, пару часопісаў ды "Библию для верующих и неверующих". Усё гэта схаваў у старой крушні, дзе некалі дзед хаваў сваю жвіроўку, покуль не знайшоў ёй лепшае месца ў гумне.
Відаць, зноў гэтымі днямі паеду ў Вільню. Там, чуваць, пачаліся антысеміцкія выступленні эндэкаў, сутычкі, біццё на Нямецкай вуліцы акон, вітрын…
14/II
Толькі што вярнуўся з Браслава. I трэба ж было трапіць у гэта мястэчка пад суботу. Зайшоў у адзін, у другі дом, дзе меўся спыніцца і пераначаваць, а там гараць свечкі, моляцца старыя яўрэі. Хацеў ісці ў Слабодку, але далекавата. 3 возера дзьмуў пранізлівы вецер. За апошнімі хатамі каля дарогі – нейкія канавы, ямы. Заснежанае поле з чорнымі гарбамі азімай раллі здалося пакалечаным, самотным. Вярнуўся на вакзал. Некалькі чалавек грэлася ля печы. Прайшоў паліцэйскі, аглядаючы пасажыраў. Сонны касір марудна выдаваў білеты. Я забіўся ў куток і пачаў абдумваць: што адказаць, калі нехта пацікавіцца, чаго і да каго прыехаў я ў Браслаў… Далятаюць абрыўкі нечага расказу:
– Круты і жывы быў чалавек. Я ўжо думаў, і смерць яго не дагоніць. Аднойчы хацелі яго злавіць за тое, што паляваў у казённым, дык дзе там! Стралялі. Куля – за ім, а ён – за дрэва, куля – за ім, а ён – за стог… Так і ўцёк… Тады было голадна. Елі свірэпку, крапіву, лебяду, валошку, чарнобыль… Зноў са сваёй неадлучнай качаргой – карабінам – прайшоў паліцэйскі.
– У нас на магільніку, у склепе, дзе быў пахаваны стары Васютоўскі, знайшлі нейкую крамольную "бібулу". Прыйшоў камендант у двор да яго сынаі пытае: "Ці знае пан дзедзіц, што ваш бацька на магільніку займаецца какуністычнай прапагандай?" У сына аж валасы на галаве дыба сталі. Рогат.
– А што гэта, вашаць, кульгае? Можа, каб не пайсці ў войска? Адзін у нас так разгнявіў рану кураслепам, што ледзь самога выхадзілі. Думалі, што памрэ, бо ўжо нічога не мог браць у рот, нават – гарэлкі.
"Здаецца, слухаеш Адзісею, у якой, на жаль, не будзе свайго Гамера" (Гейнэ). А можа, усё гэта, што перажываем, некалі знойдзе свае адбіццё ў літаратуры?
Хіліць сон. I гадзіннік застыў – ледзь перасоўвае свае стрэлкі…
Аж сёння, здаецца, чую сцюжу ночы, праведзенай на вакзале. Праўда, калі развіднела і калі крыху адагрэўся ў чайной, Браслаў мне выдаўся і весялейшым, і цікавейшым мястэчкам, якое працягнулася паміж азёр. На агародах чарнеюць, выцягнутыя і перавернутыя днішчамі ўгару, рыбацкія лодкі.
Каб не забыцца, калі прыеду ў Вільню, схадзіць на Гетманскую вуліцу да М., які абяцаў пазычыць мне апошнія літаратурныя навінкі. М. раней жыў на Віленскай, 12, у доме, дзе калісьці знаходзілася рэдакцыя "Маланкі". Відаць, з тых часоў у яго захавалася шмат кніг беларускіх пісьменнікаў: Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, 3. Бядулі, М. Багдановіча, М. Чарота.
Мне здаецца, набліжаецца час, калі кніга перастане быць адзіным пасланцом культуры. Але ў нас яшчэ і кніга з’яўляецца рэдкім госцем у сялянскай хаце. Найчасцей гэтай кнігай бывае каляндар. Прызнацца, з яго пачалася і мая нацыянальная свядомасць.
15/II
У старых сваіх паперах знайшоў перапісаную яшчэ ў 1932 годзе ў перакладзе Ю. Тувіма на польскую мову паэму Ул. Маякоўскага "Воблака ў штанах". I чарніла выцвіла, і тэкст зрабіўся невыразны. Трэба будзе нанава перапісаць яе ці, лепш, вывучыць на памяць. Эх, каб мог дзе я знайсці гэту рэч на рускай мове!
З Галоўнай управы ТБШ прывалок цэлую кіпу кніг, выдадзеных некалі былым Пасольскім Клубам. Чытаю I. С. "Марксізм і нацыянальнае пытанне". Мне здаецца, што да вядомага ўсім акрэслення нацыі трэба было б там, дзе гаворыцца аб супольнасці мовы, дадаць яшчэ: любоў да яе і замілаванне. А то і на маёй Мядзелынчыне – побач з заявамі, у якіх сяляне патрабуюць адкрыцця беларускіх школ, – мясцовыя ўлады збіраюць подпісы людзей, якія, наадварот, выказваюць пажаданне, каб іх дзеці вучыліся ў польскіх школах, бо "куды яны пададуцца ў людзі са сваёй мужыцкай мовай?". Праўда, гэтыя заявы часцей за ўсё пішуцца не па сваёй волі, а пад націскам асаднікаў, солтысаў, паліцыі, ксяндзоў і некаторых настаўнікаў, што прыехалі з Цэнтральнай Польшчы і перакананы, што гэтым робяць паслугу сваёй дзяржаве і свайму народу.
17/II
Прывычка – не цікавіцца тым, чаго не трэба знаць, і людзьмі, знаёмства з якімі не з’яўляецца неабходным, часам шкодзіць мне як пісьменніку, бо пачынаю праходзіць міма многіх спраў і з’яў у жыцці, вартых большай увагі і роздуму.
За акном – сонечная сінь, аж нельга ад яе адвесці вачэй. На вуліцы – смех дзяцей. Ён нагадвае звон жаўрука, калі той вясновай песняй палошча сваю дзюбу.