У вёску летам наязджалі дачнікі. Сыны дачнікаў хадзілі ў кароценькіх чорных штанах і кпілі з тых, якія хадзілі ў зрэбным. Каб адпомсціць, зрэбнікі аднойчы павялі старэйшага хлапчука дачніка ў лес і пратрымалі яго там да вечара, наўмысна, каб яму камары пакусалі ногі. Пазней у гэтага хлапчука Круміньскі ўбачыў свісток і пачаў марыць аб ім. Аднойчы ён папрасіў у хлапчука дазволу свіснуць, а той не даў, назваўшы яго заразным. Гэта пакрыўдзіла. У той-жа дзень ўвечары Круміньскі прыцікаваў хлапчука і сарваў свісток з яго шыі. У дварэ на крык паніча збегліся ўсе дарослыя, каб адабраць свісток. Яго загналі ў кут паміж хатай і клеццю. Уцячы нельга было, перад ім быў высокі плот з дошчак і ён шыбануў свісток за плот. Яго злавілі і набілі, але свістка не адабралі. Цэлую ноч ён марыў пра свісток, запамятаўшы на крыўду, і з сонцам палез за плот шукаць яго. За плотам быў агарод суседа. Ён доўга поўзаў, хаваючыся, па градах, шукаючы свістка у гарбузах і ў агурочніку і ў траве каля плоту. Ён увесь вымак ад расы, запэцкаўся у гразь і пабадзіў крапівой рукі, ногі і твар, але свістка не знайшоў. Шукаў так некалькі разоў і ўсё дарэмна. А цераз год, вясною, перад самым вялікаднем, увайшла ў хату сястра, яна хадзіла капаць хрэн, і падала яму цацку. Гэта быў свісток, паржавелы, забіты зямлей, сагнуты, але той самы, аб якім ён так доўга некалі марыў. Абрадаваны ён доўга выкалупваў з свістка зямлю, чысціў яго і выпростваў, седзячы на гары. Праз нейкі час свісток быў зусьм як новы. Ён асцярожна аглядзеў яго і паднёс да губ. Ён некалькі разоў дуў у яго, то моцна, з ўсёй сілы, то ціханька, ледзь датыкаючыся да яго губамі. Свісток маўчаў. З’едзены іржой ён сапсаваўся і перастаў свістаць. Але ў гэта не хацелася верыць. Ён яшчэ і яшчэ падносіў да губ бліскучы канец свістка і ўрэшце заплакаў ад крыўды і бяссілля што-небудзь зрабіць. Не верылася, што свісток сапсаваўся і ён не выкінуў яго, а схаваў на гары пад кроквай і некалькі разоў хадзіў спрабаваць яго, усё яшчэ спадзяючыся пачуць пераліўчаты звонкі свіст.
Круміньскі не заўважыў, як адчыніліся дзверы камеры. Калі ён павярнуўся тварам да дзвярэй, яго на момант асляпіла святло электрычнага ліхтарыка і не паспела яшчэ сыйсці з вуснаў усмешка, абуджаная ўспамінамі пра свісток, як абудзілася пачуццё страху. Па сходках, сагнуўшыся, ад чаго плечы яго здаваліся на адным узроўні з вушамі, сышоў Кірыльчык. Ён трымаў у левай руцэ ліхтарык, шукаючы святлом Круміньскага, яго твару. За ім сыйшлі, гэтак жа сагнуўшыся, як бы рыхтуючыся біць яго галовамі, жандармы. Адзін з іх прычыніў за сабою дзверы. Момант адзін Круміньскі нічога не разумеў. Было падобна, што ў стройны лад мыслей уварвалася нешта зусім незнаёмае і лішняе. Потым зразумеў, што прышлі біць яго і ўсё цела, ужо угадваючы боль, напружылася, нервы наструніліся да звону ў вушах і ён застыў на месцы. Некалькі ўсяго секунд стаяў ён так, адчуваючы як да апошняга сціскаецца ў тугі камяк усё цела, як туга нацягваюцца нервы. Да болі ў вачах. Стоячы ён чуў, не адгадваў, а чуў як стукае сэрца і чуў як сапе, набліжаючыся да яго, Кірыльчык. А Круміньскі нават стрымліваў дыханне. Святло ліхтарыка спаўзло з твару на грудзі і ён, павёўшы за святлом погляд, убачыў каля грудзей сціснутыя ў кулакі рукі. У твар дыхнула пахам гарэлкі. І за гэтым, ускрыкнуўшы, Кірыльчык ударыў кулаком у грудзі каля левага пляча. Удар быў не вельмі моцным, але за ім Круміньскі адчуў, што цела вызваляецца ад несцерпнага напружання. Ён здолеў скрануцца з месца і адступіўся да сцяны. Ужо калі адчуў локцямі рук холад сцяны, ударылі ў твар і адначасова ботам у калена і зноў кулаком у грудзі. Кірыльчык узвізгнуў і адскочыў, але адразу накінуліся жандармы. Удары сталі больш частымі. Хаваючы ад удараў твар, згінаўся, аддаляючыся ад сцяны галавою, але тым з большай сілай удараўся аб яе. Калі ўпаў на падлогу, памятаў яшчэ, што трэба як небудзь схаваць твар і лёг на падлогу грудзямі. Тады адчуў тварам прыемны холад падлогі, які расплыўся па целу і знік у густой і цяжкай цішыні. Калі ён пасля паспрабаваў расплюснуць вочы, цішыня, густая і чорная размашыста пагойдвалася. Ён як бы плаваў ў ёй сваім згубленым, стаўшым чужым, целам. Пасля цішыня разарвалася, напоўнілася незмаўкаючым звонам, а цела апала на холад каменнай падлогі і адчулася больш як сваё. Цела заныла тупым і нясцерпным болем. Балелі і сківіцы, так моцна былі сціснуты зубы. Паспрабаваў прыўзняць галаву. Звон пасіліўся і перад вачыма замітусіліся няўлоўныя, рознакаляровыя іскры. Падцёг па падлозе руку і тварам лёг на яе. Твар саграваў уласным сваім дыханнем. Паспрабаваў разняць вусны, але яны толькі шавяліліся, пачуўся ціхі, прыглушаны стогн. За гэтым раптам мільганула страшная думка пра страту здольнасці гаварыць; ён ведаў пра выпадкі, калі чалавек нямее пасля збіванняў. Правяраючы сябе, з сілай разняў вусны і пачуў уласны голас, як назваў імя Лены. І тады захацелася адчуць на ілбе прыемную прахладу яе рукі.
* * *
Калі Лена прышла да Дубраўца, у яго сядзеў незнаёмы ёй мужчына.