— Я ведаю,— глуха сказаў Багдановіч і зноў пачаў шукаць поглядам вачэй Круміньскага.— Я павінен быў ісці разам з імі.

— Вывесці.

Жандармы штурханулі Багдановіча ў калідор і зачынілі дзверы.

— Што-ж скажа падпаручык цяпер?

Яны стаялі адзін перад другім маўклівыя. Гэта цягнулася некалькі секунд. На губах палкоўніка параджалася хітрая ўсмешка. Ён заўважыў нерухомасць погляду Круміньскага і заўважыў, як уздрыганулі яго вусны. Іх варухнула нахлынуўшае пачуццё крыўды, што не разгадаў усяго, што адбылося. Трэба было ўсё асмысліць і зразумець і не толькі тое, што адбылося ў яго перад вачыма, але і яго адносіны да ўсяе справы, да лёсу таварышоў, якія на волі. Ад напружання скрыганулі зубы.

— Скажаш? — Выгнуўшыся, палкоўнік знізу зазірнуў яму ў твар.

— Не...

Гэта было хутчэй адказам на свае думкі, чым на пытанне палкоўніка.

Палкоўнік пазваніў і адразу ўвайшлі жандармы.

— На ніз!.. Кірыльчыка!..

* * *

Калі Круміньскі пачуў за плячыма ў сябе голас палкоўніка Шэмета, які загадваў прыслаць Кірыльчыка, ён міжвольна ўздрыгануў. Кірыльчыка, начальніка мясцовай контрразведкі, ён ведаў. Пра яго нават на волі гаварылі са страхам і трывогай. Палкоўнік сваю гульню скончыў і перадаў справу Кірыльчыку. Цяпер бліжэй канец ёй. У адну з мінут прыдуць у камеру на чале з Кірыльчыкам жандармы. Жандармы будуць стаяць каля дзвярэй, шчыльна прычыніўшы іх за сабою, а Кірыльчык выйдзе наперад і моўчкі будзе доўга стаяць перад ім. Кірыльчык называе гэта псіхалагічным уздзеяннем. Высокі, з уросшай у плечы, як у гарбуна, галавой, ён будзе доўга стаяць так, з засунутымі ў кішэні рукамі, пахвілінна аблізваючы языком таўстыя, мясістыя губы, пачмыхваючы носам. Пасля выне з кішэні руку і павольна ударыць у твар, абавязкова ў твар і ўсяго адзін раз, а тады адыйдзе і кіўне галавою жандармам. Жандармы пачынаюць біць неахвотна, лена, нават не вельмі моцна, потым звярэюць ад сваіх удараў, ад крыві і стогнаў збіваемага і б’юць, каб біць, каб збіць чалавска ў скрываўлены кавалак мяса, пакуль іх не спыняць. Тады яны паслухмяна, але раз'яраныя, адыйдуць, кінуўшы сваю ахвяру.

Пра такія збіванні Круміньскі чуў не адзін раз. Няўжо-ж і яго будуць біць гэтак-жа? Ці здолее ён маўчаць, каб не застагнаць. І каб не паказаць, што ён баіцца. Самае страшнае ўдары ў жывот і ў твар, і адчуванне вялікай крыўды ад бездапаможнасці. Страх будзе, пакуль будзе адчуваць боль, да страты прытомнасці. Ён пра гэта думае не ўпяршыню. Значыць, каб утрымацца да таго часу.

У калідоры, у адной з камер па незвычайнаму моцна стукнулі дзверы. Круміньскі застыў на месцы. Ён ведаў: лепш было-б, каб прышлі тыя зараз, хутчэй. Калі давядзецца доўга чакаць, ён будзе ўвесь час думаць пра іх і страх будзе нарастаць. Прыслухаўся. У цішыні ён адразу пачуе іхныя крокі: яны будуць цяжка тупаць ботамі. І тады здолее падрыхтавацца, каб сустрэць іх зусім спакойна.

Ужо некалькі разоў Круміньскі прыслухоўваўся да нейкіх глухіх гукаў, якія даходзілі згары. Цяпер прышла здагадка, што ўгары над ім камера. У камеры чалавек. Ён ходзіць. Круміньскі чуе, калі ён ходзіць. Здагадка ўмацоўвалася. Каменныя клеткі. У кожнай чалавек. Прыходзячы сюды, чалавек пачынае думаць пра сваё дзяцінства.

Круміньскі хадзіў па камеры з кута ў кут, па сваёй звычайнай сцежцы: шэсць крокаў у адзін канец і шэсць назад. Цесна. Людзі з часам вызваляць сябе з каменных клетак, збудаваных для іх гаспадарамі жыцця і раскрыюць для сябе нязмерную шырыню свету. Каменныя клеткі турмаў застануцца на зямлі як надпісы, як сведкі часу, у які жыве ён.

Круміньскі прыпомніў адзін з гарадоў, у якім ён быў не так яшчэ даўно. Гэта было адразу пасля адыходу з гораду Чырвонай арміі. Ён пашоў знаёміцца з горадам і трапіў у гарадскі сад. У садзе, у самым цэнтры яго, стаялі кругом чалавек дванаццаць легіянераў. Змеціўшы яго, афіцэра, яны расступіліся і адзін з іх, неяк нясмела сказаў, паказваючы на пясчаны насып, зроблены сярод зялёнай травы саду:

— Дошчачку выкінуць трэба, напісалі за міравую рэволюцыю!

Над насыпам высілася дошчачка і па свежа абцясанаму было па рускі напісана вялікімі друкаванымі літарамі:

«Тише, граждане! Здесь спит юный комсомолец Коля, погибший за мировую рабочую революцию».

— Мы ваюем не з мёртвымі,— сказаў ён і пашоў далей у глыб саду. Ходзячы там, ён баяўся, што ўрэшце прыдуць другія легіянеры, растопчуць нагамі магільны насып, вырвуць з яго дошчачку з надпісам і закінуць яе ў траву. Але калі вяртаўся з саду, убачыў магілу некранутай і абрадаваўся.

Круміньскаму захацелася ўявіць невядомага яму юнака комсамольца Колю. Якім быў ён? У працягу апошніх паўтары год, ён не раз бачыў комсамольцаў: і на нелегальных партыйных сходах і арыштаваных, пад канвоем легіянераў. Вельмі часта гэта былі хлапчукі і дзяўчаты па шаснаццаць-семнаццаць год. Гэта акурат, якім быў ён сам гады за два да вайны.

Перейти на страницу:

Похожие книги