— Баба Крум! З'явіся нам, дай тое, што я хачу, — моцным, уладным голасам сказаў я.

— Вітаю Дзевяты і Выратавальніца. Я дам вам выбар, — звышнатуральны шэпт Бабы Крум чуўся адначасова з розных куткоў пячоры, хоць яе саму не было відаць. — Вы можаце застацца тымі, хто вы ёсць і атрымаць жазло уладара выдр. Ордэн не пасмее помсціць таму, у каго такі артэфакт. Пры дапамозе жазла, братэрства было створана Вялікім Заснавальнікам.

— Нядрэннае фэнтэзі атрымліваецца, хоць ужо пайшло неяк зусім банальна, — заўважыў я. — Супер-шмупер артэфакты, загадкавыя заснавальнікі! Толькі я сапраўдны заснавальнік гэтага ўсяго.

— Слухай мяне! — сыпкі шолах Бабы Крум стаў трохі гучней і злей.

— Добра, — без спрэчак пагадзіўся я.

— Ці ж вы можаце выпіць з двух шклянак і стаць звычайнымі, дурнымі, бязглуздымi людзьмі. Толькі гэта можа зрабіць вас сапраўды шчаслівымі. Рашайце!

Прама перад нашымі тварамі, на квадратным камені-алтары, з'явіліся дзве ўпрыгожаныя дэсанню шклянкі. Яны былі напоўнены да краёў нейкай бірузовай вадкасцю. Трэба было рашыць.

— Я заўсёды марыў быць разумнейшым за ўсіх, — сказаў я нягучна і сумна. — Але аказалася, што на інтэлектуальных вяршынях, па сутнасці, нічога няма. Дакладней, там нуда асобы, якая існуе сярод хвалістых папугайчыкаў, бо не лічыць жа роўнымі сабе тых, хто жыве дзеля пакупкі дывана, водпуску ў Егіпце, п'янак з калегамі па працы і таму падобнай бязглуздзіцы. Не, гэта папугайчыкі. Ды і так званыя інтэлектуалы, у масе сваёй, тыя ж глумныя птушачкі, але з амбіцыямі і багемнай пыхай. Яшчэ горш тое, што справы папугайчыкаў можа быць не больш асэнсаваныя, чым мае. У гэтым парадокс. Яны папугайчыкі, але не факт, што ў маім існаванні больш сэнсу. У нас ёсць культ творцаў, таму што вінціць гайку на заводзе могуць многія, а напісаць, умоўна кажучы, геніяльную аповесць — далёка не ўсе. Вядома, я больш рэдкі фрукт — авакада сярод мясцовай падгнілай алычы. Але што з таго? Няўжо я ведаю для чаго я тут, чаму павінен буду сысці кудысьці (а можа проста знікнуць, назаўжды страціўшы прытомнасць). Усё жыццё разумніка — такая ж пустая пагоня за тым, што ўсё роўна нельга ўтрымаць (а часам нават атрымаць), як і жыццё дурня. Пры гэтым жыццё крайняга ідыёта, алігафрэна ў медыцынскім сэнсе, пазбаўлена ўскладненняў, гэта значыць, у некаторым родзе, нават лепшае за жыццё фанаберлiвага творцы. Калі да гэтага ідэалу не атрымаецца дацягнуцца, то можна хаця б стаць прасцей. Карацей, думаю, мне варта выпіць гэтую шкляначку. Ты са мной?

Аля захоўвала маўчанне. Яна апусціла галаву і не глядзела на мяне. Секунды — стагоддзі. Чаканне вісела ў паветры. Павольна падняўшы руку да адной са шклянак, яна злёгку штурхнула яе сваім мезенчыкам. Бдзінк! Узорыстая пасудзіна перакуліўся. Бірузовая вадкасць пацякла па бардовай кары масіўнага каменя і нібы радасны вадаспад палілася з краю незвычайнага алтара.

— Ты можаш выпіць, калі вельмі хочаш, — ціха сказала Аля ўсё яшчэ не гледзячы на мяне. — Але я не магу з гэтым пагадзіцца. Я пакахала цябе такім, які ты ёсць, і я кахаю цябе зараз, — у гэты момант яна падняла свае немагчымыя вочы, — кахаю менавіта такім.

Нечакана вада ў возеры змяніла колер і стала далікатна блакітнай. Я ўжо ведаў, што абяру. Узмах рукі і мая шклянка вывяргае бірузовы паток да нашых ног.

— Дурная дзеўка, — вымавіў я, ціхім, пяшчотным шэптам.

— Боўдзіла, ты яшчэ пашкадуеш, — прашалахцеў у апошні раз голас Бабы Крум. Потым запанавала поўная цішыня.

Я расплюшчыў вочы. Мой ложак. Ніякіх выдраў і шклянак з дзіўнай вадкасцю. Затое побач спала «Аля». Я паспрабаваў аглядзецца. Калі посахі тут і былі, то дакладна не магічныя.

Я ціхенька злез з ложка. Здаецца, я ўсё яшчэ ведаю хто такі Гегель, а значыць абрад «абдурвання» ад Бабы Крум не праводзіўся. Ці пашкадую я пра гэта? Вельмі верагодна.

Затое за акном расце мой сад. Тут у мяне яблыні, і бэз, і грушы, і таполі, і вішні, і агрэст, і зялёная траўка з кветкамі. На самых высокіх дрэвах — цэлая куча амелы. Часам яе вечна зялёныя шчупальцы падаюць на дарожкі саду… Вырваныя ветрам яны асуджаны на смерць, але яшчэ неверагодна доўга супраціўляюцца ёй, нават калі зямлю пакрывае белы, хрумсткі снег.

<p>Міні-апавяданні з сацыяльнай сеткі</p><p>12 кастрычніка 2017</p>

Неяк у беларускамоўным гіпермаркеце Еўраопт у Гродне, я ўзяў нейкую дробязь і адправіўся на касу. Беларусамоўнасць праяўляецца, у прыватнасці, у тым, што касіры гавораць на мове. Але, праўда, не заўсёды. Але калі б заўсёды, дык гэта ўжо было б дзіўна, так? Ну, карацей, часам кажуць, а часам няма і калі кажуць, то звычайна ўсяго пару слоў. Касіры на працы ўвогуле не вельмі шматслоўныя. Можа здацца, што завучыць парачку касірскіх фраз можна без асаблівай натугi, нават калі чалавек не ведае мовы…

— Добры дзень, — сказала дзяўчына касір. — А нужэн вам пакецік? А можаце пасматрэць, можа есьць тры капэйкі? Пасматрыце, калі ласка.

Вось гэта выдатны ўзровень мовы, так… і я адказаў:

— Не-не, я загадзя паглядзеў і ведаю, што трох капеек няма. Што ж зробіш.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже