— А мама як там? Спіць? Ёй хоць не кепска? А то бывае ёй дрэнна, калі нап'ецца?

— Спіць.

Схлусіў я, каб хлапчука не трывожыць, а той усё не супакойваецца.

— Можа я ўсё-ткі дадому пайду, а, дзядзька Антон? Раптам маме дрэнна будзе. Я хоць памагу, калі што.

Памаўчаў я трохі, а сам адчуваю, што слёзы да вачэй падступілі.

— Не, Віцька. Не хадзі. Спіць яна ціха. Усё добра. Заўтра сустрэнецеся.

Ледзь паклаў хлопца. А сам думаю:

«Сапраўды малец гэты дзіўны нейкі. Як маці такую любiць можна. А гэты вось можа. Рабі дабро людзям, хай б'юць ботам у грудзі, як той казаў».

Так і ішоў час. Часта Віцька ўцякаў да нашай хаты. Ну а як падрос, маці стала баяцца яго біць. Стаў ён хлопцам высокім і моцным, з цёмнымі вусікамі, і з велікiмі такімі рукамі. Цэлы дзень мог мяшкі з мукой цягаць і нават не змакрэць. Дзеўкі ў вёсцы аж уздыхалі, калі Віцька міма ішоў.

А потым пачалася вайна. Было тады Віцьку ўжо семнаццаць гадоў.

Неяк ехалі мы з бацькам на возе ў Дэмбрава, і тут нас трое немцаў спынілі. П'яныя былі фрыцы, як твае зайцы вясной. Усталі мы, а адзін немец кажа:

— Кута ехай?

— У Дэмбрава, — адказваем.

— А зачыем?

— Дровы хочам прадаць.

— Трафа?

— Дровы.

Пераглянуліся немцы. Відаць свярбіць ў іх у азадках нешта. Хочуць прычапіцца і думаюць як. Ну самы здаровы фрыц доўга думаць не стаў і кажа бацьку:

— Злазь, морта, і кланайся нам.

А бацька маўчыць, як вады ў рот набраў

— Кланайса. Шнэль, кланайса! Тафай!

Пакрычаў той немец трошкі і замоўк. Глядзіць на бацьку, а той на яго. А ў бацькi дык погляд жорсткі. Часта яму казалі, што як у вочы ён паглядзіць, так у чалавека і сэрца абваліцца. Вось і немец той не вытрымаў. Адвёў вочы. Ну а бацька хацеў ужо каня хвастануць і далей ехаць. І тут немец той, сволач подлая, пісталет выхапіў і два разы ў бацьку стрэльнуў. Я наперад ірвануўся, але ўдарылі мяне прыкладам у патыліцу. Тут у мяне ў вачах і пацямнела. А калі адкрыў я вочы, аказалася, што ляжу ў сваёй хацiне, а каля мяне Віцька стаiць. Ён мяне дахаты давёз, пасля таго як на дарозе падабраў. Доўга я ля калёс ляжаў, а бацька на возе. Толькі ў яго ўжо ўстаць не атрымаецца. Забіў яго немец. Ну, а калі вылежаўся я трошкі дома і ўстаў, сталі мы вырашаць, што далей рабіць.

— Мне ваш баця як родны быў, дзядзька Антон, — так мне Віцька сказаў.

Вырашыў я, што плакаць доўга не буду.

— Пайду я да партызанаў, Віця.

Бачу вочы ў пацана загарэліся, як калісьці даўно, калі я яму пра расцiнкi расказваў.

— Я дык і сам пра гэта думаў. Правільна вы кажаце. Вазьміце і мяне з сабой.

— Не магу, Віцька.

— Чаму?

— Так сумленне мяне зьесьць. Ты ж пацан яшчэ. Заб'юць цябе жаўтаротага, што мне рабіць? Як самому сабе дараваць, што я цябе з сабой узяў? Не. Не магу.

— Дык не хлопчык я ўжо. Вы ж бачыце, дзядзька Антон. Вы мяне з вашым бацькам чалавекам гадавалі. Каб не вы, мне б і жыць не было дзе, калі маці з дому гнала. Хачу я немцам за бацьку вашага адпомсціць. І за краіну. За ўсіх нас. Не возьмеце, так я ўсё роўна ўцяку ў лес.

Што тут рабіць. Пахавалі мы бацю, развітаўся Віцька са сваёй Іркай, якая яму і слова добрага на развітанне не сказала, і на наступны дзень мы ўжо ў лесе былі. Немцы партызан знайсці не маглі, але мы ведалі той лес добра. Знайшлі партызан. І ў атрад нас прынялі.

Доўга распавядаць аб розных нашых справах. Пускалі мы нямецкія цягнікі пад адхон, лавілі іх невялікія групы, а часам і на моцныя атрады нападалі раптоўна. І заўсёды са мной быў Віцька. Ваяка з яго атрымаўся выдатны. Мне такім ніколі не стаць. Хоць і малады пацан мой Вiцёк, а мог і ў рукапашную на немца пайсці, і са снайперскай вінтоўкі страляць, і ў засадзе сядзець цэлымі соднямі.

Неяк прывёў нас Віцька на дзікі хутар. Усяго адна старая хатка там стаяла. Вырашылі мы падкрасціся і глянуць што там ды як. Падабраліся да хаты, а там унутры як быццам бы дзіця плача, ціхенька так. Нiбыта і здалося. Але не. Плача сапраўды. Увайшлі ўнутр. У хаце толькі мёртвая жанчына і немаўля. Значыць фашысты маці забілі, а на дзіцяцю рука не паднялася. Так яго і пакінулі. Відаць гэта было нядаўна і таму ўсё яшчэ жывы быў дзіцёнак.

— Гэта хлопчык, — сказаў мне Віцька.

— Ну і што нам з ім рабіць? — адказаў я.

— Як што? Забярэм з сабой. Не кідаць жа яго.

— Як жа мы яго ў атрадзе будзем трымаць? У нас ні малака, ні ежы нармальнай няма. А ён жа нябось і цыцку папросіць. Маленькі ж яшчэ.

— Што-небудзь прыдумаем, дзядзька Антон. Возьмем з сабой, а потым у вёску якую прыстроім, дзе немцы не так лютуюць.

Сышлі з малым назад у атрад. Віцька нават малака яму здабыў. У аднаго таварыша выпрасіў.

А на наступны дзень паведамілі нам, што немцы ў нашай з Віцькам вёсцы, усіх жыхароў у вялікі драўляны дом сагналі і спаліць пагражаюць, калі партызаны ня прыйдуць і самі не здадуцца. Моцна мы немцаў мучылі тады, гэта факт. Вось і прыдумалі яны такое зверства.

Віцьку я знайшоў на беразе ляснога балотца. Глядзеў ён на тое балотца задуменна і летуценна неяк, як глядзяць на нешта прыгожае.

Перейти на страницу:

Поиск

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже