параджаць - порождать: прычыны, якія параджаюць эксплаатацыю чалавека чалавекам (ГБССР, 257). Паблр. радзіць, нараджаць, выклікаць, спрычыняць.
паследаваць* - последовать: Яго прыкладу паследавалі іншыя (МЛ-ВД, II, 28). Паблр. за ягоным прыкладам пайшлі.
пастаянны - постоянный: На пастаянную работу ў вёску партыя паслала вялікі атрад кіруючых работнікаў (КБ, 50); Пры партыйных органах працавалі сотні пастаянных дэлегацкіх сходаў жанчын (ГБССР, 216). Паблр. сталы, заўсёдны.
паўсямесна* - повсеместно: Стварэнне і работа камітэтаў сялянскай беднаты... паўсямесна падтрымліваліся шырокімі слаямі бяднейшага сялянства (ФР, 34). Паблр. усюды, скрозь, паўсюдна.
перамоганосны - победоносный: Камуністычная партыя расчысціла дарогу нашаму перамоганоснаму руху ўперад (КБ, 51). Паблр. пераможны.
плацёж - платёж: Пры нявыплаце падаткаў плацяжы спаганяліся шляхам секвестра (ГБССР, 333). Паблр. плата, сплата.
правячы - правящий: Правячыя колы Польшчы імкнуліся задушыць рэвалюцыйны рух (ФР, 133). Паблр. кіраўнічы.
прадаставіць* - предоставить: сцэна тэатра была прадастаўлена Беларускаму ардэнаноснаму тэатру імя Янкі Купалы (ЛіМ, 19.09.61). Паблр. у гэтым значаньні будзе даць, аддаць.
прадстаць* - предстать: Яны прадсталі перад судом (ГБССР, 343). Паблр. стаць, зьявіцца, паўстаць.
прадузятасць - предвзятость: Адміністраванне ў гэтай справе магло выклікаць у сялян толькі прадузятасць супраць калектыўных форм гаспадаркі (ФР, 47). Паблр. упярэджаньне.
разрадка - разрядка: важнейшым укладам у справу разрадкі міжнароднай напружанасці ў Эўропе было б заключэнне германскага мірнага дагавору (З, 15.08.61). Паблр. разрэджаньне, распружаньне.
садружнасць - содружество: Іх садружнасць непарушная (КБ, 17); вучоныя ў садружнасці з работнікамі вытворчасці... зробяць новыя тэарэтычныя даследаванні (тамсама, 36). У першым выпадку паблр. будзе сяброўства, у другім - разам, у супрацоўніцтве.
састаяць* - состоять: У партыі састаялі? (МЛ-ВД, «Полымя», IX, 1957, 66). Паблр. быць, належаць (да).
саставіць - составить: вы сёння не саставіце мне кампанію на танцы (КК-ЛД, 15). Паблр. зрабіць, стварыць, у іншым значаньні - скласьці.
свяціла - светило: Як жа новае свяціла навукі? - А гэтае свяціла нарабіла мне столькі брыдотных прапаноў, што я дзіву давалася (МЛ-ВД, III, 425). Для абазначаньня гэтага паняцьця ў беларускай мове ўжываецца ў пераносным значаньні слова сьветач або зорка.
спешка - спешка: З завода давялося хутка выбрацца, бо праявіў тут Боўцік непатрэбную спешку (МЛ-ВД, III, 274). Паблр. пасьпех.
стрымаць - сдержать: Сваё слова мантажнікі стрымалі (КБ, 41). У гэтым значаньні ў беларускай мове ўжываецца датрымаць, а стрымаць скалькаванае з рас. сдержать.
убраць - убрать: яны спяшаліся ўбраць ураджай у свае сховішчы (ГБССР, 408). Паблр. зыбраць. У іншых выпадках - прыняць, забраць.
указаць - указать: З'езд асудзіў усе апазіцыйныя групоўкі, указаўшы, што яны дапамагаюць ворагам Савецкай улады (ГБССР, 169). Паблр. у гэтым значаньні - зазначыць.
унізіцельны - унизительный: Прыгнёт памешчыкаў і капіталістаў дапаўняўся ўнізіцельным нацыянальным зняволеннем (ФР, 12). Паблр. зьняважлівы, зьняважальны.
устараніць - устранить: манапалістычныя колы ЗША і Англіі імкнуліся ўстараніць нямецкіх і янонскіх канкурэнтаў з сусветнага рынку (ГБССР, 363). Паблр. адсунуць, у іншых значаньнях - прыняць, прыбраць, зьнішчыць.
уход - уход: аб забароне самавольнага ўходу рабочых прадпрыемстваў і ўстаноў (ГБССР, 310). Паблр. адыход.
цэласнасць - целостность: Савецкі народ змагаўся за захаванне цэласнасці і незалежнасці першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы (ГБССР, 363). Паблр. цэласьць, суцэльнасьць.
шэсце - шествие: у перыяд трыумфальнага шэсця савецкай улады (ГБССР, 87). Паблр. паход.
В. Беларускія словы з расейскім значаньнем