Паводля савецкай камуністычнай тэорыі, працэс зьліцьця ўсіх народаў Савецкага Саюзу ў г.зв. савецкую, або сацыялістычную, а як цяпер, асабліва пасьля XXII зьезду КПСС гаворыцца, у камуністычную нацыю адбываецца на базе ўзаемнага скрыжоўваньня нацыянальных элемэнтаў усіх народаў, засяляючых Савецкі Саюз, і фармаваньня зь іх новых, супольных для ўсіх народаў нацыянальных элемэнтаў і асаблівасьцяў, як асновы гэтае новае нацыі. У запраўднасьці-ж гэты працэс праводзіцца вылучна на расейскай нацыянальнай базе - на базе расейскае гісторыі, расейскае культуры, расейскае мовы й навет на базе расейскага патрыятызму. Такім парадкам фактычна праводзіцца не працэс заціраньня нацыянальных асаблівасьцяў усіх народаў СССР і тварэньня зь іх новае сацыялістычнае нацыі, адменнае ад усіх існуючых сяньня народаў СССР, у тым ліку й ад расейскага народу, але працэс усебаковае русіфікацыі ўсіх нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу. У пляне гэткай нацыянальнай палітыкі праводзіцца ў шырокім маштабе й русіфікацыя ўсіх нерасейскіх моваў Савецкага Саюзу, у тым ліку й беларускай мовы.
Узьнятая яшчэ ў пачатку 30-ых гадоў кампанія супраць беларускае мовы ў БССР і палітыка ейнае русіфікацыі знайшлі сваё найшырэйшае сканкрэтызаваньне ў выдадзенай у 1931 годзе пад рэдакцыяй дырэктара Інстытуту Філязофіі Беларускай Акадэміі Навук акадэміка С.Вольфсона й пры галоўным ягоным аўтарстве кнізе «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі». Практычным завяршэньнем першае фазы гэтае кампаніі сталася ўрадавая пастанова Савету народных камісараў БССР за 28 жнівеня 1933 году «Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу», якая, аднак, датычыла ня толькі правапісу, але й фанэтычных ды марфалягічных асаблівасьцяў беларускае мовы.
Ужыцьцяўляная ў Беларусі моўная палітыка адначасна праводзілася й сярод усіх іншых нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу. Таксама як у Беларусі, яна ўзьнікла ў пачатку 30-ых і дасягнула свайго найвышэйшага пункту пад сярэдзіну 30-ых гадоў. Для абгрунтаваньня яе выкарыстоўвалася агульна абавязваючая ў СССР да 1950 году лінгвістычная тэорыя акадэміка Н.Я.Марра пра паўстаньне й разьвіцьцё моваў. Паводля гэтае тэорыі, мова - гэта клясавая зьява, і на працягу ўсяе гісторыі адбываецца рэвалюцыйны працэс скрыжоўваньня моваў, які вядзе да поўнага іхнага зьліцьця ў вадну мову на ўсім сьвеце. Пры гэтым Марр ня прызнаваў паходжаньня ад супольнае мовы-асновы сваяцкіх моваў, якія твораць сям'ю або групу моваў, але цьвердзіў, што спачатку ў розных мясцох незалежна ад сябе паўстала шмат моваў.
Гэтая першая фаза бальшавіцкае моўнае палітыкі ў дачыненьні да беларускае мовы грунтоўна разгледжаная ў вольным сьвеце д-рам Я.Станкевічам[1], а ў дачыненьні да ўкраінскае мовы - праф. В.Чапленкам і праф. Р.Смаль-Стоцкім[2], прычым апошні, аналізуючы грунтоўны працэс русіфікацыі ўкраінскае мовы, коратка спыняецца над такімі-ж працэсамі ўва ўсіх нерасейскіх мовах СССР, у тым ліку й у беларускай мове. Смаль-Стоцкі даводзіць свой разгляд бальшавіцкай моўнай палітыкі да канца 1950 году, калі была Сталінам адкінутая моўная тэорыя Марра, як ненавуковая й «вульгарызатарская», і была ўсанкцыянаваная ім новая моўная тэорыя аб будучай інтэрнацыянальнай сусьветнай мове й папярэдніх ёй занальных мовах[3]. У 1950 годзе Сталін пісаў:
Гэткім парадкам, паводля Сталіна, адна з прадбачаных ім занальных моваў павінна паўстаць у Савецкім Саюзе, зразумела, на базе расейскае мйвы. Савецкая моваведа ў далейшым больш прамоўчвае пытаньне занальных моваў, і наагул не распрацоўваецца яно ідэялягічна, а асноўны націск кладзецца на паўстаньне аднае сусьветнае мовы. Савецкі вучоны М.Каммары гэтак фармулюе гэтую праблему: