Для лучнасьці вольных камуністычных нацыяў што раз больш настойлівай неабходнасьцяй будзе, на нашую думку, выдзяленьне зь існуючых моваў адзінае, якая магла-б легчы ў аснову будучай адзінай сусьветнай мовы як сяродка лучнасьці для ўсяго чалавецтва і ўвабрала ў сябе багацьце ўсіх іншых нацыянальных моваў і культураў[5] (падчыркнута тут і ў наступнай цытаце М.Каммары).

Каммары пакідае адкрытым пытаньне, якая-ж канкрэтна мова павінна легчы ў васнову «будучае адзінае сусьвстнае мовы», але лёгіка ягоных разважаньняў не пакідае сумлеваў, што гэтай мовай павінна стацца расейская мова. Крыху балонаў раней ён робіць выразную да гэтага алюзію:

Ленін падчыркваў, што вялікая расейская мова будзе зусім дабравольна вывучацца ўсімі народамі Расеі, калі не навязваць яе сілай, звужаючы правы іншых нацыяў і моваў. Патрэбы эканамічных, палітычных, культурных лучнасьцяў народаў у шматнацыянальнай дзяржаве й грамадзтве прыродна й законамерна прыводзяць да дабравольнага вывучэньня мовы бальшыні жыхарства ў якасьці сяродка міжнацыянальных лучнасьцяў разам з вывучэньнем сваей роднай мовы кажнай нацыяй. Практыка поўнасьцю пацьвердзіла справядлівасьць ленінскага прадбачаньня. Для часткі малых нацыяў, племяў і народнасьцяў расейская мова ўжо цяпер сталася ня толькі сяродкам міжнацыянальных лучнасьцяў, але й роднай мовай[6].

Як было ўспомнена на пачатку, у аснове ідэялягічных прынцыпаў камунізму ляжыць сьціраньне нацыянальных асаблівасьцяў паасобных народаў і іхнае будучае зьліцьцё ў адзіную камуністычную нацыю, а іхных моваў - у адзіную сусьветную мову. Спасярод, аднак, усіх нацыянальных асаблівасьцяў нацыяў і народаў сьціраньне й зьліцьцё моваў у адзіную мову мае закончыцца найпазьней. Гэтак новая Праграма КПСС канстатуе:

Зь перамогай камунізму ў СССР настане яшчэ большае збліжэньне нацыяў, павялічыцца іхная эканамічная й ідэйная супольнасьць, разьвіюцца супольныя камуністычныя рысы іхнага духовага аблічча. Аднак сьціраньне нацыянальных розьніцаў, у асаблівасьці моўных розьніцаў, куды даўжэйшы працэс, чымся сьціраньне клясавых асаблівасьцяў[7].

Дзеля тактычных і прапагандовых матываў у Савецкім Саюзе ўсьцяж гаворыцца аб поўнай свабодзе разьвіцьця ўсіх нацыянальных культураў і моваў ды іхнай раўнапраўнасьці. Навет у новай Праграме КПСС ясна сказана, што «ў умовах брацкай дружбы і ўзаемнага даверу народаў нацыянальныя мовы разьвіваюцца на аснове раўнапраўя і ўзаемнага ўзбагачэньня»[8]. Але ў запраўднасьці расейская мова знаходзіцца ў выняткавым палажэньні, што практычна дае ёй поўную гэгэмонію над усімі іншымі мовамі народаў Савецкага Саюзу, а ўспомнены прынцын «узаемнага ўзбагачэньня» ў практыцы зводзіцца да аднабаковага «ўзбагачэньня» нерасейскіх моваў з расейскае мовы, а не наадварот. Гэтае вылучнае і ўпрывілеяванае палажэньне расейскае мовы звычайна абгрунтоўваецца наступнай ейнай роляй:

1. Расейская мова «па свайму багацьцю, па грандыёзнаму значэньню тых каштоўнасьцяў, што створаны на гэтай мове, займае адно зь першых месц сярод вядучых моваў сьвету і ня можа не аказаць уплыву на другія мовы нашага Саюзу»[9].

2. «Руская мова займае асобнае месца сярод іншых моў Савецкага Саюзу. Зьяўляючыся мовай вялікага рускага народу, які аказвае нябачаны ў гісторыі прагрэсыўны ўплыў сваёй культурай на культуру іншых народаў, які вывеў гэтыя народы нашай краіны на шлях сацыялізму, згуртаваўшы іх у адзіную, моцную, многанацыянальную сям'ю, руская мова ў вышэйшай ступені ўзьдзейнічае на нацыянальныя мовы»[10].

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги