Супраць ігнараваньня беларускай мовы ў школьным навучаньні першым на ўвесь голас падняў трывогу ў канцы 1957 году студэнт аддзелу журналістыкі Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту малады беларускі пісьменьнік Барыс Сачанка. У сваім артыкуле «Шанаваць родную мову»[15] Сачанка, на довад сваіх цьверджаньняў аб дэградацыі беларускае мовы, прывёў шмат аўтэнтычных фактаў. Між іншым ён пераказаў размову з аднэй настаўніцай з Магілеўшчыны, якая яму расказала наступнае: «Я зь вёскі з-пад Магілева, вучылася ў беларускай школе, здаецца, да паступленьня ва ўнівэрсытэт нядрэнна і гаварыла пабеларуску. А там забыла ўсё. Ды гэта і ня дзіўна. Пяць год ня было чуваць на лекцыі беларускага слова!» Камэнтуючы гэтыя словы, Сачанка далей спасьцерагае: «Куды-б ты не паступаў - у тэхнікум або інстытут - беларускай мовы й літаратуры здаваць ня трэба. Зайдзі ў любую арганізацыю, у любую ўстанову - усе справы вядуцца на рускай мове. Родная мова амаль ня ўжываецца ні на шыльдах, ні на этыкетах». Каб надаць большае палітычнае вагі сваім словам ды, відаць, застрахавацца перад абвінавачаньнем у «нацыянальнай абмежаванасьці й вылучнасьці», аўтар, зацытаваўшы словы Леніна: «члены РКП на тэрыторыі Ўкраіны павінны на справе праводзіць права працоўных мас вучыцца й гаварыць ува ўсіх савецкіх установах на роднай мове, усяляк процідзейнічаючы русіфікатарскім спробам адцясьніць украінскую мову на другі плян, ператвараючы яе ў сяродак камуністычнай адукацыі народных мас» - заканчвае свой артыкул вывадам: «Гэта ленінскае палажэньне поўнасьцю адносіцца й да нашай беларускай мовы».
Артыкул Сачанкі выклікаў жывы водгук сярод беларускай савецкай інтэлігенцыі й распачаў цэлую кампанію за прывярненьне правоў беларускае мовы ў школьніцтве й наагул у публічным жыцьці. Адусюль пасыпаліся лісты ў рэдакцыю газэты «Літаратура і Мастацтва» ад настаўнікаў, студэнтаў і пісьменьнікаў у справе ненатуральнага выцісканьня беларускае мовы із школьнага жыцьця, так што гэтая газэта, дзеля друкаваньня некаторых з такіх лістоў, была змушаная адвссьці на працягу нейкага часу на сваіх балонах у аддзеле «З рэдакцыйнай пошты» спэцыяльную рубрыку п. н. «Шанаваць родную мову». Урыўкі зь некаторых такіх лістоў, як найбольш характэрныя, ня лішнім будзе тут прывесьці.
Гэтак студэнт 5-га курсу філялягічнага факультэту Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту В.Чамярыцкі піша:
Далей аўтар, падобна як і Сачанка, робіць вывад: «Толькі тады, калі мы пачуем жывую беларускую мову з вуснаў выкладчыка і прадаўца, сакратаркі і інжынера, дырэктара заводу і міністра, калі мы знойдзем яе ў заявах і ў пратаколах судовых працэсаў, на старонках навуковых прац - толькі тады беларуская мова зойме належнае месца ў жыцьці». Таксама, падобна як Сачанка, дзеля большай палітычнай вагі сваіх словаў і застрахаваньня перад эвэнтуальным абвінавачаньнем у «буржуазным нацыяналізьме», ён канчае свой артыкул словамі: «Кажная нацыя можа разьвіваць сваю духовую й матарыяльную культуру толькі на сваёй роднай мове - так гаворыць марксізм. Ня ведаючы і не шануючы яе, нельга любіць па-сапраўднаму іншыя мовы».
А вось сьветчаньне настаўніка Валейкаўскай школы Смаргоньскага раёну: