3. Як запісана ў новай Праграме КПСС, «працэс дабравольнага вывучэньня, побач з роднай мовай, рускай мовы мае пазытыўнае значэньне, дзеля таго што гэта дапамагае ўзаемнай абмене дазнаньнем і далучэньню кажнай нацыі й народнасьці да культурных дасягненьняў усіх іншых народаў СССР і да сусьветнай культуры. Руская мова фактычна сталася агульнай мовай міжнацыянальных лучнасьцяў і супрацоўніцтва ўсіх народаў СССР»[11].

4. «Цяпер расейская мова сталася ўзапраўды другой роднай мовай народаў, што насяляюць тэрыторыю Савецкага Саюзу, і як такая, жывіць і ўзбагачае сабой мовы гэтых народаў»[12]. А як цьвердзіць цытаваны вышэй Каммары, «для часьці малых нацыяў, плямён і народнасьцяў расейская мова ўжо цяпер сталася ня толькі сяродкам міжнацыянальных зносінаў, але й роднай мовай... Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 1959 году, звыш 10 мільёнаў насельніцтва нерасейскага паходжаньня назвалі расейскую мову сваей роднай»[13].

Заданьнем гэтага артыкулу ёсьць разгляд найсьвяжэйшага моўнага працэсу ў БССР, як выніку бальшавіцкае моўнае палітыкі апошняга часу, а таксама руху супраціву моўнае русіфікацыі, які пачаўся ў сувязі з пасьлясталінскай «адлегай», асабліва пасьля XX зьезду партыі ў 1956 годзе, і разьвіваецца з большым або меншым насіленьнем аж да апошняга часу. Падобна як і на працягу ўсяе русіфікацыйнае моўнае кампаніі, запачаткаванае ў 30-ых гадох, гэтак і ў ейнай цяперашняй фазе ўва ўсіх нерасейскіх мовах Савецкага Саюзу адбываецца больш менш адначасна аднолькавы працэс і аднолькавая ў дачыненьні да яго рэакцыя з боку паасобных народаў. Калі ходзіць пра славянскія нерасейскія мовы Савецкага Саюзу - беларускую і ўкраінскую, дык гэты працэс, у сувязі із сваяцтвам гэтых моваў як міжсобку, гэтак між імі й мовай расейскай - ува ўсіх навет дэталях ідэнтычны. Калі-ж ходзіць пра мовы неславянскія - цюрскія, мовы народаў Каўказу, а таксама мовы балцкіх народаў, якія ў дадатку, толькі ў 1940 годзе апынуліся ў складзе Савецкага Саюзу, дык у працэсе русіфікацыі іх, пэўна-ж, існуюць некаторыя фармальныя й колькасныя розьніцы ад такога-ж працэсу ў мове беларускай і ўкраінскай, але ў асноўных прынцыпах і галоўна мэтах, да якіх працэс гэты ськіраваны, розьніцаў няма ніякіх. Таму прадстаўленае ніжэй палажэньне беларускае мовы ў БССР можа ў поўнай меры ілюстраваць палажэньне і ўсіх нерасейскіх моваў народаў Савецкага Саюзу.

Рэалізацыя бальшавіцкай моўнай палітыкі ў БССР, падобна як і ў іншых нацыянальных рэспубліках, праводзіцца адначасна ў двух кірунках, якія ўзаемна сябе дапаўняюць і паступова, але пасьлядоўна вядуць да будучай поўнай нівэляцыі беларускае мовы: 1. у кірунку звужэньня сфэры ўжываньня беларускай мовы ў публічным жыцьці рэспублікі й замены яе расейскай, як «другой роднай мовай» беларускага народу; 2. у кірунку ўсебаковае русіфікацыі яшчэ дапушчанай да публічнага ўжываньня беларускай літаратурнай мовы. Абодвы гэтыя працэсы разгледзім асобна.

<p>Звужэньне сфэры ўжываньня беларускай мовы</p>

Афіцыйнае вызнаньне расейскай мовы ў якасьці «другой роднай мовы» нерасейскіх народаў Савецкага Саюзу ў сваім практычным выніку прывяло ня толькі да моўнага паралелізму ў БССР, але навет, як канкрэтна пабачым ніжэй, да нясумернай перавагі расейскай мовы над беларускай у публічным жыцьці БССР. Перш за ўсё гэтая гэгэмонія расейскае мовы мае месца ў школьнай практыцы БССР. Паводля афіцыйнага сьцьверджаньня, у Беларусі 95% школаў у 1955/56 навучальным годзе вяло навучаньне ў беларускай мове, а толькі 5% - у расейскай мове[14]. Але гэтак было толькі на паперы і, відаць, толькі паводля афіцыйнага назову школаў, як беларускіх і як расейскіх, бо ў запраўднасьці беларускія з назову школы ў вялізарнай бальшыні выкладаньне ўсіх школьных прадметаў, за выняткам беларускае мовы й літаратуры, праводзяць, як правіла, у расейскай мове. Будзе карысна прывесьці найбольш характэрныя выказваньні на гэтую тэму самых савецкіх настаўнікаў і студэнтаў савецкіх вышэйшых навучальных установах у БССР.

Перейти на страницу:

Поиск

Похожие книги