Неўзабаве Федчанку адвезлі на каменданцкі лагпункт у цэнтральны ізалятар. Гэта лагерная турма з тоўстага бярвення за двайною высокаю агароджаю. У ёй трымаюць уцекачоў, забойцаў, рабаўнікоў капцёрак і пякарань і падапечных «кума» — «рэцыдывістаў-контрыкаў». Калі ёсць оперупаўнаважаны, дык павінна быць відна і яго работа. Перш за ўсё трэба мець у кожным бараку і ў кожнай брыгадзе па «стукачу» — добраахвотных і прымусовых даносчыкаў. А як іх навербаваць? Вельмі проста: паабяцаць за стараннасць блатную работу ў зоне, брыгадзірства, дзесятніцтва, датэрміновае вызваленне, перапіску праз «вольную» пошту — цэнзарам станавіўся сам «кум». I знаходзіліся ахвотнікі за міску баланды і кашы таварыша па нарах і брыгадзе ўпячы на новае дзесяцігоддзе, а то і падвесці пад «вышку» як непапраўнага рэцыдывіста. А ён толькі і сказаў, што на баландзе з турнэпсу і хлебе з вотруб’я хутка ўсе пазагінаюцца. Вось табе — контррэвалюцыйная агітацыя, незадаволенасць савецкім ладам, заклік да сабатажу, падрыў дысцыпліны ў ваенны час. Хлеб і баланда савецкія, ты імі не задаволены, значыць, незадаволены савецкай уладаю. Сафістыка магла абвінаваціць каня, які не хоча есці гнілую салому, у контррэвалюцыйным сабатажы. Ты павінен быць задаволены, што пасадзілі на дзесяць гадоў, барані божа сказаць, што не вінаваты — паклёп на «святая святых» — следчыя органы і «самы справядлівы суд». Не пікай, што галодны і халодны, мусіш вырабляць нечалавечую норму на павале — тры і тры дзесятых кубаметра паўметровых дроў за шэсцьсот грамаў глёўкага хлеба, міску баланды і лыжку кашы з неабдзіранай пшаніцы або з таго ж вотруб’я.

Лічы сябе шчаслівым, што гнешся, як цюцька, на голых нарах у смуродным бараку, што лупіць цябе дрынам блатны «дзяжурняк», радуйся і крычы, што ты шчаслівы чалавек, дзякуй вялікаму і мудраму правадыру за клопат пра цябе. Найвялікшая кара для чалавека — пазбавіць яго волі. Сядзелі некалі засуджаныя ў камеры на салдацкім пайку, чыталі кніжкі, вывучалі мовы, пісалі трактаты, раманы, як Чарнышэўскі, або паэмы, як Колас — «Новую зямлю». Марозаў і Засуліч пісалі ўспаміны і філасофскія даследаванні. Дабрачынныя таварыствы пасылалі ім перадачы і грошы, ніхто не меў права іх абразіць, пакрыўдзіць, назваць па «ты».

Мала што лагернік пазбаўлены волі, дык ён ператвораны ў бяспраўную і бязмоўную рабсілу, у звычайнае цягло, у якога няма нават арыштанцкіх правоў, кінутае на здзек і пагібель. У гэтае пекла загналі і дзяцей, забраных ад мацярок, ад родных, з-пад бацькоўскага даху. Калі не на пагібель, дык на маральнае растленне кінулі іх. За паўгода, за год з хлапчукоў выходзілі кваліфікаваныя зладзеі і жорсткія бандыты, з непаўналетніх дзяўчынак — разбэшчаныя прастытуткі за міску баланды. З «школы Віткова» ўсе яны выйшлі «адукаванымі» кішэннікамі, скокарамі, майданнікамі, фармазонамі, а дзяўчынкі прымітыўнымі «начнымі матылькамі». Я памятаю прозвішчы і імёны многіх дзетак з паламанымі на ўсё астатняе жыццё лёсамі. Многія з іх праз некалькі месяцаў пасля вызвалення зноў вярталіся ў зону маўчання, дзе нема крычалі душы SOS, якога ніхто не чуў і не мог пачуць, дзе начамі плакалі і кусалі губы, стагналі «мама, мамачка» дзеці, у якіх не было дзяцінства, якія не ўмелі смяяцца і спагадаць бліжняму.

Дзе яшчэ гінула і гіне столькі дзяцей, як у турмах і лагерах, дзе так калечацца душы і норавы, як у нашых «папраўчых установах»? А яны ж ледзь не з пялёнак крычалі: «Заўжды гатоў!», «Дзякуй вялікаму Сталіну за шчаслівае дзяцінства!» I верылі, бо не ведалі іншага, на ўвесь голас гарлалі: «Ура-а-а!» — і да знямогі пляскалі ў ладкі.

Этапы, этапы, этапы...

Колькі іх прыбывала на маёй памяці! Вялікія і малыя, грузінскія і малдаўскія, польскія і ўкраінскія, беларускія і маскоўскія, вайсковыя і цывільныя знікалі, як дым, як снег пад дажджом. Прыходзілі сваімі нагамі, — вывозілі патаемна начамі шкілеты былых вучоных, чыгуначнікаў, ветэрынараў, паэтаў, карабелаў, непісьменных у зрэбніках «тракцыстаў», жонак «ворагаў народа». Ніхто іх не палічыў і наўрад ці палічыць, а сосны, што выраслі на касцях пакутнікаў, састарэлі і ціха шумяць адвечную песню тугі і жалобы.

А план патрабаваў новых і новых ахвяр. З начальнікаў спаганялі «кубікі», гналі састаў за саставам пад пагрузку, а грузіць не было каму. Пасля разводу ў зоне заставалася болей, чым выходзіла за вахту. Паміж баракамі, на сметніках за сталоваю і пякарняю сланяліся абшарпаныя, з азызлымі шэраблакітнымі тварамі і спустошанымі поглядамі смертнікі. У многіх пачынаўся галодны псіхоз.

Перейти на страницу:

Похожие книги