Начальнікам КВЧ у нас быў светлы, кучаравы Веня Камракоў — сын начальніка суседняга лагпункта, белабілетнік па блізарукасці. Не надта адукаваны, але начытаны і ўлюбёны ў паэзію і сам пісаў неблагія вершы то пад Лугаўскога, пад Карнілава, то пад Багрыцкага. Нас зблізіла паэзія. Веня ўцягнуў мяне ў самадзейнасць. Пачаліся патрыятычныя мітынгі, нас заклікалі працаваць для фронту, для перамогі. I працавалі, не шкадуючы сіл. Некаторыя матарысткі на фабрыцы самі заставаліся на другую змену: садзіліся за незаняты матор, але, знясіленыя, здаралася, засыналі на канвееры, прышывалі пальцы, у трансмісію траплялі валасы. Слабых і сонных выпраўлялі ў барак, а яны хаваліся за цюкамі ваты, каб зноў заняць вольнае месца. Тамара Сахарава, нікога не баючыся, крычала дырэктару фабрыкі: «Вы тут хаваецеся, тылавыя пацукі, а мой бацька і брат замярзаюць пад Ленінградам, я хачу, каб гэтыя целагрэйкі сагрэлі іх». Некаторыя матарысткі на падкладцы целагрэек пісалі: «Дарагі воін, бі фашыстаў! Няхай табе будзе цёпла. Прывет ад Олі Громавай».

Часта Камракоў угаворваў мяне прачытаць вершы на мітынгу або вечары самадзейнасці. Пісаў паспешліва, але шчыра, бо душа балела за родны край, бо сам колькі разоў прасіўся на фронт.

Самадзейнасць на лагпункце была амаль прафесійнай. Кіраваў ёю былы галоўны рэжысёр Сімферопальскага тэатра, былы вучань Станіслаўскага Амар Галімавіч Дзевішаў, пры ім быў некалі прафесійны балетмайстар, стары ўжо чалавек, з апухлымі нагамі, але пластычнымі рухамі, Уладзіслаў Станкевіч, музычную частку ўзначаліла дацэнт Маскоўскай кансерваторыі Вера Туроўская, быў і таленавіты піяніст-імправізатар Яўген Бродскі. Ён адбываў свой не надта вялікі тэрмін на пасадзе інспектара КВЧ. Трымалі і такую адзінку, бо зняволеных было больш за дзве тысячы чалавек. Камракоў меў добры густ і не замінаў Дзевішаву і Бродскаму. А яны, фанатыкі тэатра, знаходзілі адзінае адхланне ў лагерных спектаклях і канцэртах. Пры клубе былі два мастакі — крымінальнік Іван Ціханаў і былы дэкаратар нашага беларускага тэатра оперы і балета Віктар Шэйно. Любіў і падтрымліваў самадзейнасць начальнік лагпункта лейтэнант Сцяпан Гаўрылавіч Цокур. Сярэдняга росту, крутаплечы, кучаравы, губасты, суровы з выгляду, у блакітнай, ссунутай на вочы чэкісцкай фуражцы, ён быў ці не найлепшы з усіх папярэдніх начальнікаў. Нездарма многія яго звалі «Баця». Ён мог накрычаць, аблаяць, загадаць пасадзіць на дзесяць сутак, а цішком буркнуць дзяжурнаму: «Адвядзі гэтага дахадзягу ў сталоўку, накармі, турні ў барак і скажы, каб болей не рыпаўся».

Зімою Цокур надумаўся ўпрыгожыць зону снежнымі скульптурамі. Знайшоўся і майстра — цыбаты, у драцяных акулярах, заўсёды з кропляю пад носам Коля Лейзераў. Сын дыпламата, студэнт ІФЛІ , кволы і непрактычны хлопец трапіў у лагер за тое, што ён сын «шпіёна і ворага народа». Яму Цокур загадаў каля сталовай зляпіць са снегу двух сланоў у поўны рост. Чаму сланоў, мабыць, не адказаў бы і сам начальнік.

Вечна прастуджаны Коля на сцюжы ставіў каркасы, вёдрамі цягаў снег, ляпіў, шліфаваў лапаткаю, выгладжваў і выштукоўваў вушы, хобат, біўні. Паглядзеў Цокур на гатовую работу і загадаў дарабіць дэталі, якія звычайна закрываюцца фігавым лістком. Потым па загадзе начальніка Лейзераў і Шэйно зляпілі з гліны, апалілі ў ганчарнай печы паменшаную копію скульптуры Мухінай. Рабочы і калгасніца павінны былі натхняць арыштантаў на ўдарную працу.

У маладосці ў родным украінскім сяле Цокур быў настаўнікам пачатковай школы. У арміі трапіў ва ўнутраныя войскі, потым камандаваў узводам аховы лагера на будаўніцтве магістралі Мінск — Масква. За нейкае парушэнне пратрымалі яго некалькі месяцаў у вяземскай турме, а калі выкруціўся, «сістэма» ўжо не адпускала свае кадры. Душа ў яго была спагадлівая і добрая, а абавязкі суровыя, планы жорсткія, рэжым і вышэйшае начальства — бязлітасныя. Цокур навучыўся круціцца ў няспынным коле патрабаванняў, абавязкаў, прымусу і спагады. Мастацтва ён любіў з маладосці. Для спектакляў на дэкарацыі і касцюмы адпускаў з фабрыкі ўпаковачную марлю, а Дзевішаў і мастакі рабілі выдатныя заднікі, шылі фракі і старажытныя камзолы для спектакляў класічнага рэпертуару. Ставіліся п’есы Гальдоні, Мальера, Астроўскага, «Разлом» Лаўранёва, «Слава» Гусева і пушкінская «Русалка». Калі нельга было дастаць п’есу, Дзевішаў дакладна ўспамінаў свае колішнія спектаклі, перапісваў тэксты, узгадняў з Туроўскаю і Станкевічам і пачынаў рэпетыцыі.

Перейти на страницу:

Похожие книги