Джон расказвае ёй камічную гісторыю са сваёй “мастацтвазнаўчай” памылкай з Саўрасавым. На гэтай гісторыі трэба спыніцца асобна, бо яна з’яўляецца яшчэ адным доказам таго, што Вілаў – фэйк, робат, зроблены у сутарэннях КДБ. Справа ў тым, даражэнькія, што кошты на Саўрасава – нават на вялікія па памерах ягоныя працы, не адпавядаюць заяўленым у тэксце. Вілаў адзначае, што прадавец Саўрасава “быў суб’ектам паважаным, але набываць шматмільённы алей у Стамбуле і не праверыць яму ныркі ды лёгкія на рэнтгене было б непрафесіяналізмам”. “Шматмільённы алей”, вы заўважылі? А не здзівіліся? Я скажу шчыра, падчас працы над тэкстам не засяродзіў увагі, бо выглядала цалкам лагічна, што такія нахваленыя персаналіі з падручнікаў сапраўды ацэньваюцца ў мільёны. Але адразу пасля таго, як тэкст ціснулі, я атрымаў лісты ад знаўцаў беларускага мастацтва, якія выказвалі здзіўленне заяўленым коштам. “Саўрасаў не каштуе мільёны”, –адзначалі яны. Я палез у Сеціва ды нечакана для сябе заўважыў, што апошнім часам на аўкцыёнах за гэтага рускага прапойцу не давалі больш, чым дзве-тры сотні тысячаў. Я тады яшчэ здзівіўся, навошта Вілаў так сказіў кошт. Потым працяла думка, што калі ўсё палатно каштуе толькі дзве сотні тысяч, дык пакупнік не прапанаваў бы камісію, памер якой дазваляў Вілаў боўтацца паміж ЗША ды Турэччынай, жыць у Стамбуле і гэтак далей.

Тлумачэнне знайшлося са скраданнем Насты: ніхто яго і не наймаў. А сцэнарысты гэтага “трылеру” не патурбаваліся знайсці больш адпаведную сусветнай кан’юнктуры попыту на мастацтва знакамітасць. Пры гэтым на павярхоўным узроўні зразумела, чаму яны абралі менавіта Саўрасава – апошні перыяд жыцця, калі той шмат піў, стварае добрую глебу для з’яўлення “не ўлічаных”, згубленых “шэдэўраў”. Але ёсць і менш павярхоўны ўзровень. Бо Саўрасаў – мастак рускі, а тыя, хто планаваў гэтую аперацыю, бадай, толькі ў рускім мастацтве і арыентуюцца (пра іх прыналежнасць гаворка пойдзе трохі ніжэй). Не хапіла ўзроўню агульнай адукацыі, каб пашукаць сярод фламандцаў: да таго ж, ім патрэбны быў мастак, які дазваляў вывесці Вілаў на размову пра Шагала, мастак, геаграфічна блізкі да Беларусі.

Хадзем далей. Падчас камунікацыі апынаецца, што Вілаў, які сустрэўся нашай гераіне “выпадкова”, які “выпадкова” англамоўны, раптам яшчэ і беларус! Ці не зашмат ужо тут супадзенняў? Ці бывае так у жыцці, а не ў надуманым мастацкім творы? Гэты англамоўны беларус, да таго ж, паходзіць з родных Настыных мясцінаў. І зноў “выпадкова” ягоныя продкі некалі валодалі маёнткам, ля якога прайшло Настына дзяцінства.

Я магу ўявіць сабе, як планавалася гэтая аперацыя. Як у вялікім пакоі пад абразамі тых, хто не ведаў абразы, сабралася шмат людзей з надзвычайнымі выразамі на тварах. Як яны, нібы здані, шамоцячы кіцелямі, згрудзіліся над сталом, старамодным драўляным сталом, лак якога меў чарнавата-барвовае адценне засохлай крыві. У пакоі было смуродна, свяціла настольная лямпа пад зялёным каптуром, але ж не музейны экспанат ленінскіх часоў, а навадзел. Такіх лямпаў, з літаральным падабенствам да алейных інтэр’ераў з Дзяржынскім, апошнім часам шмат стала ў крамах, нібы прамысловасць стала афарбоўваць у фізічна наяўныя рэчы чыесьці ўспаміны ды прадаваць гэтыя фрагменты калектыўнай памяці зніклага пакалення па прывабных коштах у ГУМе. Не выключаю, кожнаму чэкісту, нават з аддаленых гарадоў, прыемна мець у кабінеце новаствораны сімвал той эпохі, своеасаблівае пацверджанне пераемнасці традыцыяў ды адроджанай атмасферы тых часоў.

Запавесы на вокнах былі напаўспушчаныя, па тварах мітусіліся цені: гэта нагадвала ўрачыстую цырымонію, зладжанаю патаемным згуртаваннем эпохі рамантызму (“Філаматы і філарэты”), кожнаму з іх было прыемна быць яе часткай. На стале, на зялёным сукне, у шэраг былі налепленыя звычайныя жоўценькія паперкі “Post-it”, на іх выпісваўся лёс Насты, які меў цяпер абрыс шыхту з маленькіх аркушыкаў. Першы быў падпісаны “незнаёмец”, далей ішлі “сустрэча”, “збліжэнне”, “сяброўства”, “каханне?” (са знакам пытання, бо ў такіх тонкіх матэрыях ніколі няможна быць упэўненымі, што пастка спрацуе ажно да пяшчоты, ажно да таго, што ў гэтым ведамстве называецца “рамантычнымі пачуццямі”). Далей ішлі яшчэ паперкі, якія вызначалі, як разгарнецца гэты сюжэт, і мы не можам быць упэўненымі, што адразу тут з’явілася “Вільня”, не выключаю, першапачаткова план скрадання быў зусім іншым.

Жрацы ўзяліся за лініі Настынага лёсу і пачалі іх мяняць. Яны адчувалі ўласную магутнасць, бо ці не Боская гэта справа – умяшальніцтва ў чалавечае жыццё і чалавечую свабоду? Ці не Ён – адзіны, хто можа вымусіць нас кахаць? Ці не Ён – адзіны, каму вырашаць, каго нам напаткаць у віры лёсу?

Перейти на страницу:

Похожие книги