Яшчэ адна цікавая абставіна: усім нам вядома, як рупяцца дзяўчыны пра сваю знешнасць. Калі жадаеце якую з іх зачапіць, убіць у галаву кол думкі, якая будзе ўсплываць у ейных размовах ажно пакуль Хрыстос сапраўды не прызямліцца ў Гародні, дык скажыце штосьці добрае пра знешнасць сяброўкі, забыўшыся адзначыць, што вашая суразмоўца ўсё ж прыгажэйшая. І “Вілаў” гэта ведае: у першай частцы тэкста мы наогул не знойдзем ніякіх узрушаных апісанняў знешнасці Насты. Мы ведаем пра яе выключна тое, што яна “чарнявая” (ну і што?), што яе далонькі “распаленыя”, хуткія ды нервовыя (хутчэй непрыемная акалічнасць – нейкі злодзей-кішэннік, а не дзеўка). Мы пабачым тут таксама “сціснутыя вусны” (ці прыгожа гэта? Здаецца, не), вострае ды ганарліва ўзнятае падбароддзе, “моц” у далікатным стане. Карацей, не баба, а нейкі мужык-гімнаст-клептаман. Пра Асту ён піша, захлынаючыся ад захаплення, ён “жарэ” яе вачамі, бо яна падаецца яму “прыгожай, вельмі прыгожай”. Супрацьпастаўленне Асты ды Насты – гэта супрацьпастаўленне прыгажосці ды моцы. Супастаўце радкі пра прыгажосць літоўскай калабродкі з характарыстыкай Насты – “колькі неверагоднай моцы адчувалася ў яе постаці! Колькі свавольнай энергіі!” Якой жа дзяўчыне не захацелася б пратэставаць, бараніць уласную феміннасць? Тут не трэба было мець на руках падрабязнага псіхалагічнага партрэту Насты, падрыхтаванага спецамі выведкі (а зразумела, што такі партрэт у аўтара гэтага тэксту быў), каб зразумець, што такое неахайнае да яе стаўленне, у звязцы з палкімі прызнаннямі Вілаў, яе завабіць. Яна прыедзе на спатканне, хаця б для таго, каб даказаць (самой сабе), што прыгажэйшая за ўсіх. Хай пры гэтым будзе раз’юшаная ды з’едлівая, але ж прыедзе.

Другі чыннік з’яўлення Асты (зноў адзначым наўмысную, неверагодную “літаратурнасць” сугучнасці імёнаў) – увесці ў тэкст “дзікуна”, “зухаватага дзядка” Іванова. Сэнс усяго гэтага эпізоду з падазроным чалавекам, які па-вар’яцку дамагаўся пабачыць “сяброўку” Вілаў ды пасля таго, як тая збегла арганізаваў вобшук кватэры – не ў сюжэце як такім. Сэнс быў у тым, каб намаляваць нам дзіўны свет успрымання “аўтара”, які не можа здагадацца аб відавочным, аб тым, што дзядок працуе на спецслужбы, што вобшук зладзіла КДБ, што кампутар скралі дзеля таго, каб высветліць, ці кантактуе ён з Настай праз пошту і з якіх IP-адрасоў ад яе прыходзяць лісты, у якой краіне яна хаваецца. І вось нам вымалёўваюць сцэну, у якой любы беларус пра ўсё здагадаецца, прачытае ўсе закладзеныя ў сюжэт узроўні, а “аўтар”, нібы несамавіты дундук, дзівіцца ды з апошніх сілаў робіць выгляд, што Іваноў сапраўды быў безабаронным ды бяскрыўдным вар’ятам. Выснова, да якой павінна была прыйсці Наста, –што пісаў сапраўды амерыканец, далёкі ад усёй гэтай нашай клінічнай грамадска-палітычнай шызафрэніі. Тут “стрэліў” не “plot”, як напісаў бы “Вілаў”, тут стрэліў “фокус нарацыі” – спецыяльны літаратуразнаўчы панятак, які адсылае да пазіцыі таго, хто расказвае нам гісторыю і тых умоўных чытачоў, якія ў гэты час слухаюць яго ў амфітэатры ўяўлення аўтара. Чытачы павінны былі ўсклікнуць: “Ах, які ж ён наіўны, безабаронны душка, гэты Вілаў!”.

Яшчэ адно нязручнае пытанне да аўтара гэтага тэкста ці тых людзей, для каго тэкст быў выключна механічнай прыладай, кшталту таго пляскатага гузіка ў пастцы, на які звычайна нашпільваецца кавалачак сала. Мышаня хапае сала з гузіка, выпростваецца сталёвая ды тугая, нібы ў дубальтоўцы, спружына і бац – замест адной істоты мы маем два кавалкі рассечанай на часткі ды яшчэ цёплай свежыны. Дык вось, пытанне наступнае, панове. А што здарылася з катом Крысцінай? Яго забіла машына? Ці з’ела прагная і заганная Аста? Каб не на пусты страўнік глытаць “бурбалкі шампанскага”, якога ва ўсіх прасцінных сцэнах нават болей за секс? Кот спруцянеў ад абразлівасці таго, што ўладар прыняў яго за дзяўчынку ды не заўважыў у кацяняці двух маленькіх камячкоў, якія сімвалізуюць ягоную мужнасць і годнасць? Дзе падзеў ката, аўтар?

Перейти на страницу:

Похожие книги