Самы надзвычайны з іх адлепліваў ад стала першую паперку ды агалошваў: “вызначым незнаёмца”. І здані прыглушанымі галасамі, па чарзе, агучвалі прапановы. Хтосьці заўважаў, што гэта павінен быць збеглы беларус з рэгіёнаў, што трэба знайсці кандыдатуру ды затрымаць па жалезабетонных абвінавачаннях, так, каб адразу 15 год у перспектыве. Пры гэтым шырока закінуць інфу ў медыі, каб хвалі пайшлі, пайшлі хвалі. Далей у астрозе папрацаваць з ім як след, зламаць, правесці трэнінг, парэпетаваць ды перакінуць да Насты. Вызначальныя рысы – павінен быць беларускамоўным, адданым справе адраджэння, прывабным, як мага больш прывабым (пры затрыманні не калечыць). Першы аркушык Post-It (“незнаёмец”) накіраваўся ў масіўную попелку з алтайскага крышталю ды быў падпалены. Замест яго шыхт узначаліла налепка “беларус, беларускамоўны”, “уцякач” з караценькім пералікам тых, на каго гэты раптоўны лёс – лёс Настынай прынады – мог зваліцца ўжо ўвечары. Але ж надзвычайны пакруціў галавой ды парваў “беларускамоўную налепку”: “Не паверыць. Яна не дасць веры беларусу. Яна ж бачыць усіх гэтых сержукоў ды вітаўцікаў наскрозь. Гэта павінна быць істота з далёкага космасу, якая не мае дачынення да мясцовых дзікунскіх раскладаў і, да таго ж, унутраны свет якой не такі зразумелы для славяніна” (яны ўсе лічаць, што беларусы – гэта такія славяне, бо княства Полацкае, бо Ізяслаў з Рагнедай, але ж не будзем паглыбляцца…).
Так на месцы Post-It “незнаёмца” з’явіўся спачатку “амерыканец”, потым, сыходзячы з аналізу яе магчымых пераваг у тым, што тычыцца мужчынскіх імёнаў (хуценькі аналіз зроблены дактарком-псіхаложцам, якога паклікалі з сенцаў: апынулася, што за масіўнымі дзвярамі цэлы бестыарый з малых дэманюкоў, гатовых далучыцца да агульнай справы), выявіў, што лепшае імя – “Джон”. Потым нарадзіўся “Джон з беларускімі каранямі”. Затык у грамады атрымаўся са “збліжэннем”. Я магу ўявіць сабе, як гадзіну за гадзінай яны спрабавалі выдумаць, што можа выклікаць яе сімпатыі да хлопца. Што можа прымусіць прасякнуцца даверам ды адкінуць падазронасць. Усе традыцыйныя хады – “гарэлка”, “кветкі”, “сумесны паход на культурную падзею (выстава)?” ці не спрацоўвалі, ці не давалі гарантаванага выніку, бо надта ж ужо экзатычным фруктам была Наста з яе характарам.
Калі цяжкі гадзіннік, які нерухома стаяў на падлозе, нібы ўзброены “трохлінейкай” чырвонаармеец-вартавы, агалосіў залу звонавым пералівам, і яшчэ, і яшчэ (працавалі шостую гадзіну), аднаго з іх падштурхнула прагледзець спіс уласных рэчаў Насты (“вопіс заплечніка па стане на 18 студзеня … году”). “Што гэта за руіна на яе дзіцячым фота?” – пацікавіўся маладжавы, але ўжо непапраўна цынічны афіцэрык. Паглядзелі ў тлумачальную цыдулку. ”Чазімцява”, маёнтак, належаў Вярбіцкім, нашчадкаў не засталося”. Так “незнаёмец”, які стаў “Джонам”, ператварыўся ў “Джона Вілаў”: на Post-It яны напісалі “уладальнік руіны з дзіцячага фота”, мабыць, накідалі яшчэ дэталяў знешнасці, кшталту той самай “схільнасці да лішняй вагі”, каб амерыканец быў не проста амерыканцам, але ж тыповым амерыканцам.
Я ўяўляю сабе кастынг “амерыканскіх” прэтэндэнтаў ды якую-небудзь падобную да Насты псіхалагічна і фізіялагічна дзяўчыну, якая працавала “дарадцай па ўспрыманню”: пільна ўглядалася ў твары, камандавала ў мікрафон – “павярніся”, прыспусці штаны”, “пакажы ногі”, “спой што-небудзь”. Тыя, хто “прэтэндаваў” на “ролю”, разгублена ды спужана пазіралі навокал у цьмяным пакоі без вокан, па-сабачаму аддана выконвалі абразлівыя, прыніжальныя загады. Аднаму Богу вядома, што прыцягнула цікавасць да іх з боку дзяржбяспекі, на якія скасаваныя крымінальныя абвінавачанні яны абмянялі ўласную дапамогу ў выпраўленні Настынага лёсу. Ці так быў Абраны “Джон Вілаў” у сваёй першай, Стамбульскай, рэдакцыі? Той Джон Вілаў, які расчуліў Насту? Ці лёсы цяпер вызначаюцца як-небудзь яшчэ?
Але ж адыйдзем ад маіх фантазій пра тое, як будаваўся гэты сюжэт, і вернемся да сюжэту як такога. Любога чуллівага чалавека гэтая сітуацыя – калі на чужыне, стоячы адной нагой на іншым кантыненце, ты сустракаеш асобу, што паходзіць з табой з аднаго дзяцінства, узрушыла б да дрыжыкаў. Планоўшчыкі разумелі, што кранаючы тую руіну, тую копанку, той дэндрар, да якіх цяпер ані фізічна, ані метафізічна не дацягнуцца (бо іх няма не толькі ў арэале дасягальных Настай краін, але ж і ўвогуле ў рэальнасці, бо зруўнавана ды спілавана), можна лёгка падштурхнуць яе да нелагічных крокаў.