Што робіць Наста? Яна пераглядае ўласныя планы, якія вялі яе ў бяспеку і якія безумоўна б выратавалі яе ад той гаротнай долі, якую яна напаткала з-за гэтага “літаратурнага эксперыменту”. “Вілаў”, “маёнтак”, “забытая мова” – гэтыя тры складнікі падштурхоўваюць да таго, што наша гераіня не з’язджае ў Амерыку, але ж накіроўваецца ў памежжа. Узважым: ці можна было гэта прадказаць? Здаецца, так. Ці мог чалавек, які пачуў усё тое, што пачуў ад Насты – у тым ліку – пра абвяшчэнне яе ў вышук, дазволіць ёй вярнуцца? Ці ўсё чалавечае ў ім павінна было затрымаць дзяўчыну (заўважце, з яго гісторыі вынікае, што ён не надта намагаўся таго)?
Далей. Джон з вартым жалю пафасам апісвае, як яна не з’явілася на спатканне, і прапануе нам лічыць, што быццам справа была ў тым, што ён пераблытаў мячэць са Святой Сафіяй. Але ж ці былі вы ў Стамбуле? Ведаеце, якая панарама адкрываецца з пляцоўкі ля ўваходу ў Hagia Sofia? Адтуль бачны велічны далягляд, над якім дамінуе Блакітная мячэць. Султан Ахмет зрабіў гэта ў сямнаццатым стагоддзі наўмысна, каб тыя “няверныя”, якія ўсё ж такі прыходзілі пакланіцца некалі галоўнай святыні хрысціянскага свету, траплялі вокам на велічны абрыс мячэці з яе мінарэтамі ды купалам. Калі б Наста сапраўды прыйшла не туды, аднаго позірку ёй было б дастаткова, каб выправіць памылку Вілаў. Калі не выправіла, калі не рушыла туды, дык, значыць, не ў тым была справа. Давайце пагодзімся: не збіралася Наста да гэтага “Вілаў”, бо адчула подых небяспекі, які ішоў ад яго. Яна развіталася з ім назаўсёды (заўважце – не сказаўшы, дзе жыве!) ды толькі ягоная фанатычная ўпартасць у “ператварэнні ў беларуса” – упартасць, якая была выдуманая, як доказ неангажаванасці Настынамі ворагамі, вымусіла дзяўчыну перагледзець свае адносіны ды сунуцца ў пастку.
Далей у тэксце нас сустракае “віленская частка”, у якой занадта ж шмат словаў. Калі б тут не казалася пра рэчы, балючыя для кожнага свядомага беларуса (прызнаюся, што спрычыніўся тут не толькі да рэдагавання, але ж і ўласнаруч дапісаў трохі, з-за чаго тэкст заззяў прыгажосцямі, якія былі слушна адзначаныя на цырымоніі), яе б трэба было скараціць утрая. Асноўнай інтрыгай гэтай часткі з’яўляецца расповед пра збродлівую Асту, якая ледзь не сапсавала ўласным цынізмам ды жывёльнасцю нашага блакітнавокага беларускага хлопчыка. “Аўтар” сцвярджае, што ўключыў гісторыю пра другую дзяўчыну ў тэкст дзеля таго, каб папрасіць прабачэння ў Насты, каб, прымаючы рашэнне, сустракацца ці не, яна ўзважыла ў тым ліку і ягоную загану.
Насамрэч, паверце чалавеку, у жыцці якога было шмат дзяўчын, прычым большасць з іх я спакусіў менавіта маімі літаратурнымі талентамі: друкаваў у “Ахрэме” апавяданне пра каханне, атрымоўваў стос лістоў ад прыхільніц, абіраў найбольш пекных, спакушаў дасціпнасцю ў “скайпе”, сустракаўся, ну і далей тарам-парам. Дык вось, паверце казанове са стажам, не будзе мужык шматслоўна апісваць секс з іншай жанчынай для таго, каб прывабіць каханую. Калі б сапраўды Вілаў быў чалавекам, а не тэрмінатарам, запраграмаваным на пошук Насты, ён бы распавёў пра Асту пры асабістай сустрэчы, напаўшэптам, пасля таго, як яны ўжо тарам-парам ды ляжалі ў заслужаным адпачынку (як я гэта называю). Такі падыход мо і падаўся б ёй занадта цынічным, мо і скончыўся б аплявухай, але б гарантаваў тарам-парам (я заўсёды раблю так і заўсёды дамагаўся свайго. А тыя лайдакі, якія кажуць праўду, застаюцца ні з чым, бо да дзяўчыны, як і да кабылы, патрэбны падыход: сунься не адтуль ды атрымаеш базыля капытамі).
Зноў жа, паверце знаўцу ўсяго жаноцкага: Астай у тэксце дасягаліся дзве мэты. Першая. “Аўтар” намагаўся выклікаць пякучую рэўнасць, зрабіць наяўнасць канкурэнткі (і шмат якіх іншых магчымых канкурэнтак) чыннікам абавязковай сустрэчы. Ну не можа баба, тым больш такая баявітая, як Наста, даведацца, што “яе” хлопца, ці нават напаўзнаёмага хлопца, які яе нібыта “кахае”, спакушае нейкая іншая дзеўка, а яна тымчасам сядзіць на печы ды боўтае ножкамі. Ну не можа баба не заўважыць, што сцэна расстання з Настай – галоўнай гераіняй гэтага тэксту, уладальніцай манапольнага права на Вілаў, прапісаная з меншай пяшчотай ды болем, чым сцэна страты Асты. Перачытайце тое, як сціпленька яны развіталіся ў Стамбуле – толькі што чайкі крычалі, гэта адзіная прыкмета ўзрушанасці нашага “аўтара”. Ён з нейкай аслупянеласцю ідзе да сябе ў гатэль, а потым усё п’е гарбату, чакаючы яе ля Блакітнай мячэці. Звернемся ж да сцэны расстання з Астай і тут пабачым, як ён прагна аглядаў яе спіну, калі тая апраналася, як ён каштаваў шампанскае яе вуснаў, як абрыналіся “белыя шматвежавыя замкі супольнай будучыні”, калі ён застукаў яе з мужам. Дык пра каго гэтая аповесць? Пра Насту ці пра Асту? І калі ўсё ж пра Насту, дык навошта рабіць яе незаўважным ценем, які герой, здаецца, і ўспамінае выключна ў кантэксце высокіх пачуццяў да радзімы? Уяўляеце, да якога вар’яцтва гэта павінна было давесці нашую баявітую гераіню?