– Адкрытая? – Віталь засьмяяўся.

– Ты колькі выжлукціў, алкаш? Давай папалім.

Ні ў адной сетцы ракаў не было, і яны вярталіся да намёту, але спыніліся, распальваючы цыгарэты.

– Дакладна таямніца нейкая ёсьць. Ён жа разьбіраецца, вуды такія, прыкормкі. Як так, ня выцягнуць ляшча?

– Абудзі запытай. – Віктар сплюнуў. – Штотыдзень езьдзіць. Пятніцамі. Можа, выходны ў ляшча ў пятніцу. Ты вунь у чацьвер дастаў. – І Віктар яшчэ раз сплюнуў.

– Такі самы подзеўбень, як ты, – сказаў Ткач. У намёце Віктар адшукаў тэмпалгін і праглынуў таблетку не запіўшы. Віталь меў рацыю. Роўна празь дзьве хвіліны Максім прачнуўся. Падхапіўся, хутка дыхаючы, і абапёрся на локці. Спаў ён на сьпіне, хаця помніў, што заснуў у позе эмбрыёна. Вогнішча ўжо не гарэла. “Шкада, не відаць зораў”, – падумаў Максім і паспрабаваў згадаць, што сьніў сэкунду таму. І згадаў. Ён бачыў агромністую рыбіну ў празрыстай-празрыстай вадзе. Плаўнікі рыбы амаль ня рухаліся. А пасьля ён убачыў сябе маленькага, меншага за матыля ў параўнаньні з трохкіляграмовым ляшчом. “Як ты зрушыш скалу? Як уздымеш яе са дна?” – загучалі словы Марыі. Максіма кідала то ўперад, то назад, ад плыні, якую рыбіна ўздымала шчэлепамі. “Лешч мусіў мяне ўсмактаць, але нават не заўважыў. Добра, што я прачнуўся”, – падумаў ён. “Шкада, не відаць зораў. На небе таксама можна ўбачыць вялікую зорную рыбіну, якая й вязе нас усіх на сьпіне”, – яго панесла ў патэтыку, якую Максім звычайна не любіў. Ён перавярнуўся на левы бок і падсунуўся бліжэй да шкла. Іншае акно дазволіла яму разгледзець колькі сьветлых кропак на небе. “Зорачкі, матулечкі, дайце мне ўжо злавіць гэтага ляшча. Калі ласка, я нічога дрэннага нікому ў жыцьці не зрабіў. За што ж мне гэта”. Па шчацэ Максіма скацілася сьляза, і адразу ж ён пачаў згадваць тыя бясконцыя выпадкі, калі абяцаў і не выканаў, калі пакрыўдзіў, калі давёў да сьлёз, перабольшыў віну іншага. Але ён і сам добра разумеў, што ніякага сапраўднага мярзоцьця за ім няма. Разумеў ён і тое, што калі б яно было, ягонае нешанцаваньне зь ляшчом было б тут ні пры чым, але, відаць, ён яшчэ не да канца прачнуўся і ня мог думаць як сьлед. “А таму за мной і няма ніякага сапраўднага мярзоцьця, што ніяк мяне сапраўды жыцьцё не выпрабоўвала. Характар праяўляецца пад ціскам”, – згадаў Максім чыюсьці думку. І тут жа вырашыў, што вось ён – той самы момант выпрабаваньня, момант, у які трэба зрабіць правільны ўчынак. Лёг на сьпіну. Яму было б сьмешна, каб не было страшна. “Што я магу зрабіць? Я ляжу ў багажніку ў лесе. Я зьбіраюся лавіць ляшча, што я магу зрабіць? Плюнуць на ляшча і зьехаць?” Але тут жа ён падумаў, што гэта будзе не рашэньнем, а толькі рэакцыяй дзіцяці на выклік, які яно, гэтае дзіцё, не зразумела.

Максім намацаў ключ ад машыны й адамкнуў яе. Падпоўз да дзьверкі й расчыніў яе нагою. Засунуў ступні ў берцы. Вылез з машыны, ледзь не паляцеўшы на зямлю. Падышоў туды, дзе быў відаць чорны няправільны круг вогнішча. Месяц стаяў амаль у зэніце. Максім убачыў між дрэваў цень. Ці то чалавека, ці то вялікай жывёліны. Па сьпіне пацёк пот. Сылюэт абыходзіў паляну па пэрымэтры, за першымі дрэвамі й хмызамі. Прайшоўшы чвэрць акружнасьці, спыніўся. Максім зрабіў крок назад – да машыны. Пасьля яшчэ адзін, і яшчэ, пакуль ня ўперся ў халодны мэтал.

Хтосьці, у Максіма ў гэтым не было ніякіх сумневаў, стаяў там, ня рухаючыся. Максім думаў, што рабіць: можна было ўзьняць крык, каб прачнуліся сябры, або ўзяць у машыне сякеру, або запаліць фары й паглядзець, хто гэта стаіць там і таксама сочыць. Гэты хтосьці зрабіў крок у бок, адваротны таму, у якім ішоў дагэтуль. Максім добра пачуў, як трэснула пад падэшвай, лапай ці капытом галіна. Пасьля крыху зварушылася вецьце. Зрок за апошнія два гады ў Максіма сапсаваўся, але не настолькі, каб ён сумняваўся, што бачыць кагосьці за дваццаць-трыццаць крокаў у месяцовым сьвятле. Сылюэт больш ня рухаўся. Максім прызвычаіўся да страху настолькі, што сам змог адфіксаваць гэтае пачуцьцё – рэфлексію над уласным страхам. Час ішоў, ні сылюэт, ні Максім не краналіся зь месца. Трэба было нешта вырашыць.

Максім зрабіў крок у бок багажніка, зайшоў за яго. Постаць ня рухалася. Мужчына адчыніў машыну й залез усярэдзіну. Пацягнуўся і ўзяў сякеру. Прыслухаўся. Адсюль было чуваць, як храпе Віктар і цяжка дыхае ў пярэрвах Віталь. Крэсла кіроўцы й суседняе да самага даху былі застаўлены рэчамі, таму той кропкі, дзе спыніўся сылюэт, адсюль было не відаць. Максім зачыніў багажнік і замкнуў машыну. Лёг на бок, паклаўшы сякеру перад сабою, заціснутую ў правай руцэ, нібы зьнянацку заснулае дзіця – ляльку.

Чутно ў машыне было горш, чым звонку, але адно з вокнаў было апушчана – яго закрывала толькі маскітная сетка. Хто б гэта ні быў, ён падышоў да намёту, пасьля, абышоўшы яго ззаду, апынуўся ля машыны. Максіму падалося, што ён адчувае подых гэтага Некага. Але ён хутка зразумеў, што гэта толькі падаецца. Мужчына ляжаў у машыне й прыслухоўваўся. У салёне, часам сьціхаючы, зьвінеў камар.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже