Усе засьмяяліся. Праз колькі імгненьняў квівэртып рэзка сагнуўся. Падсекчы швагер не пасьпеў. Але паклёўка паўтарылася сэрыяй штуршкоў. Віктар падсек. Ён ускочыў, узьняў пікер вэртыкальна ўверх. Па ягоным твары можна было падумаць, што рыбіна вялікія. Ён прыгаворваў: – Ёсьць… ёсьць… ёсьць! – але сагнуты быў толькі кончык пікера. Рыбіна, калі яна й была на кручку, мусіла быць зусім маленькай. – Ёсьць! Ёсьць у срацы ягамосьць! – скончыў думку Віктар. Праз сэкунду паказалася кармушка і ўсе ўбачылі, што рыбы няма.
Віктар, на азарце, вырашыў закінуць яшчэ раз, хоць бераг асьвятляў ужо месяц і слабую паклёўку ён бы прапусьціў. Віталь прынёс яшчэ адно піва. Максім таксама прыклаўся да бутэлькі. Віктар зразумеў, што далей чакаць ня мае сэнсу, і зматаў лёску.
Яны вярнуліся да вогнішча. Некалькі агеньчыкаў яшчэ мігцелі. Віталь укінуў гальля й адно палена зь сеткі, нахіліўся й стаў разьдзімаць агонь. Хутка полымя ўзялося, але давала больш дыму, чым раней. Віктар узьняў угору фатэль і торбы.
Віктар зь сябрам пайшоў укідаць рачэўні. Спусьціўшыся да вады, яны прывязалі першую да вяроўкі, і Ткач кінуў яе што было моцы. Сетка адляцела мэтраў на пятнаццаць і хутка патанула. Віктар перарэзаў вяроўку й прывязаў на беразе. Да чаго, Максім не разгледзеў, бо ня стаў спускацца з хлопцамі, а застаўся зьверху. Ён вярнуўся да вогнішча. Хацеў сесьці на калоду, але расклаў фатэль. Інсэкты сьпявалі свае любоўныя гімны. Было цёпла, і Максім гэтым разам не шкадаваў, што выправіўся ў рыбу.
– Атрымліваецца, ракі, як мухі, лятуць на лайно. Чырвоныя мухі, можна сказаць, адно ў вадзе жывуць.
– Ты ў кроплі вады што бачыш, акіян? – запытаў у Ткача Віктар.
– Бутэльку.
Працягваючы спаборнічаць у дасьціпнасьці, сябры вярнуліся да вогнішча.
– Слухай, Максім, а што ты зробіш зь ляшчом, якога зловіш?
– Расцалую ў вусны мядовыя, луску прашарую, – ён ікнуў. – Падкіну высока-высока ў неба, падхаплю ля зямлі, абдыму моцна, прыцісну да грудзей. – Мужчына замаўчаў. – Далей яшчэ не прыдумаў. Ты са сваім што зробіш, дарэчы?
– Засушу. Пакуль у вядры, жывы нібыта. Лянота кешкацца.
Максім адпускаў усю рыбу, якую выцягваў, але напраўду ня вырашыў, ці забярэ ляшча, як зловіць. Марыя хацела яго засмажыць. Рыбачыў ён звычайна пятніцамі, калі дома яны трымалі пост. Ён ніколі ня еў ляшча, але жонка казала, што той кашчавы.
– Віцёк, а ляшча ты любіш? – Максім вырашыў распытаць швагра.
– Ну, пад піва норм. Плотку больш люблю, лешч тлуставаты, як на мяне.
– Не, я пра смажанага.
– Ніколі ня еў. Піва не затрымлівай.
– Марыя казала, ваш бацька смажыў.
– Ты яе зь нейкай бабай паблытаў. Бацька пайшоў, калі мне было пяць. Я наогул ня помню, каб ён у рыбу хадзіў.
Віктар быў старэйшы за Марыю на тры з паловай гады.
– Хоць раскажы нам, з кім там ляшчоў смажыш? – сьмеючыся, запытаў Віктар, але Максім толькі адмахнуўся галавою. – Правільна, швагру галоўнага не раскажаш. Так, Віталь?
– Ага. У мяне такі самы выпадак быў з Кастусём. – Ткач лёгка падхопліваў любую тэму, але так, як ён яе разумеў. – Нас тады казахі моцна на вуліцы зьбілі. Адзін мне ў ногі скочыў, скруціў.
– А што Кастусь? – удакладніў Віктар.
– Яго так проста адмудохалі. За ногі не хапалі.
– За што адмудохалі? З бабамі іхнімі ляшчоў смажылі?
– Дзівак ты чалавек! – Ткач ударыў сябе далонямі аб сьцёгны. – Гэта ж казахі, ім што – прычына патрэбная? Мне яшчэ тады тулуп парэзалі. А Кастусь ня першы год у Карагандзе жыў. Ён тулуп не апранаў пасьля гадзіны дня.
Віталь пачаў сьмяяцца. Ён сьмяяўся так доўга й пераканаўча, што заразіў усіх. Мужчыны колькі хвілінаў гушкаліся, прыціскаючы жываты рукамі. Адсьмяяўшыся, Максім падумаў запытаць яшчэ пра бацьку Віктара й Марыі, але не сфармуляваў пытаньня.
– Дык, слухай, а як ён хадзіў, Кастусь твой?
– Без тулупа, як яшчэ! – І Віталь зноў пачаў сьмяяцца, за ім і Віктар з Максімам. – Стойце, стойце. Што гэта пішчыць?
– Гэта сыгналізатары, у більдзюжнікаў. Самі бухаюць, а як паклёўка, сыгналізатар пішчыць. Пакуль дабягуць, лешч ім ліст напіша, пачнуць цягнуць, тут ім паштар па плячы – грук, расьпішыцеся, вам ліст ад ляшча, – патлумачыў Віктар.
– А чо мы такія не паставілі? З паштаром бы выпілі. – Ткач працягваў свае гісторыі, Максім асабліва не ўслухоўваўся, ён устаў накінуць байку й завязаць бандану. Вярнуўся на месца.
Як толькі прысеў, зайграў мабільны.
– Не хацеў замінаць. Ня ведаў, калі будзеце класьціся. – Максім устаў і пайшоў у лес пэрпэндыкулярна берагу. – Закінуў. Так, як ты казала. Але два разы толькі. Цёмна стала зусім, нічога ня бачыў.
Ён адышоў ад паляны мэтраў на трыццаць, у начным лесе размову сяброў было добра чуваць, Максім пакрочыў далей. Спыніўся, прайшоўшы столькі ж. Вогнішча яшчэ было відаць.
– Ніхто нічога не злавіў. Ну, Ткач – дзьвюх плотак. Забраць зьбіраецца. Халера ведае. Сушыць, можа, а можа, дома выкіне.
Максім прыхіліўся сьпінай да вялікай сасны. Запаліў, пакуль Марыя гаварыла, спаліў амаль палову.
– Так, каханая, – толькі й пасьпеў уставіць Максім.