Кожны ўзяў плястыкавы тэрмасок на калені й пачаў выцягваць адтуль тое, што набыў. Максім хутка запхаў у сябе пяць ці шэсьць сасісак, але голад зрабіўся толькі мацнейшым. Ён прымусіў сябе спыніцца, бо хлопцы зьелі пакуль што зусім мала. Максім чакаў падколак пра вагу й ня быў да іх гатовы.

– Трэба рачэўні праверыць, – сказаў Ткач. – У нас піва скончыцца, трэба хутка ракаў.

– Нам іх усё адно варыць няма ў чым. Пакуль сябры елі, яшчэ колькі разоў пачуліся гукі сыгналізатара, а Максім адзін раз гучна ікнуў. Над палянаю відаліся зоры. Часам на асьветленых вогнішчам камлях соснаў можна было разгледзець цені рукакрылых.

– Кажаны крычаць. Чуеце? – запытаў Максім, хаця за патрэскваньнем вогнішча нічога такога ня чуў.

– Гэта, дарэчы, яны не па гэтых гуках лятаюць. Тое, што мы чуем, гэта яны размаўляюць. А радары іх – як карабельныя равуны, мы б аглухлі, каб іх чулі, – уставіў Ткач.

– Скуль такія веды? – запытаў Віктар.

– З малымі GeoWild гляджу. Магу вам яшчэ пра белых мядзьведзяў апавесьці. Дарэчы, ня варта было выкідаць вашае гнільлё. Можа мядзьведзь прыйсьці. Яны таксама гнільлё ядуць, як мухі. Наогул усе як мухі. Толькі некаторыя калматыя, а некаторыя чырвоныя. А некаторыя рыбакі.

Максім дапіў бутэльку.

– Я спаць, хлопцы. Разьвіднее а чацьвертай. Прапаную бяз чвэрці ўстаць. Вы як сабе хочаце, а я пайшоў.

Максім адкрыў багажнік і склаў заднія крэслы. Сеў у машыну й пацягнуўся разбэрсаць шнуркі, але ў яго не атрымалася. Тады ён паставіў нагу ў машыну. Даваць рады такім чынам было не нашмат лягчэй, але на ім былі берцы й сьцягнуць іх, не разьвязваючы, не атрымалася б. Максім запоўз сьпінаю ў машыну. Потым сьвіснуў.

– Эна, закрыйце мяне.

Віталь падышоў і, паслаўшы паветраны пацалунак, зачыніў багажнік. Максім лёг па дыяганалі. Павярнуўся на правы бок і памацаў сякеру, якая ляжала ў шчыліне між дзьверкамі й крэслам. Раптам яму стала весела, бо ён перарабіў выслоўе пра мядзьведзя й цяпер атрымлівалася, што не абавязкова спаць у браневіку, дастаткова, каб хтосьці ляжаў у намёце.

Сябры з лаянкай палезьлі ў намёт. Пра ліхтар яны забылі, тканіна выгіналася хвалямі, нібы сапраўдныя цунамі ценяў гулялі па дрэвах вакол паляны. Сэкундная Максімава радасьць зьмянілася на паганае адчуваньне. Мужчына зазірнуў у сябе й зразумеў, што рэч у словах Віталя пра мядзьведзяў, якія такія ж мухі, як рыбакі. Хаця Ткач сфармуляваў гэта такім чынам, што тады, пры вогнішчы, за півам, было весела, цяпер, у машыне, сьмешна Максіму не было. Была агіда і ў тым, што ён прыехаў сюды лавіць рыбу, і ў тым, што толькі што еў мяса. Усьвядоміўшы гэта, Максім ледзьве не расьсьмяяўся, бо адмовіцца ад мяса – гэта была настолькі непад’ёмная задача, што нават прымерыць яе на сябе не атрымлівалася. “Той таго зьеў, каму ДНК дазволіла”, – падумаў ён.

“Але што мне з таго ДНК. Што жыцьцё ня мае сэнсу, я ведаў заўсёды”. Максім разумеў, што дзесьці глыбей сядзіць сапраўднае адчуваньне, празь якое ў яго сапсаваўся настрой і якое не дазваляе яму быць шчасьлівым гэтым вечарам. Але адшукаць яго ён ня змог, бо баяўся. Заснуў Максім адразу, без усялякага пераходу.

Праз паўгадзіны прачнуўся Ткач. Пхнуў Віктара пад рэбры.

– Чуеш, поц. Трэба рачэўні праверыць.

Яны ўсталі. Доўга навобмацак шукалі ліхтар і батарэйкі, уставілі іх у сьвятле месяца. Калі сябры спусьціліся да вады, Віталь запытаў: – А ён што, праўда восемдзесят разоў рыбачыў і ні разу ляшча не злавіў?

– Праўда. Прынамсі, мне так апавядае. Халера яго ведае, як там напраўду. Маша мне нічога пра гэта ня кажа. Яна не падарунак, але і яго ляшчы гадавалі. Сядзіць два гады бяз працы, па ляшча ўсё езьдзіць. Ведаеш, тут нібы нейкая таямніца ёсьць.

Віктар знайшоў першы шнур. Падаў яго Віталю.

– Давай, цягні. Права першай ночы ракам за табою. – Віталь пацягнуў. – Грошы ён мог на старой працы адкласьці, зарабляў ён шмат. Але на кожнае сьвята ягоная жонка ў той самай сукенцы.

Паказалася рачэўня. Хлопцы сьціхлі. Але ў сетцы не было нічога, апроч кавалка гнілой курыцы.

– Кідай яе назад. Можа, ёй і не патрэбная новая сукенка. Але нашто яму гэтыя ляшчы, я шчыра ня ведаю. Ну, палавіць, пасядзець вось так – яно супэр. Глядзі, тут ля карэньня дзірка. – Віталь падсьвяціў, дзе менавіта. Яны ішлі берагам да другой пасткі. – Не ўваліся.

– Адна справа, калі ў цябе выбар – новы лексус ці ў рыбу, іншая – калі ты… – швагер задумаўся. – Зуб свой жалезны на парцаляну памяняў. Чот я разышоўся. Галава баліць. – Віктар сапраўды адчуваў сякеру ў скроні. Ад піва ён цьверазеў хутка. – Мы вось з табой таксама, як ён, будзем езьдзіць, толькі па ракаў.

І напраўду, у другой рачэўні таксама нічога не знайшлі, не было ракаў і ў трэцяй. Віктар хацеў вярнуцца ў намёт, але Віталь пераканаў яго праверыць астатнія.

– А раптам там кароль ракаў прыйшоў?

– Каралева – я яшчэ паверу.

Чацьвертая рачэўня за нешта зачапілася, і хлопцы не змаглі яе дастаць.

– Трэба лезьці. О, я ж, дарэчы, узяў маску й трубку, заўтра дамо нырца, што твой лешч, – сказаў Віктар. – Малы ў яго зусім не гаворыць яшчэ. Пайшоў позна. Я ёй казаў, адвядзі ты яго да лягапэда. Яна гаворыць – рана. Ну, рана дык рана.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже