– Бляха, – сказаў Ткач. – Вы ровар дзіцячы бачылі?

– Бачылі, – адказаў Максім. – Лепш да сьмерці ці калекаю?

– Каму як. Ты вунь па атлусьценьні хутка інваліднасьць атрымаеш, а па ляшча езьдзіш.

Кіроўца ікнуў. Пасажыры засьмяяліся.

– Што вы за сьвіньні. Вы толькі што, лічыце, на мёртвага дзіцёнка паглядзелі, а самі сьмеяцеся, – сур’ёзна сказаў Макс, але, зірнуўшы на профіль Віктара дый ікнуўшы, і сам засьмяяўся, хаця нічога сьмешнага па-ранейшаму ня бачыў.

– Эх, злавіць бы сёньня ляшча… – сказаў Максім праз колькі хвілін.

Віктару падалося, што ў Максіма сьлязяцца вочы і ён хутка заплача, але той апошнім часам напраўду набраў шмат вагі й пры росьце ў сто семдзесят сантымэтраў пераваліў за сто дзесяць кіляграмаў. Ён увесь час пацеў, поры на скуры зрабіліся вялікімі й часткова былі забітыя чорнымі кропкамі, зуб за іклам выпаў і быў заменены на жалезны пратэз, валасы, сабраныя ў хвост, парадзелі. Можа быць, пачырванелыя вочы былі адною з праяваў яго нездароўя.

Яны ехалі старою дарогаю, якою цяпер амаль ніхто не карыстаўся, але асфальт быў добры. Паабапал стаялі вязы. Максім падумаў, што яны зьехалі на гэтую дарогу, нібыта ў апавяданьне Чорнага, і зараз на шашу мусіць выскачыць згаладалая карова, уздымецца туман, а кара дрэваў стане мокрай і будзе аддаваць паветру цягучы пах. На ўзбочыне зьявілася заўважаная адно кіроўцам лісіца. Але было па-ранейшаму горача й амаль ясна.

Яны ўехалі ў нейкі пасёлак. Віктар ня ведаў які, магчыма, гэта быў ускраек Асіповічаў. Дзень сканчаўся.

– А што як ня зловіш ляшча, Макс? – Віктар піў ужо другі літар.

– Злаўлю наступным разам.

– Ты яго два гады ўжо ловіш. Мо лепш у самотнікі, як Ткач? У сама паклёўка раз на год, ня так крыўдна не злавіць, як ляшча твайго. Ты ўжо колькі езьдзіш?

– Восемдзесят дзявяты раз.

– За дзевяноста разоў можна было яго прынамсі выхапіць. Давай да соткі дагоніш і спынісься. Як табе такі варыянт?

– Заўтра я выцягну ляшча трошніка. А можа, і большага. Можа быць, такога, што ты зь ім зможаш выпіваць.

– Не, такога ляшча ня трэба. Такіх ляшчоў у мяне ўжо шмат. Выцягні такога, каб ім можна было закусіць.

Усе трое сур’ёзна заківалі. У Ткача ажыў тэлефон. Спачатку мужчына казаў ціха й салодкім голасам, пасьля – апраўдваючыся.

– Кінула слухаўку, – сказаў ён спакойна.

– Я гэтаму кажу і табе скажу. Пастаў ты яе на месца. Што вы ня як мужыкі. Раз на месяц ты ня можаш у рыбу зьезьдзіць? Тым больш ты сур’ёзны чалавек, дом свой, машына, бізнэс свой. Што яна яшчэ хоча?

– Так, – сказаў Віктар. – Давайце не ўздымаць гэтую тэму. Ты мне лепш скажы, Макс, якая там плыня?

– Плыня там – акурат для сама! – і мужчыны зарагаталі.

Машына ўехала ў лес. У багажніку штосьці адчувальна грукала, калі яны праяжджалі па ямінах. Максім трымаўся за стырно, а пасажыры – за вочапкі над вокнамі. Максім узгадаў “араматыку на ракаў” і яго пацягнула на ваніты. Пакуль ня выехалі на раўнейшы ўчастак, усе маўчалі.

– Блін, намётаў жа! Пазаймалі ўсё.

– Ты яшчэ пра абарыгенаў не забывай.

Але на месцы, да якога яны ехалі, ніхто не расклаўся. Гэта была прадаўгаватая, уздоўж абрывістага, парослага дрэвамі берагу, палянка, з двума кругамі прагарэлых вогнішчаў, невялічкім сталом і лавамі пры ім. Крыху наводдаль зь неабдзертых камельчыкаў сасны й нейкіх галінаў была змайстраваная сушылка для рыбы.

– Аптымісты, – пракамэнтаваў Віктар.

Гарачыня зусім сышла. Максім адчыніў свае дзьверы й адну за адною высунуў ногі на вольны ад травы лапік пяску. Ён устаў і зрабіў чатыры крокі. Ногі крыху здранцьвелі. Максім пацягнуўся й набраў Марыю.

– Нічога ты ня зловіш. Можаш не спадзявацца.

– Дзякую на добрым слове.

– Толькі абавязкова сёньня закінь. Можа, і сёньня ня зловіш, і заўтра ня зловіш.

Хлопцы нешта крычалі ад вады, але словаў было не разабраць.

– Я так хачу ляшча. Бацька яго гатаваў і мяне навучыў. Гэты смак зь дзяцінства. Як ня зловіш, набяры мяне яшчэ раз. І перад сном абавязкова. Ты што замешваць будзеш?

– Эрэску спорт.

– І сабе, і Віце?

– Так. Можа, яму “плотку”. Пагляджу.

– Толькі “плотку”. Нават і ня думай яму “ляшча” мяшаць. Ці хай падалей адыдзе.

– Тут не адгадаеш, трэба паспрабаваць.

– Мама дала сто даляраў.

Марыя дала слухаўку Яну, і бацька сказаў яму колькі словаў. Сын быў не ў гуморы і не адказаў. Хлопцы неўзабаве вярнуліся і ўзяліся за намёт. Ставілі збольшага лаянкаю. Максім паліў на лаве, бо зьбіраўся спаць у машыне. Намёт быў чужы, дый піва яшчэ ня выйшла, і хлопцы ніяк не маглі даць рады. Малады бацька спусьціўся да вады.

Мясцовыя паставілі кружкі. Два чалавекі ў драўлянай, фарбаванай у зялёнае лодцы плылі на вёслах уверх, да пасёлка. На тым беразе палілі вогнішча. Краявід псавалі толькі высачэзныя, тонкія антэны, відаць, нейкай вайсковай радыёлякацыйнай часткі. Максім паглядзеў на іх яшчэ раз і падумаў, што яны стаяць тут так даўно, што нічога ўжо не псуюць, і што, можа быць, менавіта для вайсковых патрэбаў, як люстра для радара, запрудзілі гэтае вадасховішча, і каб не радар, тут была б нешырокая ручаіна. Агледзеўшы бераг, Максім сабраў колькі пакетаў ад прыкормкі, пустую бутэльку, недапалкі і зь дзясятак накрывак.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже