У вадзе ўздоўж берагу ляжала бервяно. Максім апусьціў далонь у ваду. “Лешч, прыходзь да мяне, ты вялікі й разумны лешч, а я тоўсты й слабы, але я даўно чакаю цябе, прыходзь, лешч”. А пасьля, падумаўшы, дадаў: “Ці не прыходзь. Мне ўсё адно, лешч”.

Ля вады было крыху сьвятлей, чым на палянцы, але пачыналі спадаць прыцемкі. Максім узьняўся берагам да машыны. Аддыхаўшыся, ён адчыніў багажнік і выцягнуў па чарзе дзьве вялікія торбы, фатэль, фідар і пікір для Віктара. Сваіх вудаў у швагра не было. Сябры акурат далі рады з намётам.

– Ну, што, Віталь, далучысься да фідарасаў? Ці буш свайго сама чакаць?

Прапанова была чыста рытарычнай, бо для яго ўсё адно не было ні фідару, ні пікіру. Віталь расшпіліў свой футарал і выцягнуў адтуль два матавіньні зь лёскаю, грузіламі, кручкамі й гумаю. Максім адвярнуўся.

– Назьбірайце вы лепш дроваў.

– А той сеткі ня хопіць?

– Можа, і хопіць. Але вы піць будзеце, хоць пры вогнішчы паседзіцё.

Ткач і Віктар сышлі, захапіўшы з сабою літруху. Максім выцягнуў дровы з багажніка й разрэзаў сетку нажом. Узяў сякеру й нарабіў трэсак. Аддыхаўся. Устаў на адно калена й пачаў складаць пірамідку. Моцна ікнуўшы, ня даў рады, і лускі разваліліся. Максім набраў паветра ў грудзі, але ня вытрымаў і дзесяці сэкундаў. Ікаўка вярнулася агрэсіўнейшай.

Ён агледзеўся. Да поўнай цемрадзі заставалася ня больш за гадзіну. Максім нагою пнуў трэскі й поскакам кінуўся да вудаў. Ён разьвязаў вяровачкі, выцягнуў фідар з чорнай шаўкавістай тканіны, прыхіліў да машыны. Уставіўшы каленцы адно ў адно, колькі разоў секануў паветра над галавою. Хутка выцягнуў шпулю й прыкруціў яе да вуды. Пачаў цягнуць пляцёнку праз колцы, але раптам спыніўся. Паставіў вуду да негабляванай дошкі лавы й вярнуўся да вогнішча.

Устаў на калені і па адной сабраў трэскі ў пук. Праз хвіліну пірамідка была гатовая. Пасечанае дрэва прыемна пахла.

Прыяцелі вярнуліся з гальлём.

– Дроваў назьбіралі?

– Ты агняхвал ці што? Маліцца буш дровам? Хопіць нам. – Памаўчаўшы, Ткач дадаў: – Мы там лаўжоў знайшлі, але браць ня сталі. Хтосьці зьбіраў. Спадзяваўся. Верыў. Таксама агняхвалы, думаю.

Максім паднёс запальнічку да трэсак і трымаў, пакуль не адляцела колца, а боль ня стаў нясьцерпным. Ён памахаў сьціснутым кулаком. Устаў і адкаціў тоўстую бярозавую калоду на мэтар ад вогнішча. У Віталя склалася ўражаньне, што Максіму трэба было патрымацца за гэтае бервяно, бо яму закруцілася галава, калі ён рэзка ўстаў.

Агонь узяўся. Максім запаліў, сеўшы на калоду. Ён узгадаў выпадак у дзіцячым летніку, калі вось таксама сядзеў, толькі быў яшчэ тонкім і нязграбным хлопчыкам, не такім нехлямяжым, як цяпер, але хуткім, толькі недакладным у рухах. І зь вялікімі, незаплылымі яшчэ вачыма. А важаты, што сядзеў побач, абняў яго за талію мяккаю й потнаю далоньню. І гэтая далонь лашчыла яго. Ніякай агіды ні тады, ні цяпер ён не адчуў. Узгадаў толькі, як спрабаваў неўпрыкмет яе адкінуць. Як гэта атрымалася, Максім не згадаў, бо задумаўся, што стала з тым хлопчыкам за ўсе гэтыя гады. Адзінае агульнае ў іх, што прыйшло яму да галавы, – нелюбоў да паху злоўленай рыбы.

– Ладна, фідарасы, – сказаў ён, дапаліўшы. – Давайце паспрабуем, што да чаго.

Ён узяў чорны неглыбокі тазік і даў яго Ткачу, каб той набраў вады. Калі Віталь прынёс яе, Максім выліў амаль усю ваду на зямлю й высыпаў у таз траціну пачка прыкормкі.

– Ты так не рабі. Ты ваду лі ў прыкормку. У мяне досьвед. І рукі.

Максім аддаў тазік Ткачу й той стаў перамешваць шараватую масу, якая адначасова пахла сьвежасьпечаным хлебам, чымсьці тонка ў печы падгарэлым, мёдам, кветкамі й чыстым, дыстыляваным смакам. Калі прыкормка была гатовая, Максім працягнуў Ткачу скрыначку зь белым апарышам і адсыпаў у газэтную старонку матыля. Віталь сышоў, прыхапіўшы свой футарал.

Праводзіўшы позіркам Ткача, Максім павярнуўся да сваёй вуды. Каля яе на лаве сядзеў Віктар з рачэўнямі ў руках.

– Дапаможаш?

– Чым?

– Трэба мяса прывязаць.

Максім вылаяўся як належыць, узгадаўшы, куды канкрэтна швагер мусіць прывязаць сабе гнільлё.

– Я званітую, – сказаў Віктар, не зьмяніўшыся тварам.

Сам не чакаўшы, Максім задумаўся. Штосьці было ў гэтым пераадольваньні сябе.

– Ведаеш, настолькі ідыёцкіх прапановаў мне яшчэ ніхто не рабіў.

– А ты маёй сяструсе?

– Так. Прыблізна такая ж ёб-тая ідэя была.

– А я твой фатэль да вады аднясу. Ты ж разам зь ім утопісься. Ці зламаеш што.

– Засьцялі стол газэтаю, – сказаў Максім і пайшоў шукаць у аптэчцы вату.

Ён узяў таксама нож, лёску й плястыкавую накрыўку ад торта, якую невядома нашто прыхапіў на рыбалку. Максім ужо хацеў вываліць гнільлё ў накрыўку, але сказаў швагру спачатку падрыхтаваць самі рачэўні. Гэта былі невялікія складныя конусы. У раскладзеным выглядзе ля вяршыні сыходзіліся два сагнутыя драты, якія Віктар завязваў між сабою нэйлёнаваю вяроўкаю, каб пасткі ня склаліся ў вадзе. Калі рачэўні былі гатовыя, Максім запаліў і вываліў мяса ў накрыўку.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже