Пакуль смурод не адчуваўся. Рыбак падхапіў нажом кавалак мяса й кінуў яго на стол. Торкнуўшы гнільлё, ён зрабіў у ім дзірку. Дым трапіў Максіму ў левае вока, той устаў і адышоў на некалькі мэтраў ад стала. Сьлёзы ліліся з абодвух шчылінаў, у якія ператварыліся рэфлекторна заплюшчаныя вочы. Віктар стаяў побач са шваграм.

– Праз пахно, так? Максім не адказаў.

– Э, на! Сюды, ля! Сама дастаў! – закрычаў ад берагу Ткач.

– Пайшлі паглядзім, не магу з гэтым мясам. Руку дай.

Так яны й спусьціліся да берагу. Максім з заплаканым тварам і Віктар, як хлопчык пры блазьне.

– Пранцы на цябе! – Віктар не прыхоўваў зайздрасьць.

Максім нарэшце адплюшчыў вочы. На беразе ляжаў лешч. Максім такіх не лавіў. На вока ў ім быў акурат кіляграм.

– Нармальны падлешч. Прам тут узяў? – запытаў Віктар.

– Не, б-я. На Дзьвіну зганяў.

– Гэта не падлешч. Гэта лешч. Ён жоўты й гарбаты. – Рыба падскочыла ў кірунку вады, але Віктар адсунуў яе нагой падалей. – Звычайна такога памеру белыя, але гэты жоўты й гарбаты. Вынікае, лешч. Віншую, калега. – Ткач падскочыў і абняў спачатку Віктара, а пасьля й Максіма. – Блін, а мы час на тваё лайно марнуем. – І Максім пачаў уздымацца да паляны, ставячы ногі на самыя вялікі карэньні з тых, якія трымалі бераг. Каб было лягчэй, ён лічыў крокі й намагаўся рабіць іх шырэйшымі.

Дзесьці недалёка запікаў сыгналізатар.

За сталом Максім узяў нож і паспрабаваў прапхнуць ім лёску празь дзірку ў мясе. Але не атрымалася, ён узяў кавалак мяса двума пальцамі.

– Рачэўню, – папрасіў ён.

Атрымаўшы сетку, укінуў мяса ў яе і прывязаў лёску, прапусьціўшы празь ячэйку ў дне. Абедзьве далоні зрабіліся сьлізкімі. З вачэй зноў пачалі падаць сьлёзы.

– Згані ты нах-й гэтую асу! Згані яе нах-й! – Толькі пасьля словаў швагра Віктар зьвярнуў на яе ўвагу і напраўду пачаў адганяць, прыгаворваючы “б-я, б-я” і трымаючыся адною рукою за нос.

Ад стала Максім устаў, калі былі гатовыя чатыры рачэўні з шасьці. Ён падышоў да сасны й прыхіліўся да яе, трымаючы далоні так нізка, як мог. Пачыналіся ваніты. Віктар распаліў цыгарэту і ўставіў швагру ў рот. Максім уцягнуў паветра й тут жа ікнуў. Цыгарэта вылецела ў пясок. Віктар затаптаў яе. Як і мінулым разам, ікаўка адагнала ваніты. Максім вярнуўся да рачэўняў і хутка, ня больш чым за паўхвіліны, падрыхтаваў абедзьве.

– Мінэт з маёй сяструхі, – сказаў Віктар.

– Ідзі закідай. Толькі спачатку аднясі куды гэтае гнільлё, – Максім кіўнуў на скрынку. – Стой. На рукі мне палі спачатку.

Выявілася, што вады – адна бутэлька, якую ўзяў кіроўца. Віктар паліў півам. Пах сышоў, толькі калі бутэлька спусьцела на палову. Швагер пачаў зьбіраць пікар. Прымацаваўшы шпулю, ён адставіў яго, узяў Максімаў фатэль і пацягнуў да вады. Там ён расклаў яго й надзейна ўсталяваў. Вярнуўся па торбы і іх таксама аднёс на бераг.

Максім сеў у фатэль. Каля ляшча ляжалі яшчэ дзьве плоткі, але невялікія, крыху меншыя за далонь.

– Сёньня й назад трэба будзе аднесьці. Не давяраю я суграмадзянам. – Пра плотак Максім нічога не сказаў.

Лавіць не хацелася. Віктар хутка зьвязаў патэрностэр, узяўшы вертлюжок з торбы швагра. Ён прычапіў груз і кінуў, як кпіў Максім, “у ангельскім стылі”. Насамрэч Віктар завёў вуду далёка за сьпіну й шырока махнуў ёй. Грузіла паляцела па высокай дузе, зьбіўшы ліст з галіны вяза, які рос справа ад Віктара й Віталя. Калі сьвінец наблізіўся да вады, швагер не зрабіў адцяжкі, бо забыў, што лёска закліпсаваная. Максім пакачаў галавою. Віктар зьняў кліпсу й скруціў. Яшчэ раз гэтаксама закінуў, зноў трапіўшы ў лісьце. Пакуль шанцавала й лёска не заблытвалася.

– Задалёка, – сказаў Максім.

І напраўду, атрымалася пад пяцьдзясят абаротаў. На дваццаці васьмі грузік за нешта зачапіўся, але лёска не абарвалася.

– Лепш так, чым на мэтры лавіць, – не пагадзіўся Віктар.

Максім не камэнтаваў, бо стаміўся тлумачыць. Пакуль Віктар вязаў павадок, Ткач сказаў: – Я чытаў учора, што ракі пачалі нават на коней нападаць.

– Гэта што, – падтрымаў Віктар. – Аднаго прызначылі сьпікерам верхняй палаткі. Піва дзе? – Віталь падаў яму бутэльку. – На ноч закіну, а то пахам гэтым можна й рыбу распужаць.

Віктар закінуў з пустой кармушкай, утыркнуў стойкі зь зялёнымі плястыкавымі вяршынкамі, усталяваў пікер і знайшоў месца для складнога зэдліка, каб было зручна падсякаць.

– Халера бяры, – сказаў Ткач і дастаў вуду. – Я ня бачу паплаўка.

Віктар закінуў, набіўшы кармушку Віталёвай прыкормкай і начапіўшы на зазубень клясычны бутэрброд з апарыша і матыля. Кармушка ўвайшла ў ваду мэтраў на пяць лявей, чым уваходзіў патапец. Квівэртып быў ледзьве бачны. Віктар запаліў.

– Клюе! – выгукнуў Максім і яшчэ гучней ікнуў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже