— У адной вёсцы, ды не аднаго поля ягады,— прабурчаў Гусачок і выцер далоняй тоўстыя асмяглыя губы.— Хай, кажаш, трохі ачуняе? Ну што ж...— Гаварыў ён да маці, а пазіраў на сына. У вострай прыглядцы касаватых вачэй стаілася нейкая хітрасць. Аляксею падалося, што Гусачок якраз і хацеў, каб ён не пайшоў сёння высякаць лес, але рабіў выгляд, быццам настойваў усур’ёз. Толькі — навошта яму гэта? Падазрае, можа, здагадваецца? Апякла трывога.
Учора пад вечар, перад тым як ісці дадому, яны з Мішам скарысталі момант, калі немец-наглядчык, мабыць, задрамаў недзе пад кустом, замест дрэў каля самай зямлі, у траве падпілавалі два тэлеграфныя слупы. Уначы тыя слупы, відаць, ад ветру пападалі, і цяпер гітлераўцы шукалі, хто зрабіў ім шкоду.
Аляксей зразумеў, калі сёння ён пойдзе, за ім стануць сачыць. Што ж, хай сочаць, ён жа ўжо ведае пра гэта... Але як цяпер ісці? Выходзіць, маніла маці — здаровы... Не пойдзе — падазрэнне ўзмоцніцца. Ага, не быў — вось і слупы цэлыя. Папаўся, галубчык... Думкі яго мітусіліся: ісці — не ісці? Яны як стукаліся ў галаве, сутыкаючыся з разгону. А Гусачок... Няўжо ён бачыў усё, разумее?
Маці, засланяючыся ад сонца рукой, глядзела на Аляксея, і яму паказалася, што яна, збянтэжаная і растрывожаная, зачакалася яго слова. «Чаго маўчыш? Скажы і сам прасіся»,— прачытаў ён у яе прыжмураным поглядзе!
— Не пайду я сёння, баліць нага, — сказаў ён нечакана для сябе самога. Але ў голасе яго не чулася просьбы, тон быў спакойны, з ноткамі стрыманай упартасці. Прамовіўшы так, Аляксей адчуў, нібы ў той момант яму дадалося нейкага нялёгкага клопату. «А слупы?.. Трэба іх абавязкова пападразаць, калі так». Ён яшчэ не ведаў, як гэта зрабіць, аднак быў цвёрда перакананы: трэба.
Неадкладна сабрацца ўсёй групай, каб параіцца, яны не маглі: глядзіш, кінецца каму ў вочы чаго раптам? Хіба вяскоўцу ў такую пару занятку няма? Увечары — іншая рэч: паспяваць, патанцаваць. I ўсё ж Аляксей, Міша і Юрка на колькі хвілін «збегліся». У Юркі. Размова была аднадушная. Выбар упаў на Юрку, Веру і Тоню Сяргееву.
Веру і Тоню нядаўна таксама прынялі ў групу. Наконт Веры ў Аляксея, канечне ж, ніякіх сумненняў не было. А вось пра Тоню супярэчлівыя думкі прыходзілі яму ў галаву. Слоў няма, дзяўчына шчырая, разумная, толькі ці дастаткова гэтага ў іхняй справе? Маларослая, хударлявая, сілы, відаць,— як у ката. А тут жа трэба будзе і страляць, і ўзрываць, і забіваць, глядзі што, давядзецца.
Па праўдзе кажучы, забіваць Аляксей і сам не быў гатовы. Але ж ён мужчына, ён дужы і сілай мужчынскай, і воляй.
Была яшчэ адна прычына, што прымушала Аляксея вагацца. Тоня — дачка старшыні калгаса, які эвакуіраваўся, у акупантаў, відаць, іхняя сям’я на асобым уліку. Адно падазрэнне дзяўчыны — і нітачка прывядзе ў іхняе падполле. Гэтую прычыну, праўда, Аляксей абвяргаў сваім уласным становішчам. Ён не выключаў, што і сам у гітлераўцаў на асобым уліку — былы ж сакратар камсамольскай арганізацыі. I ад яго нітачка можа прывесці. Так што выйсце адно: каб ніякага, ні малейшага падазрэння...
Па юнацкай наіўнасці, па сваёй прастаце душэўнай Аляксей не разумеў тады, што патрэбна бездакорна-тонкая, ювелірная работа, каб перахітрыць каварнага, мацёрага ворага. Але на такую работу яны па нявопытнасці, безумоўна, няздольныя былі. I толькі пазней самі падзеі іхняй барацьбы, як яны складваліся, раскрылі яму вочы на тое, што ім, «зялёным» падпольшчыкам спрыяла: яны ж жылі сярод сваіх людзей.
Калі Веру і Тоню прымалі ў групу, Аляксей спытаў у Тоні:
— Скажы чэсна, табе страшна ці не?
Яна задумліва паглядзела на чырвоную хусцінку, якую Вера акуратна складвала, паціснула плячамі:
— Сама не ведаю... Тата заўсёды гаварыў: «Чалавек, калі ён жыве для людзей, не павінен паддавацца страху».
Аляксей таксама помніў гэтыя словы старшыні калгаса Сяргеева, першага ў вёсцы партыйца. Сяргееў гаварыў іх на ўрачыстых мітынгах Першамая і свята Вялікага Кастрычніка, на сходах калгаснікаў, на пасяджэннях праўлення. Вяскоўцы паважалі і любілі яго. Можа, іменна глыбокая іхняя пашана да свайго старшыні выклікала лютую злобу бандытаў.
Познім зімовым вечарам, калі Сяргееў вяртаўся з МТС, двое перастрэлі яго ў лесе. Спынілі, папрасілі сярнічку. Адзін прыкурваў, другі стаў на палазы вазка ззаду. Стрэл у патыліцу паваліў Сяргеева ў вазку. Куля прабіла галаву, выбіла вока. Але другога стрэлу, у ляжачага, бандыт зрабіць не змог. Гарачы конь выратаваў старшыню: шалёна рвануў, і бандыт кульнуўся ў снег. Калі Сяргееў ачуняў, яму для самаабароны прапанавалі пісталет. Ён адмовіўся: суд жа пакараў злачынцаў.