– «Чыста сардэчнае» напісана разам. «Збіць з понта Лыку» – у два словы з маленькай літары. Які ж гэта аўтарытэтны? Адказвае нормам! Ды ні фіга ён не адказвае! Брэша! Я знайду, Вінсэнты, хто пісаў! Хочаш, разам разбярэмся па паняццях? Хай адкажа, у натуры, – злаваўся кот.

– Ды не трэба, я ім не карыстаюся, – спрабаваў заспакоіць яго хлопец.

– Ну і фак на яго! А то я б… – сціснуў кулак. – Ты лепей глядзі, што ў мяне ёсць, – узрадавана дастаў з кішэні кніжачку. – Глядзі! Васіль Быкаў, вершы.

Вінусь засмяяўся:

– Ды кінулі цябе, братан! Васіль Быкаў – празаік.

– Гэта для лохаў там пра розных заяк ды хамячкоў. А для рэальных пацаноў – вершы. А яшчэ ў мяне ёсць карціна, гэта, як яго… «Мана» завецца.

– Можа, Манэ?

– Заля намаляваў.

– Ну ты, братан, зусім гоніш. Эміль Заля – пісь-мен-нік!

– Слухай! Калі я кажу малюй – малююць!

Зазвінеў Вінусеў мабільны. Анцік запрашаў сустрэцца.

– Галімы ў цябе апарат, – засмяяўся кот. – Глядзі, які ў мяне. – Пачулася музыка гімна, і Апостраф дастаў з кішэні залатую вялікую слухаўку. – Вось! Паглядзі – галда колькі! – узрушана гарлапаніў. – I тэлек глядзець можна! Лады! А з тым лохам, што тыпу слоўнік складаў, я, у натуры, разбяруся! На табе, хоць рэальную кніжку сабе прыдбаеш! – шыбануў на стол стос грошай.

Рыбіна падагнала да стала джып.

– Ну, бывай, Вінсэнты! – махнуў лапай, падняў затанаванае шкло і пакаціў.

Вінусь паглядзеў на пакінуты катом пачак. Са звычайных даляраў пазіраў… Апостраф. На грошах былі надпісы: «Разліковыя білеты Канкрэтнага банка. Падробка грашовых знакаў праследуецца па паняццях». Хлопец зарагатаў.

<p>эпізод 41</p>

«Вінсэнт Суміцкі. Раман»

Пісаў апантана. Нават закінуў на сярэдзіне замоўлены Кацянковым новы раман – не хапала часу. Не адказваў на ягоныя паведамленні на аўтаадказчыку. Аднак пасля аднаго тэлефанавання вырашыў не псаваць з ім адносіны і схадзіць у выдавецтва.

– Калі вы і надалей будзеце так пісаць і не выконваць тэрміны здачы, мы будзем вымушаныя развітацца. Вашыя філасофскія разважанні і алегорыі пакіньце для «шуфлядных» сачыненняў. Чакаю вас сёння а васямнаццатай у сваім кабінеце, – папярэджваў строгі голас на аўтаадказчыку.

Кіёск каля дома аказаўся зачынены. Зайшоў у краму. Покуль разглядаў, ці ёсць ягоныя цыгарэты, мужчына, што стаяў перад ім, выгукнуў нібыта яго імя. Вінусь сумеўся ад нечаканасці.

– Вінаў, так, вінаў мне гэтых, калі ласка!

Хлопец пасміхнуўся. «Падалося! Вось дурань!» – падумаў сам сабе.

Мужчына між тым пільна паглядзеў на яго. Даўгі нос, загнуты, быццам дзюба, маленькія ўчэпістыя чорныя вочкі, апрануты ва ўсё чорнае. Нешта нядобрае ішло ад яго. Вінусь адчуў невыразную трывогу.

Ужо сеўшы ў машыну і едучы ў выдавецтва, усё адно адчуваў на сабе гэты паралізуючы, быццам дроцік з атрутай, позірк незнаёмца.

Увайшоўшы ў звыклы кабінет, Вінусь аслупянеў. За камп’ютарам сядзела… Меліса.

– Вы да спадара Кацянкова? Ён тэрмінова з’ехаў. Прасіў перадаць вам вось гэта, – працягнула вялікі канверт.

– В-вы… мяне не памятаеце? – ледзь прамовіў ад хвалявання Вінусь. «Я ведаў. Мы павінны былі сустрэцца. Самі… не знарок», – пульсавала думка. I хлопец не ведаў, радавацца яму ці не, і, як вучань каля дошкі, пераступаў з нагі на нагу ды церабіў краёк канверта.

– Чаму ж. Малады чалавек, што верыць у рыбаў, – і ні ценю здзіўлення.

– Вы не радыя? – спрабаваў хоць як-небудзь даведацца яе рэакцыю.

– Магчыма.

– Можа, сходзім куды-небудзь?

– Напрыклад?

– Ну-у, у кавярню…

– Пачакайце, калі ласка, закончу працу.

Пасля ўсюдыіснай позняй восеньскай вогкасці ды сцюдзёнага бяздомнага вятрыскі ў кавярні было цёпла ды ўтульна. Вінусь замовіў кактэйль для Мелісы, ананасавы сок ды салату з садавіны. Сабе ўзяў безалкагольнага піва. Дзяўчына вывучала яго не хаваючыся. Аднак гэты позірк, без пачуццяў і эмоцыяў, нерваваў хлопца. Так падоўгу глядзела на яго чорная рыбіна з акварыума, ледзь паварушваючы плаўнікамі ды абыякава глытаючы ваду.

– Ну і дрэнь гэтае безалкагольнае піва! – сказаў ён, каб нешта сказаць.

– Піва без алкаголю, кава без кафеіну, ружы без паху, чытанне без роздуму… адныя сурагаты. Гэтак жыццё можа зрабіцца цалкам віртуальным.

– Так, сапраўднае мы будзем спажываць толькі ў думках. Але ж мы наблізімся такім чынам да дзяцей, што лепяць катлеткі з пяску ды кормяць гэтай цудоўнай стравай лялек…

– Але ж дзіця паэтызуе свет. Яно ў сваёй гульні цягнецца да лепшага, уяўляе, як яно стане дарослым і гэтыя катлеткі зробяцца сапраўднымі.

– А што сапраўднае? Крытэрыі ўжо створаныя дарослымі, якія паспяхова ўжываюць сурагаты…

– Саня! I дзе толькі гэтыя старыя карчы такіх прыгожых дзяўчат бяруць? – прагучаў п’яны голас за спінай Вінуся, ён міжволі азірнуўся. – Вой, прабач, дзядзька, цяпер бачу, што не стары, – звяртаўся да Вінуся высокі хлапец з белым кучаравым чубам. – А сівы такі, быццам стары.

Сябар спрабаваў адцягнуць яго ад століка Вінуся ды Мелісы, аднак падпіты хлапец не сунімаўся.

– А ты не ведаеш, чаго на цябе той, у куце, утаропіўся?

Вінусь паглядзеў, куды паказаў нечаканы суразмоўца, і пабачыў спіну мужчыны ў чорным плашчы – той ужо выходзіў з кавярні.

– Вачэй не зводзіў, зуб даю.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже