— Бы сам не ведаеш, як ставіцца наш дарагі, любімы шэф да тых, хто шчыруе на экспарт…— нарэшце знайшоўся ён, аднак сутыкнуўся з насмешлівым Андрэевым позіркам і згадзіўся:— Канечне, гэта несур’ёзна, самаапраўданне. Сапраўдны журналіст пры любых умовах будзе самасцвярджаць сябе, не зважаючы, падабаецца ці не падабаецца гэта начальству… Самае трагічнае, стары, што я ўжо, здаецца, згубіў веру ў сябе. Ці мо проста гультаяваты ад прыроды, і гэтае гультайства канчаткова даканае, пагубіць мяне…

— Ну-у, скажаш…— рашуча запярэчыў, каб трохі суцешыць Вялеську.— Майстар жа ты нагаворваць на сябе!..

— Так, стары, так! — самотна ўсміхнуўся Янка.— Ніхто так строга і бязлітасна не павінен судзіць цябе, як сам сябе… Я часта думаю: адкуль гэтая апатыя і дэпрэсія? Ад адчування часовасці, неўладкаванасці, пэўна… Была б пэўнасць, свая гавань… А магло ўсё інакш павярнуцца — сам вінаваты. Як ты ведаеш, мяне пасылалі на тэлебачанне. Адмовіўся, напрасіўся ў глыбінку: маўляў, там бурліць, віруе жыццё, а тут закіснеш, завянеш, зачахнеш на мінскім асфальце… Хто быў разумнейшы і практычнейшы, сёння — кум каралю, сват міністру, а ружовы аптыміст-рамантык Вялеська ўсё спасцігае жыццё…

У Янкавых словах была такая горкая, няўцешная туга, што Андрэю стала да шчымлівасці шкада яго, хоць і не зусім разумеў: з чаго тут рабіць трагедыю?

— Ат, ты проста перабольшваеш… Гэта яшчэ невядома, хто выйграў, хто прайграў. Раён, згадзіся, добрая школа, веданне жыцця дае…

— Дае, канечне, дае…— іранічна ўсміхнуўся Вялеська.— Гледзячы што дае… Канечне, зведаеш па імені і бацьку кожнага старшыню калгаса, агранома, заатэхніка, брыгадзіра, дарогу да кожнай вёсачкі, дзе на цябе ўжо і сабакі не брэшуць, прымаючы за свайго. Будзеш, вядома, ведаць кожны бор, дзе растуць баравічкі, кожную рачулку, у якой пакуль што не звялася рыба… Але хіба гэта тое жыццё, якое табе патрэбна? Гэта — турысцкае бачанне жыцця. На сапраўднае жыццё хочаш не хочаш, а прызвычаішся глядзець вачыма рэдактара, загадчыка аддзела, адказнага сакратара, штодзённымі патрэбамі пражэрлівага молаха па імені газета, якому, адплачваючы за хлеб надзённы мусіш служыць верна і аддана. На першы погляд, і праўда штодня сутыкаешся з жыццём, ведаеш яго дасканала, але гэта толькі ілюзія. Сапраўднае жыццё сочыцца, уцякае, як дробненькі пясочак са жмені, у руцэ застаюцца розныя камякі ды смецце…

Андрэя страшэнна здзівілі гэтыя нечаканыя, арыгінальныя Янкавы думкі. У іх, канечне, было нешта слушнае, разумнае, аднак…

— Ладна,— зразумеў яго Вялеська.— Магчыма, я перабольшваю, згушчаю фарбы, але ў прынцыпе яно так і ёсць, як бы мы ні цешылі сябе…— I адразу ж перавёў на іншаё: — Так і быць, адкрыю табе па-сяброўску: іду ў адпачынак — і бывайце здаровы, жывіце багата… Словам, зматваю вуды. Наклёўваецца адно месцейка — дзякаваць богу, што ёсць сябры, якія не забываюць…

Андрэй, калі пазнаў бліжэй Янку, заўсёды трохі скептычна ставіўся да яго пражэктаў, а зараз паверыў: гэта надумаў сур’ёзна. На момант уявіў сабе рэдакцыю без вечна расхрыстанага, імпульсіўнага, шумлівага, трохі зацюканага Вялеські — і сціснулася сэрца, стала да болю тужліва, мабыць, упершыню так выразна адчуў, як яму будзе не хапаць гэтага блізкага чалавека, якога не цаніў, несправядліва думаў чорт ведае што…

— Во такія справы, стары! — нечакана ўзбадзёрыўся Янка.— Матай на вус — мо пойдзе на карысць мой невясёлы вопыт. Павер, гэта несусветнае глупства, быццам чалавек даходзіць да ісціны выключна праз свой уласны вопыт, быццам набітыя гузакі — самы дасканалы спосаб пазнання рэчаіснасці. Каб кожны арыентаваўся на ўласны вопыт, уласныя гузакі, чалавецтва і сёння не вылезла б са звярынай скуры, самай дасканалай прыладай лічыла б каменны тапор… I яшчэ скажу табе абсалютна шчыра: будзь сёння я на тваім месцы — ні за што не пайшоў бы на факультэт журналістыкі. Куды хочаш — у настаўнікі, урачы, аграномы, толькі не ў газетныя падзёншчыкі. Пісаў бы, калі мне хочацца, пра што хочацца, як хочацца, і толькі тады, калі не пісаць немагчыма… Зрэшты, глядзі сам — пісьменніка, нават журналіста там з цябе не зробяць, але і шкоды вялікай не будзе. Адно ясна: калі ісці — то, несумненна, на стацыянар!

— Яно, канечне: стацыянар ёсць стацыянар…— уздыхнуў Андрэй, згаджаючыся.— Але як зноў на якім-небудзь партыцып цвай зрэжуся? Сам бачыш: рыхтавацца сур’ёзна няма калі, што ведаў — забыў… На завочнае мо паступіць лягчэй…

Вялеська заклапочана пахадзіў сюды-туды, нешта прыкідваючы, раптам прасвятлеў, рашуча ляпнуў па плячы:

— Ладна! Дойч я бяру на сябе!

— Што, здаваць за мяне пойдзеш ці мо экзаменатарка — твая сяброўка дзяцінства? — недаверліва, іранічна глянуў Андрэй.

— На жаль, не, і гэта нам не падыходзіць,— спакойна і разважліва сказаў Янка.— Вучыць будзем. Дакладней, вучыць будзеш ты пад маім чулым кіраўніцтвам.— Падміргнуў гарэзна.— Калі будзеш прылежным вучнем, фірма гарантуе: праз месяцы два зашпрэхаеш — хоць пасылай інтэрв’юіраваць самога германскага канцлера…

— О-о, гэр профэсор! — зарагатаў Андрэй.— Скажыце, вы — гэта той буйны спецыяліст па вывучэнню замежных моў у сне?

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже