Цяжкі, невідушчы позірк слізнуў па шчыце — і бы токам торкнула: на яго глядзелі аж тры партрэты Шушаля! Застыў, паралізаваны незразумелай сутаргай. Нейкая невядомая сіла ўладна падштурхоўвала падысці, яшчэ раз зірнуць, пераканацца, высадзіць шкло, садраць, парваць на шматкі, утаптаць у гразь гэтыя ненавісныя, мярзотныя партрэты, і ледзьве стрымліваў сябе, каб не падначаліцца гэтай неразумнай сіле. Паспрабуй толькі — у лепшым выпадку адкараскаешся штрафам, а то на тыдні два зацюлюкаюць у кампанію начных знаёмых…

Спіною адчуў нечы насцярожаны, няветлы позірк. Азірнуўся: з другога боку вуліцы на яго глядзелі дзве дзяўчынкі-падлеткі ў школьнай форме. У іх акругленых вачах застыла здзіўленне, спалох. Спрабаваў усміхнуцца, аднак дзяўчынкі сарваліся з месца, подбегам панесліся прэч, час ад часу азіраючыся. Падумаў: зараз увесь горад падключаць на аблаву Шушаля. Глядзі, чаго добрага, схопяць, намнуць бакі ды зноў прывалакуць у каталажку…

Разгублена моргаў і сам сабе здаваўся зацкаваным, абкладзеным з усіх бакоў зверам. Нябось гэтымі партрэтамі ўсе слупы ўклеены. Рвані, пакуль цэлы-здаровы, назад у Мінск,— на першым жа прыпынку ссадзяць. I зноў высвятляй адносіны, спавядайся перад чарговым начальнікам міліцыі. Тут хоць Саўчук выручыў, а там?.. Хутчэй у гасцініцу! Ды як у гасцініцу з такой фізіяноміяй ды чорт ведае з якім дакументам совацца? Тым больш — у рэдакцыю… Дзеці на вуліцы і тыя глядзяць як на бандзюгу, разбойніка з вялікай дарогі…

I барада, што гадаваў з такім стараннем, барада, якая была адметнай, элітарнай прыкметай любімцаў муз, зараз здалася ганебным кляймом, мо нават прычынаю ўсіх прыкрых бед-няшчасцяў, што падпільноўваюць на кожным кроку, звальваюцца, як снег на галаву. Больш таго, узнікла нейкае дзіўнаватае адчуванне, быццам варта толькі збавіцца гэтай агіднай шушалеўскай барады, як усё пачнецца па-іншаму…

Завурчэў, выехаў з варот і спыніўся ля пад’езда матацыкл з двума міліцыянерамі. Кінуўся да іх:

— Дзе тут у вас цырульня?

Міліцыянеры насмешліва, нават здзекліва агледзелі яго з ног да галавы, той, што быў за рулём, паказаў:

— Во там, на плошчы. Проста і проста, нікуды не зварочваючы…

Стрымгалоў кінуўся направа, намагаючыся не заўважаць нікога, не зважаць ні на што. Вуліца была бязлюдная, аднак здавалася, з кожнага двара, з кожнага акна на яго глядзяць. сотні вачэй, тыцкаюць пальцамі: Шушаль, Шушаль, Шушаль…

Яшчэ здалёк прыкмеціў непамерна вялікую вывеску: «Парикмахерская», не пераводзячы дыху, узбег па сходках на другі паверх, тузануў дзверы…

О жах — яны былі на замку!..

Учора, садзячыся ў аўтобус, верыў, што, як толькі выедзе за Мінск,— усе беды-нягоды, бы пералётныя касыя восеньскія дажджы, застануцца ззаду, у мінулым. Спадзяваўся, што ў раённым гарадку, куды гнаны лёсам, ехаў пачынаць новае жыццё, набудзе жаданы спакой, раўнавагу, упэўненасць у сабе, якіх даўным-даўно не мае па нечай злой волі ці проста такім дзіўным збегу акалічнасцей. Быццам усе і ўсё, нават сама прырода, супроць яго, бы нехта ўсясільны, усемагутны, немаведама за што помсцячы, праследуе неадступна, праследуе, каб удосталь насмяяцца, наздзекавацца. Во і кроку не паспеў ступіць, каб пачаць новае жыццё — і анекдатычнае затрыманне, начлег у КПЗ, мярзотны барадаты двайнік… Нават цырульня на замку! Падобна, што змрочная палоса бед-няўдач, ад якой намерыўся ўцячы, пацягнулася шлейфам, насцігла, і няма ад яе ні збавення, ні паратунку. Можна падумаць, што чорны чараўнік, злая фея падсунулі яму нейкі антыталісман… Тут хочаш не хочаш, а можна паверыць у чартаўшчыну альбо звіхнуцца…

Нервова пахадзіў ля замкнёнай цырульні, тырчэць тут не хацелаея, збочыў у зарослы кустоўем скверык насупроць царквы. Апалага лісця тут не ўбралі, і яно, учарнелае, падгнілае, раскіслае, яшчэ больш узмацняла няўтульнасць і золкасць дня. У зацішку знайшоў прамоклую чорную лаўку, на якую аж сядаць было страшна… Думаў, адкуль усё гэта пачалося, з якой нагоды, з чыёй ласкі трапіў у гэтую змрочную палосу? Хто і калі падсунуў той злавесны антыталісман? Калі, з чаго ўсё гэта пачалося?.. А ці не з таго прыкрага сватаўства, той жаніцьбы? Магчыма… Першую ж аплявуху атрымаў менавіта тады, ад хлопцаў, можна сказаць, ад сяброў, з кім пяць гадоў душа ў душу пражылі ў адным пакоі, па пуду солі, па цэнтнеру камсы з’елі… Тройчы крыўдна было атрымаць ад іх аплявуху…

На цяперашні розум, канечне, трэ было маўчаць, прыкусіўшы язык. Усё роўна іх вясёлае студэнцтва кацілася да фінішу, прыходзіў канец іх дружнай суполцы. Дыплом у кішэнь — і кожны сам сабе гаспадар, кожны сам сабе мудрэц… Распісаліся б ціхенька — і ніхто нічога не ведаў бы… Хм, на сённяшні розум… На сённяшні розум, і блізка не было б таго вяселля, на сённяшні розум, паехаў бы, як Алесь Саўчук, Грышка Багдзевіч, Коля Мікітчук — чалавекам быў бы…

Хлопцаў тады здзівіла, збянтэжыла, абурыла, канечне, не столькі яго паспешлівае рашэнне, колькі тое, што жэніцца не з «Лірыкай», а з мінчанкай Талінай, пра якую яны толкам ведаць не ведалі, у вочы не бачылі…

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже