«Лірыка»… Мілая і гордая філфакаўка Люба-Любачка… Як сёння гучыць твой непаўторны пявучы голас, звонкі смех, жывуць у памяці твае то гарэзна-смяшлівыя, то сурова-строгія шэрыя вочы. Дзе ты цяпер, што з табою, ці знайшла сваё шчасце? Ён не ведае і, магчыма, ніколі ўжо не даведаецца…

I сёння не можа разабрацца, што гэта было: першае сапраўднае каханне ці нешта іншае. Пэўна, каханне, бо ніхто, а толькі яна, Люба-Любачка, успамінаецца светла, прыходзіць у сны, ад згадкі толькі пра яе шчымліва смыліць сэрца, а кроў у скронях аддаецца пахавальным звонам, па нечым няздзейсненым, згубленым і загубленым на векі-вечныя… Не, не тупее з гадамі боль, не згладжваецца віна — Люба-Любачка застаецца і, мабыць, назаўжды застанецца самай болевай кропкай на яго сумленні…

Вядома ж, не хацеў, думаць не думаў, што можна пакрыўдзіць, абразіць. калі, паяснічаючы перад філфакаўкамі, ляпнуў пра яе — «мая лірыка». Ці ж мог здагадацца, што яны, каб павыскаляць зубы, а мо проста з зайздрасці, падхопяць, разнясуць ледзь не па ўсім універсітэце гэтую яго прыдуркаватую «лірыку», і яна прыліпне мянушкай, будзе аж тры гады псаваць кроў Любе-Любачцы? У яе, праўда, хапала розуму не зважаць альбо пераводзіць на жарты, але не цяжка было бачыць, чаго каштуе, якой цаною даецца ёй гэтае незважанне, гэтыя выратавальныя жарты. Асабліва — калі сварыліся і ён ва ўсіх на вачах заляцаўся да іншых дзяўчат. А сварыліся даволі часта, і ўсё з-за аднаго…

Люба-Любачка, у адрозненне ад шматлікіх паклонніц, была не дужа высокай думкі пра яго творы, дазваляла іншы раз сабе такое, чаго не дазвалялі нават самыя строгія і прыдзірлівыя літкансультанты. Не ведаў, дзівіцца ці злаваць, але яна, бывала, ледзь не слова ў слова паўтарала, што казалі літкансультанты, бы прысутнічала там, бы чытала думкі на адлегласці. I гэта амаль заўсёды канчалася разрывам, на злосць ёй пачынаў хадзіць з дзяўчатамі, якія млелі ад яго вершаў. Але ўжо дні праз два-тры нейкая невядомая сіла зноў пачынала цягнуць да яе, гордай, непакорлівай, калючай, нязручнай. Хто ведае, мо таму і ружа-кветка такая жаданая і вабная, што яна заўсёды з шыпамі...

Каб пасварыцца — дастаткова некалькі хвілін, каб памірыцца — патрэбны дні, тыдні, іншы раз месяцы.

I тады аднакурсніцы праходу не давалі Любе-Любачцы сваімі не дужа далікатнымі і тактоўнымі кепікамі наконт «лірыкі» і яго «лірычных адступленняў» — лічылі, што гэта надта ж дасціпна і смешна. Яна была ў тысячу раз прыстойней і чысцей за кожную з іх, і яны з езуіцкім жаноцкім каварствам, мусіць, не хацелі дараваць ёй чысціні. А да чыстага ўсё прыліпае, на чыстым кідаецца ў вочы кожная плямка…

Але, бадай, самую-самую пляму пасадзіў на Любу-Любачку, канечне, ён…

У той вечар прачытаў ён новую нізку вершаў, якія лічыў сваёй несумненнай творчай удачай, спадзяваўся надрукаваць у самым рэспектабельным часопісе. На гэты раз чакаў пачуць ад яе…

— Андрэйка…— неяк сцішана сказала яна.— Ты ж, вядома, хочаш праўду?

— Канечне…—- насцярожыўся ён.

— Даруй, але чаго ты бярэшся пісаць, пра што кепска ведаеш, што цябе самога не хвалюе? Не злуй, але, разумееш, словы ў цябе тут нейкія… ну-у, бы асеннія лісты: прыгожыя, яркія, кідкія, ты, даруй, нейкія нежывыя, мёртвыя, халодныя…

Гэта было ўжо занадта — узарваўся: шмат ты разумееш! Ды ты!..

Дадому вярнуўся злы, а тут яшчэ хлопцы: ну што, адбрыла Лірыка? I ўзыграў, ашалеў подлы мужчынскі эгаізм… Ляпнуў, пахваліўся, што даўно… То была, вядома, выдумка, непрыстойная, брудная, тут жа схамянуўся, апомніўся, але слова — не верабей… Дзякаваць богу, хлопцы, відаць, так і не паверылі, бо плётка не выпаўзла з пакоя…

3 таго часу (балазе, быў апошні курс) не ставала смеласці глянуць ёй у вочы, як і не хапала мужнасці прызнацца хлопцам, што збрахаў…

Нечаканую вестку, што намерыўся ажаніцца, прытым звязацца вузамі Гіменея не з Лірыкай, а з мінчанкай Талінай, з якой нядаўна выпадкова пазнаёміўся, хлопцы ўспрынялі глуха і нема. К вечару, праўда, вывесілі экстраны выпуск пакаёвай «Маланкі», дзе пракаменціравалі навіну. Урэзалася ў памяць:

Наш Андрэй падумаў дужа

I адкрыццём уразіў нас:

Як не стаць сталічным мужам —

Няма ходу на Парнас.

Трохі пакрыўдзіў гэты «спецвыпуск», але не падаў знаку: тады не мелі звычкі крыўдзіцца — жарты ёсць жарты, і чым дасціпней — тым весялей.

Але каб на тым усё скончылася! Эпіграмка — бяскрыўдная сяброўская хохмачка ў параўнанні з тым, што адбылося пасля, калі прагаварыўся: хлопчыкі, і прозвішча ў мяне будзе жончына, запомніце — Андрэй Бяскуднікаў! Ну як?!

Спярша ўспрынялі гэта як няўдалы розыгрыш, на што ўсе былі майстры. Закарагодзілі, плаксіва галосячы: ах, нявестачка, ах, сябровачка, на каго ж ты пакідаеш нас… Потым дружна схамянуліся, бы раптоўна прадверазелі:

— Ты што, прыдурваешся ці…

— На жаль, браточкі, праўда. Горкая, сярмяжная праўда. Мне паставілі ультыматум…

— I ты-ы???

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже